Ад рэдакцыі2727

Не пішыце лісты палітвязням у калоніі, гэта бессэнсоўна

На жаль, у цяперашняй сітуацыі ніводзін палітвязень не атрымае ніводзін такі ліст. Лепш знайсці іншы спосаб дапамагчы чалавеку.

Па стане на 7 чэрвеня 2025 года ў Беларусі налічваецца мінімум 1188 палітвязняў

У Беларусі ёсць два тыпы палітвязняў.

Самае цяжкае становішча ў таго дзясятку (можа, і двух дзясяткаў) чалавек, якім абрубілі ўсе сацыяльныя кантакты і трымаюць у рэжыме інкамунікада — забараняюць любыя зносіны з роднымі. Ні спатканняў, ні званкоў, ні лістоў. Гэта найгрубейшае парушэнне лукашэнкаўскага ж заканадаўства. Але вырашыць гэту праблему без палітычнай волі самога Лукашэнкі ніхто не можа.

Астатнія 1100+ (1300+? 1500+ — ніхто дакладна не ведае) палітвязняў маюць якую-ніякую камунікацыю з роднымі. Шмат каму забараняюць спатканні, тым больш доўгатэрміновыя, шмат каго абмяжоўваюць у званках, шмат каму аддаюць не ўсе лісты ад родных. Але ўсё ж нейкі кантакт з сям’ёй у іх ёсць, хай і абрывісты.

Што аб’ядноўвае гэтыя дзве групы палітвязняў — тое, што ні тыя, ні другія не атрымліваюць лісты ад cяброў і ад незнаёмцаў. Такое нефармальнае правіла ў турэмнай сістэме ўвялі ў пачатку 2022 года, яно супала па часе з канстытуцыйным рэферэндумам і пачаткам поўнамаштабнай вайны, але цалкам можа быць, што было запланавана яшчэ перад тым, незалежна ад знешніх фактараў.

Звычайныя крымінальнікі атрымліваюць усе лісты ад сяброў, а палітвязні — ніводнага.

У правілах унутранага распарадку сілавікі прапісалі абцякальную фразу пра тое, што цэнзар абмежаваць перапіску з некаторымі людзьмі — але тады зняволенага павінны праінфармаваць пра гэта. Паколькі ў Беларусі часам не да законаў, то такую працэдуру ніхто не выконвае.

Калі ліст даслаў блізкі сваяк, імя якога занесена ў асабістую справу палітвязня, то, хутчэй за ўсё, канверт аддадуць. Калі адпраўляльнікам будзе любы іншы чалавек, то ліст проста знікне на нейкім этапе. Палітвязень нават не даведаецца, што яму пісаў «чужы».

Мы размаўлялі з былымі палітвязнямі, якія адбывалі пакаранне ў розных калоніях. Некаторыя людзі кажуць, што цэнзары дакладна прачытвалі ўсе лісты палітвязням, нават тыя, якія па змоўчванні не збіраліся выдаваць. А часам нават перадавалі іх аператыўнікам калоніі — каб тыя мелі яшчэ больш інфармацыі пра палітвязняў.

Іншыя кажуць, што не адчувалі нават намёку на тое, што адміністрацыя чытае «забароненыя» лісты і ведае іх змест.

Аднак у любым разе палітвязень ніколі не ўбачыць гэтыя лісты — ні ў моманце, ні падчас вызвалення. 

Раней сітуацыі была іншая. Напрыклад, калі Алесь Бяляцкі ў пачатку 2010-х трапіў у калонію ў Бабруйску, а міжнародныя праваабарончыя арганізацыі запусцілі хвалю салідарнасці з ім, штодня Бяляцкі атрымліваў дзясяткі лістоў з усяго свету. Цяпер у Горкі яму рэдка трапляюць нават лісты ад родных.

Новыя ўмовы вымагаюць новай стратэгіі дзеянняў. Калі хочаце падтрымаць палітвязня, недастаткова напісаць яму паштоўку, якая па факце проста апынецца ў сметніцы. Усе падобныя акцыі салідарнасці, якія часцяком праводзяцца за мяжой, страцлі сэнс і робяцца па інерцыі — каб рабіць «хоць штосьці». Можа, яны маюць тэрапетыўтычны эфект для саміх адпраўляльнікаў, але ўсё ж дэкларуемая задача — дапамагчы палітвязню. А яна не выконваецца.

Што ж рабіць?

1. Дапамажыце сям’і палітвязня. І тады ў яго родных будзе больш магчымасці дапамагчы яму самому.

Але рабіць гэта так, каб не падставіць ні сябе, ні іх. Проста перавесці грошы на картку — дрэнны варыянт, бо ў цяперашняй сітуацыі сілавікі манітораць грашовыя пераводы, атрыманыя блізкімі сваякоў палітвязняў.

Таму лепш знайдзіце родных палітвязня (ці іх сяброў, каб яны перадалі вашу прапанову) і спытайце, якая канкрэтна дапамога патрэбная. Аплаціць аздараўленне дзіцяці? Купіць сертыфікат на нейкія паслугі? Адвезці з цяжкімі сумкамі на спатканне? Пазаймацца з дзецьмі анлайн?

2. Дапамажыце тым, хто вызваліўся. Для многіх вяртанне да свабоднага жыцця яшчэ складанейшае чым тэрмін за кратамі.

Асабліва гаворка ідзе пра тых, хто вымушаны пачынаць новае жыццё за мяжой. Затое прынамсі атрымліваць грошы яны могуць без боязі, што сілавікі пацягнуць іх за гэта на допыт.

Грошы патрэбныя любому вызваленаму, але некаторым бракуе нават проста камунікацыі — можна прапанаваць і такую дапамогу.

3. Калі вы за мяжой і не маеце часу на тое, каб займацца адраснай дапамогай, проста перавядзіце грошы ў фонды салідарнасці (у «Байсол» ці любы іншы, якому давяраеце) — ці канкрэтнаму чалавеку, ці ў агульны кацёл.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары27

  • Хлусня
    07.06.2025
    Наша Ніва, выдаліце, калі ласка, артыкул і напішыце хутчэй абвярджэнне. Пісьмы ад сяброў не перадаюць толькі асобным палітвязням.
  • дызлайк
    07.06.2025
    за мяжой не складаней, чым заставацца у РБ. не трэба хлуснi
  • Вадзім
    07.06.2025
    Ну і ....
    Нават ня ведаю як назваць...

    Вы б хаця раз паглядзелі б на эмоцыі тых хто выйшаў, эвакуяваўся і пачытаў копіі таго што яму дасылалі, але не дайшло.. Людзям вельмі важна разумець, што ў той час пра іх хаця б памяталі, нават калі не маглі дапамагчы
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?8

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўскі: Я ж не ведаў, што людзі баяцца паказваць твары і баяцца за сваіх сваякоў! Я набіваю гузы сам43

Лідар магілёўскіх фанатаў пасля сутак збіраўся ва Украіну па свабоду, а цяпер ён за Лукашэнку, ГУБАЗіК і Расію9

«Баюся расчараваць прадаўца». Эксперт растлумачыў, чаму манета за 16 тысяч можа быць пераацэненай

Кіраўніцтва Грузіі напісала Трампу абразлівы ліст, калі той заступіў на пасаду6

Камароўскі рынак чакае глабальная рэканструкцыя

Народзе, нагадаем, што на «Нашай Ніве» можна каментаваць, лайкаць і дызлайкаць каменты. Вось якія механізмы бяспекі80

П’яны мінчук збіў дзвюх дзяўчат на касе ў краме5

Стала вядома пра вызваленне палітзняволенай мастачкі-аніматаркі Вольгі Рыбінай

У Мінску з'явіўся новы папрашайка. Вось на што ён просіць грошы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?8

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць