Адзіная гміна ў Польшчы, дзе перамог Мэнцэн, заселеная беларусамі. Але галасавалі не яны
У падляшскіх Дубічах Царкоўных размешчаныя польскія вайскоўцы, высланыя на ўмацаванне мяжы. Менавіта яны аддалі галасы за ультраправага антыўкраінскага лібертарыянца, піша выданне Krytyka Polityczna.

Журналістка Паўліна Сегень (Paulina Siegień) на старонках выдання Krytyka Polityczna звяртае ўвагу на нечаканы вынік першага туру прэзідэнцкіх выбараў у гміне Дубічы Царкоўныя, дзе яна жыве. Пераможцам там стаў ультраправы кандыдат Славамір Мэнцэн.
Па словах аўтаркі, у гэтым няма ніякай загадкі. Усё тлумачыцца тым, што амаль палова выбаршчыкаў з'яўляюцца вайскоўцамі.
На трох выбарчых участках, размешчаных на тэрыторыі гміны, было выдадзена 1003 бюлетэні. З іх 247 чалавек прагаласавалі па спецыяльных пасведчаннях — гэта значыць, яны не жывуць тут пастаянна, але мелі дазвол прагаласаваць у гэтым месцы. Акрамя таго, яшчэ 206 чалавек унеслі сябе ў выбарчыя спісы перад выбарамі, хоць раней у іх не былі запісаныя. Гэта разам дае 453 чалавекі, якія не з'яўляюцца сталымі жыхарамі гміны. А гэта — амаль палова ўсіх, хто прагаласаваў.
Па выніках галасавання Мэнцэн атрымаў 326 галасоў, Тшаскоўскі — 205, Наўроцкі — 156, Браўн — 98. Дубічы Царкоўныя сталі адзінай гмінай, дзе кандыдат Канфедэрацыі ў першым туры перамагаў.
Але нават у такой маленькай гміне бачныя розніцы ў размеркаванні галасоў паміж трыма ўчасткамі.
Там, дзе галасавалі вайскоўцы (іх масавую прысутнасць пацвярджаюць члены камісій), а менавіта ў саміх Дубічах Царкоўных, Мэнцэн атрымаў больш галасоў, чым Тшаскоўскі з Наўроцкім разам. Але ўжо ў Старым Корніне Рафал Тшаскоўскі апярэдзіў Мэнцэна на адзін голас (37 супраць 36), а Галоўня перамог Браўна (24 супраць 21).
На тэрыторыі трэцяга ўчастка ў Войнаўцы, які ахоплівае вёскі непасрэдна каля мяжы з Беларуссю, сітуацыя таксама розніцца ад дубіцкай. Там перамог Тшаскоўскі, за ім Мэнцэн, потым Галоўня і Беят, а пасля іх Караль Наўроцкі.
«Войска хоча змагацца з мігрантамі, а не з Пуціным», — б'е трывогу Паўліна Сегень.
Як заўважае аўтарка, вынікі выбараў у гміне Дубічы Царкоўныя мала гавораць пра меркаванні мясцовых жыхароў, затое шмат — пра стан польскага войска. Хоць Польшча мае найбуйнейшую армію ў ЕС і выдаткоўвае найбольш ад ВУП на абарону, гэта мала што значыць, калі ў самім войску пануюць, фактычна, прарасійскія настроі.

Высокі ў Дубічах Царкоўных вынік Мэнцэна ў спалучэнні з вынікам Браўна паказвае, што многія вайскоўцы — людзі, якія павінны бараніць дзяржаву, — на самой справе настроеныя супраць яе асноў. Салдаты, якія самі з'яўляюцца часткай бюджэтнай сферы, падтрымліваюць партыі, што выступаюць за прыватызацыю, скарачэнне дзяржаўных паслуг і слабую дзяржаву.
Хоць Мэнцэн у сваёй кампаніі мала гаварыў пра вайну, армію ці абарону, ён ясна выказваўся за тое, каб людзі самі плацілі за ахову здароўя і адукацыю. І калі так — чаму б не «прыватызаваць» таксама і бяспеку? Тым больш што Канфедэрацыя выступае за тое, каб кожны мог свабодна валодаць зброяй. Па сутнасці, гэта азначае, на погляд журналісткі, перадаць функцыю бяспекі ў прыватныя рукі.
Урэшце, пра якую вайну з Расіяй гаворка? Мэнцэн адкрыта заяўляў, што Украіна павінна саступіць, а з Пуціным трэба дамаўляцца. І, відаць, гэтая пазіцыя падабаецца салдатам, што стаяць на мяжы.

Ім бліжэйшая ідэя «вайны з мігрантамі і праваабаронцамі», піша Сегень, чым супрацьстаянне аўтарытарным рэжымам. Але ж, заўважае аўтарка, калі Украіна прайграе ці будзе «мір з Пуціным», гэта стане рэальнай небяспекай для Польшчы — значна большай, чым мігранты.
Такая сітуацыя, на погляд журналісткі, сведчыць пра «нізкі ўзровень класавай свядомасці ў польскай арміі і слабасць палітрукоў».
Вынікі галасавання ў Дубічах Царкоўных, даводзіць Сегень, — «сур’ёзны сігнал для абедзвюх партый, што складаюць польскі палітычны дуапол — колькі б цёплых слоў пра гераізм салдат ні казалі былы і цяперашні прэм’ер, колькі б ні ўздымалі эга хлопцаў і дзяўчат у форме міністры абароны, колькі б ні павышалі заробкаў і ні давалі надбавак, колькі б ні будавалі платоў і сістэм «Усходні шчыт» — у выніку ўсю гэтую падтрымку салдаты ўсё роўна «выплачваюць» галасамі за Мэнцэна і Браўна».
Варта адзначаць, што вайскоўцы ж не галасавалі за Мэнцэна неяк асабліва. Проста ў іх узроставай катэгорыі — 18—39 — Мэнцэн перамагаў. Яны галасавалі так, як і ўсе іншыя маладзейшыя палякі.

Больш чытайце пра гэта ў нашым артыкуле: Што за Мэнцэн і Зандберг і чаму маладыя палякі масава галасавалі за іх?
Каментары
Заклікаюць выконваць патрабаванні Крамля