Грамадства55

Былы палітвязень Шафарэнка: Не чапаць нашых родных — адна з умоў угоды з амерыканцамі

Якаў Шафарэнка не з тых палітвязняў, чые імёны на слыху. Ягонага партрэту не насіла з сабой Святлана Ціханоўская, ягонай фатаграфіі не вывешвалі на стэндах Еўрапарламенту. Ён — адзін з тых дзясяткаў тысяч затрыманых пасля жніўня 2020‑га і адзін з тых тысячаў, хто правёў за кратамі амаль пяць гадоў — «за нашу і вашу свабоду». «Белсат» паразмаўляў з гэтым звычайным чалавекам, які верыў, спадзяваўся, вытрымаў і не зламаўся.

Якаў Шаферэнка
Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня,6 кастрычніка 2025 года. Фота: «Белсат»

«Пазнаеш сябе?»

У 2020‑м Якаву было ўсяго 20 гадоў. 9 жніўня ён прыйшоў галасаваць на свой участак у Берасці: каля ўваходу валанцёры лічылі людзей з белымі стужачкамі або бранзалетамі — такіх была відавочная большасць. Увечары ён убачыў вывешаныя «папярэднія вынікі» з 80 % за ўладу і адчуў сябе падманутым. Разам з дзяўчынаю пайшоў у цэнтр, але, убачыўшы затрыманні, маладзёны сышлі.

На наступны дзень ён вярнуўся ўжо з сябрам — і зразумеў, што ён не ў цэнтры свайго роднага і любімага Берасця, а ў зоне баявых дзеянняў. Сілавікі кідалі святлошумавыя гранаты і стралялі, ладзілі «сафары», палюючы на адзіночак і невялікія групы. Людзі ўзяліся за брук, сметніцы і лаўкі — не для атакі, а каб спыніць тэхніку і выйграць час: даць параненым сысці і самым разысціся дварамі.

— Ад вашых дзеянняў пацярпелі сілавікі?

— Не. Я кінуў некалькі аскепкаў бруку на праезную частку, дзе нікога не было. Да кардону было больш за 50 метраў — я фізічна не мог дакінуць. Мэтаю было спыніць прасоўванне тэхнікі, а не параніць кагосьці.

Тую ноч Якаў запомніў на ўсё жыццё. А сілавікі — зафіксавалі.

У снежні затрымалі Стаса — сябра, з кім Якаў выйшаў у цэнтр 10 жніўня. Праз пару дзён затрымалі і яго самога.

— На трэці дзень у ІЧУ зайшлі трое ў цывільным, завялі ў кабінет. Адзін адкрыў ноўтбук, уключылі запіс з пратэстаў: з трох метраў буйным планам, як я замахваюся. Спыталі: «Пазнаеш сябе?» І адразу: «Пішы». Ніякага адваката. Далі ліст і асадку — я напісаў тлумачэнне, яны забралі, ні пратакола, ні копіі мне не далі. Вярнулі ў камеру, а яшчэ праз трое сутак перавезлі ў СІЗА.

На Якава завялі крымінальную справу. 8 лістапада 2021 года суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых закалотах») і прызначыў 5,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, Літва. 6 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, 6 кастрычніка 2025 года. Фота: «Белсат»

— Вы чакалі, што вам дадуць пяць з паловай гадоў?

— У самым пачатку шмат хто наогул не верыў, што нас пасадзяць: думалі, максімум — штраф, «хімія» ці хатні арышт. Да канца лета 2021‑га мы разлічвалі на тое, што справядлівасць возьме верх. Але калі па нашай «берасцейскай справе» пайшлі першыя прысуды, то я стаў арыентавацца на «ад чатырох і вышэй». Так што так, я быў маральна гатовы.

Шклоўская папраўчая калонія: «ломка» на каранціне і «пракажоныя» палітвязні

Адбываць пакаранне Якава адправілі ў ПК № 17 у Шклове. Але спачатку яму давялося прайсці «курс маладога вязня» — каранцін, два тыдні «ломкі» для новенькіх. Новапрыбылых ставяць у шарэнгі, ганяюць па камандах, адпрацоўваюць звароты і адказы хорам.

— Гэта як?

— Ставяць у шэраг, начальнік выходзіць: «Добры дзень, грамадзяне асуджаныя». Усе адказваюць: «Добры дзень, грамадзянін начальнік». Далей — паварот, даклад, «пытанняў няма, грамадзянін начальнік» — і па крузе, наступны зняволены. Уключаюць тэлевізар і мікрафон — даводзілася спяваць гімн, як у караоке. Сэнс просты: паказаць, як «тут усё ўладкавана», і адбіць жаданне задаваць пытанні.

Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, Літва. 6 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, 6 кастрычніка 2025 года. Фота: «Белсат»

Побыт у калоніі выглядаў прымальна: у атрадах — рамонт, тэлевізары, зразумелы распарадак. Але асаблівае стаўленне да «палітычных»: «не павітаўся», «размаўляў у страі», «не так адказаў». Асаблівыя і ўмовы: кніг не выдаюць, у царкву і спартзалу нельга. Ліставанне — толькі з блізкімі сваякамі, спатканняў практычна няма (у Якава была ўсяго адна сустрэча з маці ў пачатку тэрміну). У некаторых атрадах «палітычным» забаранялі карыстацца чайнікамі і тэлевізарамі, у той час як у звычайных вязняў такіх абмежаванняў не было.

— Ставіліся як да пракажоных. Але на ўсю чорную працу — нас першых. І любое дробнае «парушэнне» — адразу рапарт і ізалятар.

Якаў у калоніі сем разоў пабываў у ШІЗА, агулам правёў там 70 дзён. Адзін раз — узімку, з адчыненай форткай у 20‑градусны мароз. Ён абмарозіў ногі, і з таго часу кожнае пахаладанне нагадвае яму пра гэта паколваннем у канцавінах.

— Кім вы працавалі ў калоніі?

— Улетку мы лілі брук з цэменту — гэта сезонная праца: канец вясны, лета і пачатак восені. У астатні час нас пераводзілі ў дрэваапрацоўчы цэх: збіралі скрыні пад боепрыпасы — пад снарады, супрацьпяхотныя міны, паддоны, шпулькі пад кабельныя барабаны.

Адзін год займаліся некваліфікаванаю працаю: разбіралі кабелі — асобна метал, медзь або алюміній, асобна свінцовыя абалонкі, асобна ізаляцыю. Плюс была «другая змена» пасля асноўнай працы: насілі будматэрыялы, узімку прыбіралі снег і лёд, у цёплы час працавалі на «каменяломнях» — драбілі стары асфальт з абʼектаў калоніі і бракаваную цэглу пасля рамонтаў. Фармальна гэта былі работы па ўпарадкаванні, і яны былі на добраахвотных пачатках. Але за адмову ў іх браць удзел адпраўлялі ў ШІЗА.

Катаванне надзеяй і ўплыў «расійскай алігархіі»

— Вам прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні?

— Так. Прыехаў пракурор, са мною правялі гутарку і паклалі аркуш з шаблонам: «паддаўся ўплыву экстрэмісцкіх тэлеграм‑каналаў, прашу Аляксандра Лукашэнку памілаваць…» Я ім кажу: калі мяне забралі, то і каналаў такіх не было. «Ну тады пішы «паддаўся эфекту натоўпу». Я падпісаў прашэнне 25 ліпеня 2024‑га.

Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, Літва. 6 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, 6 кастрычніка 2025 года. Фота: «Белсат»

І пачалося катаванне надзеяй. Кагосьці, хто напісаў памілаванне, выпускалі. Якава — не.

— Бачыш, як хлопцы збіраюць рэчы і выходзяць, а ты застаешся. У нейкі момант я «перагарэў». Проста змірыўся з тым, што адсяджу свой тэрмін да канца.

Яму заставалася ўсяго тры месяцы да канца тэрміну, калі яго «вызвалілі» і выправадзілі ў Літву.

— Ці былі нейкія «званочкі» перад вераснем 2025 года?

— Быў цэлы звон — дэпутат Ігар Марзалюк. Ён прыязджаў да нас у калонію раз на год і чытаў лекцыі пра тое, што ва ўсім вінаваты калектыўны Захад, што «экстрэмісты — ворагі народу» і няма нам прабачэння. А ў жніўні гэтага года ягоная рыторыка змянілася. У падзеях 2020‑га ён чамусьці абвінаваціў «расійскую алігархію». Сказаў, што Амерыка не мела да гэтага ніякага дачынення, бо тады прэзідэнтам ЗША быў Дональд Трамп. І толькі калі да ўлады прыйшоў Джо Байдэн, сітуацыя змянілася. А скончыў ён свой выступ пасылам, што «трэба ўмець дараваць».

Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, Літва. 6 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, 6 кастрычніка 2025 года. Фота: «Белсат»

Якаў успамінае, што 10 верасня на вытворчасці да яго падышоў камендант і загадаў тэрмінова зʼявіцца на пункт пропуску паміж жылой і прамысловай зонамі. Маладзён падумаў, што яго чарговы раз адправяць у ШІЗА або ПКТ. Але яго разам з рэчамі адправілі ў каранцін — там у яго ўсё канфіскавалі, пакінулі толькі спартовыя нагавіцы, майку, красоўкі, гадзіннік, брытву і некалькі фатаграфіяў. Разам з ім у камеры каранціну былі яшчэ шасцёра чалавек — палітвязні і некалькі замежнікаў.

— У ноч на 11 верасня я наагул не змог заснуць — усю ноч правёў у чаканні і невядомасці.

Раніцай групу вывелі да шлюзу прамзоны. Людзі ў цывільным, у масках і са зброяй пасадзілі групу ў мікрааўтобус без нумароў, пытанняў загадалі не задаваць. У раёне «Каменнага Логу» ўсіх па адным перасадзілі ў вялікія аўтобусы, якія рушылі да мяжы.

На літоўскім баку ў салон зайшоў мужчына сталага веку [гэта быў Джон Коўл. — Заўв. рэд.] з перакладчыкам і сказаў: «Вы вольныя».

«Прачнуўся а шостай і баяўся расплюшчыць вочы»

У Вільні Якава і яшчэ некалькіх палітвязняў пасялілі ў апарт-гатэль.

— Калі вы зразумелі, што вы вольныя?

— На наступны дзень. 12 верасня я прачнуўся паводле раскладу а шостай раніцы. Некалькі секундаў баяўся расплюшчыць вочы — раптам ізноў убачу нары. Расплюшчыў — цішыня, звычайная столь, ніякага «падʼём, шыхтуйся». Падышоў да акна і паглядзеў на вуліцу: людзі ідуць, хтосьці выгульвае сабаку, ездзяць аўтамабілі. І я паваліўся на ложак і яшчэ некалькі хвілін проста ляжаў і ўсведамляў, што я на волі, што пяць гадоў пекла скончыліся.

У тую ж раніцу прыехалі валанцёры, Якаву і іншым выдалі тэлефоны, базавы камплект адзення. Неўзабаве яго адправілі ў літоўскі санаторый на дзевяць дзён — прыйсці ў сябе пасля калоніі.

— Як вам яшчэ дапамагаюць?

— Нам дапамагаюць афармляць дакументы ў Дэпартаменце міграцыі. Нам аплачваюць нам жытло. Беларускі дом правоў чалавека выдаў разавую выплату 500 еўра, яны таксама абяцаюць пакрыць два месяцы доўгатэрміновай арэнды кватэры. BYSOL выдаў дзве тысячы еўраў з тых сродкаў, што збіралі на дапамогу палітвязням.

Былы палітвязень Якаў Шафарэнка падчас прэс-канферэнцыі вызваленых палітвязняў. Вільня, Літва. 12 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Былы палітвязень Якаў Шафарэнка падчас прэс-канферэнцыі вызваленых палітвязняў. Вільня, 12 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»

Але не менш важная дапамога, якую Якаву надае замацаваная за ім ментарка Святлана: ад побытавых пытанняў і паўсядзённых справаў да звычайнага чалавечага: разам схадзіць у музей, падабраць адзенне і заехаць на вячэру да ейнай сямʼі. Яна таксама перадала яму ноўтбук — за ім Якаў праводзіць амаль увесь вольны час, спрабуючы разабрацца, як усё змянілася за пяць гадоў.

— Яна як мама, — сарамліва кажа Якаў.

Цяпер ён займаецца здароўем: у калоніі ў маладога здаровага чалавека выпалі тры зубы, а цяжкая фізічная праца выклікала кілу.

Новы пункт адліку

— Хто ў вас застаўся ў Беларусі?

— Мама, айчым. Спадзяюся зрабіць ім візы, каб яны маглі са мной сустрэцца.

— Вы не баіцеся нейкага ціску з боку ўладаў Беларусі на іхні адрас?

— Амерыканцы папрасілі адразу ж паведамляць пра такія сігналы. Кажуць, не чапаць нашых родных — адна з умоваў угоды.

Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, Літва. 6 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, 6 кастрычніка 2025 года. Фота: «Белсат»

— А вашая дзяўчына?

— Калі я зразумеў, што мне дадуць вялікі тэрмін, я напісаў ёй цяжкі ліст, у якім разарваў стасункі. Яна не захацела змірыцца — прыходзіла да маіх родных, пісала, наведвала судовыя паседжанні. Але я разумеў, што гэта турма для абаіх — толькі я буду адбываць тэрмін у калоніі, а яна такі ж мой тэрмін — прывязанай да мяне на волі. Таму…

— Якія ў вас планы на найбліжэйшую будучыню?

— Пайсці працаваць. Разглядаю розныя варыянты: магчыма, таксістам, ёсць прапановы пайсці на дрэваапрацоўчую вытворчасць, запрашалі таксама ў кампанію, што аднаўляе ноўтбукі і камп'ютары.

Але для гэтага, разважліва кажа хлопец, трэба для пачатку легалізавацца ў Літве і атрымаць усе неабходныя дакументы. Ён таксама думае пра адукацыю.

— Мне 25, вышэйшай адукацыі няма. Хачу вучыцца. Пакуль не ведаю, якую спецыяльнасць хачу атрымаць і ў якую ВНУ пайсці — мне ўсё цікава: і аўтамабілі, і камп'ютары. Але вучыцца дакладна буду.

Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, Літва. 6 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Былы палітвязень Якаў Шафарэнка. Вільня, Літва. 6 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат

— Ёсць адчуванне, што ўсё пачынаецца з нуля?

— Так, але тут старт лепшы, чымся ў Беларусі. Там мяне чакалі б гады нагляду да пагашэння судзімасці і таўро экстрэміста — з такім наўрад ці знойдзеш нармальную працу.

— Пры якіх абставінах вернецеся ў Беларусь?

— Пры змене ўлады і курсу — у заходнім кірунку.

— Калі б вас цяпер пачулі людзі, якія застаюцца за кратамі, што б вы ім сказалі?

— Трымацца. Не давайце сябе ламаць. Не верце, што «нікому не патрэбныя» — на волі вас памятаюць і чакаюць.

Каментары5

  • імя
    09.10.2025
    Трымайся, хлопча. Поспеху табе ва ўсім.
  • Лукашенко - член WEF
    09.10.2025
    імя, чернь когда это поймет?
  • Ну
    09.10.2025
    Нашых вашых, хто "вы"? Не ў тых пытаецеся, разумнік! "Тыя" Нашу Ніву не чытаюць. А тым больш - каментары на ёй.

Цяпер чытаюць

60‑гадовая п’яная беларуска ператварыла палёт з Парыжа ў Вільню ў кашмар3

60‑гадовая п’яная беларуска ператварыла палёт з Парыжа ў Вільню ў кашмар

Усе навіны →
Усе навіны

Азаронак: Трэба адмяняць да ядрэні фені ўсялякія выбары52

Беларускі дызайнер прадае звычайны камень з Нарачы за $20001

Беларускія дальнабойшчыкі ўсё часцей выбіраюць для працы Германію замест Польшчы і Літвы. Расказваюць пра заробкі10

Колькі сяброў можа быць у чалавека ў эпоху сацсетак? Навуковец падлічыў4

«Раней Марзалюк выступаў у калоніі, што экстрэмісты — ворагі народу. А апошні раз — што трэба ўмець дараваць»10

11‑гадовую школьніцу з Брэста збілі за парушэнне правілаў гульні2

Ізраіль і ХАМАС падпісалі дамоўленасці ў межах першага этапу мірнага плана

Верашчака — польская страва і польскае слова. Бондараўцы ў захапленні ад чарговага «доказу» неіснавання беларускай культуры21

Былы палітвязень Шафарэнка: Не чапаць нашых родных — адна з умоў угоды з амерыканцамі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60‑гадовая п’яная беларуска ператварыла палёт з Парыжа ў Вільню ў кашмар3

60‑гадовая п’яная беларуска ператварыла палёт з Парыжа ў Вільню ў кашмар

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць