У Літве знайшлі 10 з 25 аэрастатаў, праз якія закрывалі аэрапорт Вільні. Некалькі кантрабандыстаў затрыманыя
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вільмантас Віткаўскас заяўляе, што знойдзена дзесяць метэаралагічных балонаў, якія парушылі паветраную прастору Літвы, а праваахоўнікі затрымалі і падазраваных кантрабандыстаў, паведамляе LRT.

«Ёсць (знойдзеныя балоны) крыху больш, цяпер — дзесяць, ідуць актыўныя дзеянні паліцыі, тыя, хто арганізуе такія рэчы, кантрабандысты — таксама ідуць пэўныя пошукі, ведаю, што ёсць паспяховыя навіны пра гэту аперацыю», — сказаў у панядзелак В. Віткаўскас у эфіры LRT Radijas
Паводле яго, ёсць затрыманыя асобы, якія, як падазраецца, ехалі забраць груз кантрабандных цыгарэт, дастаўлены балонамі.
Паводле кіраўніка НЦКК, падобна на тое, што ў ноч на панядзелак новых балонаў, якія заляцелі, зафіксавана не было.
«Зводных дадзеных пакуль няма дакладных, але паводле першаснай інфармацыі, аэрастатаў візуальна не было зафіксавана, радары паказвалі адзін, але гэта можа быць пэўная памылка», — сказаў В. Віткаўскас. «Гэта была спакойная ноч, таго налёту, які быў учора, няма», — адзначыў ён.
У ноч з суботы на нядзелю паветраную прастору Літвы парушылі 25 метэаралагічных балонаў, запушчаных кантрабандыстамі з Беларусі. Імі перавозіліся цыгарэты.
З 13 балонаў, што дасягнулі Вільні, два ўвайшлі ў паветраную прастору сталічнага аэрапорта — ён быў зачынены з 22:16 да 4:50 раніцы. Абмежаванні закранулі ў агульнай складанасці каля 30 рэйсаў і 6 тысяч пасажыраў.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы раней у нядзелю паведаміла BNS, што аэрастаты маглі заляцець так далёка ўглыб краіны з-за спрыяльнага ветру, а кантрабандысты пачалі запускаць іх не з самай мяжы з Літвой, а крыху глыбей з тэрыторыі Беларусі: паколькі яны ўзлятаюць па пэўнай траекторыі, у дрэннае надвор’е памежнікі ўжо не заўважаюць іх высока ў небе.
Паводле дадзеных службы, уключаючы апошнія 25 лятальных апаратаў, сёлета зафіксавана ўсяго 501 кантрабандысцкі балон — у 2,2 раза больш, чым за ўвесь мінулы год (226).
Такімі аэрастатамі перавозяцца толькі цыгарэты.
Каментары