Здароўе11

Чаму ў сярэднім узросце наша талія павялічваецца? Прычына нечаканая

Навукоўцы знайшлі клеткі, што з узростам актывізуюць рост тлушчу ў жываце. Іх блакіроўка ў будучыні можа стаць асновай прафілактыкі атлусцення і метабалічных хвароб.

Фота: Ozgur Donmaz / Getty Images

Невялікі жывот у сярэднім узросце многія ўспрымаюць як непазбежны атрыбут сталення. Але тлушч у вобласці жывата — гэта не толькі эстэтычны дыскамфорт. Ён паскарае старэнне, парушае абмен рэчываў і павышае рызыку такіх сур’ёзных захворванняў, як дыябет 2 тыпу і хваробы сэрца. Доўгі час дакладна было невядома, чаму менавіта з узростам наша цела пачынае так лёгка назапашваць тлушч.

Як піша ScienceDaily, каманда даследчыкаў з амерыканскага цэнтра City of Hope і Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Лос-Анжэлесе знайшла адказ у клетках, якія знаходзяцца ўнутры тлушчавай тканкі. Яны засяродзілі ўвагу на белай тлушчавай тканцы — менавіта яна найбольш актыўна расце з узростам.

У ёй утрымліваюцца асаблівыя ствалавыя клеткі, вядомыя як прагеніторныя клеткі адыпацытаў (adipocyte progenitor cells — APC). Пад уплывам пэўных сігналаў арганізма яны могуць ператварацца ў тлушчавыя клеткі — адыпацыты.

Падчас эксперыментаў на мышах даследчыкі перасадзілі APC маладых і старых жывёл іншым мышам. І высветлілі: клеткі са старэйшых арганізмаў працуюць у «звышрэжыме» — яны хутка і ў вялікай колькасці ствараюць новыя тлушчавыя клеткі незалежна ад таго, у малады яны трапілі арганізм ці не. У той час як APC маладых жывёл такога не рабілі, нават калі траплялі ў цела старой мышы. Інакш кажучы, вінаватая не агульная фізіялогія, а ўзрост саміх ствалавых клетак.

Невядомы раней тып клетак: CP-A

Галоўным адкрыццём стала выяўленне новага тыпу ствалавых клетак, якія з’яўляюцца ў сярэднім узросце. Яны атрымалі назву CP-A (committed preadipocytes, age-specific). Гэтыя клеткі ўзнікаюць з APC і пачынаюць актыўна ствараць новыя тлушчавыя клеткі ў сярэднім узросце, што тлумачыць павелічэнне жывата, нават калі агульная вага цела застаецца стабільнай.

CP-A — гэта асаблівы тып клетак, які пачынае працаваць на поўную магутнасць менавіта з узростам, што адрознівае іх ад большасці іншых ствалавых клетак, чыя актыўнасць з часам зніжаецца.

Далейшыя эксперыменты паказалі, што актыўнасць CP-A рэгулюецца сігнальным механізмам — рэцэптарам інгібітару лейкеміі (LIFR). У маладых арганізмах гэты механізм амаль не ўдзельнічае ў тлушчаўтварэнні, але ў сталых — становіцца ключавым. Без яго CP-A не актывуюцца.

Навукоўцы праверылі свае высновы і на чалавечых узорах тлушчавай тканкі. Даследаванне паказала, што і ў людзей з сярэдняга ўзросту ў тлушчавых клетках з’яўляюцца CP-A. Яны таксама масава ствараюць новыя тлушчавыя клеткі. Гэта значыць, што працэс, адкрыты ў мышэй, дзейнічае і ў чалавечым арганізме.

Што гэта значыць для нас

Паводле даследчыкаў, разуменне таго, як менавіта з узростам арганізм пераключаецца на «рэжым тлушчаўтварэння», адкрывае новыя магчымасці для прафілактыкі ўзроставых метабалічных захворванняў.

У далейшым навукоўцы плануюць адсочваць паводзіны гэтых клетак у арганізме жывёл, вывучаць іх актыўнасць у чалавечай тлушчавай тканцы і распрацоўваць спосабы, як іх можна будзе блакаваць або знішчаць — каб прадухіліць узроставае назапашванне тлушчу. Гэта можа стаць асновай для новых стратэгій, якія дапамогуць людзям захоўваць здароўе і стройнасць на працягу многіх гадоў.

Каментары1

  • 1234
    10.06.2025
    Усё вельмі проста, трэба выйсьці з камфорту і перастаць бегаць за дафамінам, як гэта адбываецца ў цяперашні час. Раней у нашых продкаў не было машын, рэстаранаў і фаст фуда, а быў плуг, які не даваў зьяўленьня жывату

Цяпер чытаюць

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?13

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Усе навіны →
Усе навіны

Гросмайстар Нарадзіцкі, які раптоўна памёр у 29 гадоў, перад смерцю цяжка перажываў абвінавачанні з боку Крамніка2

Беларус расказаў, як быў гідам у Дудзя на Мадэйры — елі дранікі ў бары і гулялі ў футбол на стадыёне Раналду10

Лось ноччу зайшоў у цэх прадпрыемства пад Магілёвам, пафоткаўся і сышоў6

Прэм’ер Літвы пра кантрабандныя паветраныя шары: Перамоў з Беларуссю не будзе11

«Яшчэ адна дыверсія ў Еўропе на нафтаперапрацоўчым заводзе». Для чаго гэты новы фэйк прапаганды?3

«ІТ-бум, як у нас да 2020». Джун не знайшоў працу ў Мінску, а ў Ташкенце з рукамі адарвалі4

«Баста ўжо паклікаў на лэйбл». Хлопец з Гродна за месяц стаў рэперам, якога абмяркоўвае ўся постсавецкая прастора9

Завод «Гарызонт» і дочкі расійскіх банкаў трапілі пад санкцыі Еўрасаюза

Дзве трагедыі ў адной сям'і. Родная бабуля і суседзі пра зніклую ў М'янме Веру Краўцову і няшчасце, што здарылася чатыры гады таму8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?13

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць