Меркаванні1515

Актуальная Катынь, ці З нагоды польскіх выбараў

Толькі люстрацыя — адкрыццё імёнаў катынскіх катаў — можа быць сведчаннем таго, што Расія за Катынь пакаялася. Піша Павел Падкарытаў.

Глядзеў тут на «Еўраньюс» сюжэт, прысвечаны выбарам прэзідэнта Польшчы. І вось што адзначыў — трое з чатырох апытаных варшаўскіх мінакоў заявілі, што Яраслаў Качынскі не можа быць добрым прэзідэнтам, бо, маўляў, занадта «зацыклены» на мінулым, на розных трагедыях, якія адбыліся з палякамі ў мінулыя часы. «Простыя палякі» кажуць: «Трэба забыць пра мінулае — яно цягне назад. А нам трэба рухацца наперад». Піша Павел Падкарытаў.

Цікава, што і расійскія СМІ (у гадавіну Катынскай трагедыі) навязліва прапаноўвалі палякам тое ж самае: забудзем пра мінулыя трагедыі, пойдзем разам у шчаслівую будучыню! Пра гэта ж заявіў і У. Пуцін, устаўшы на калені ля катынскага мемарыяла.

Прыдворная ліберальная грамадскасць прыйшла ад гэтага сімвалічнага жэсту ў экстатычнае захапленне і неадкладна палічыла «польскае пытанне» назаўсёды закрытым.

Але

я б на месцы палякаў не спяшаўся. Памятаецца, у адной з баек дзядулі Крылова быў такі сюжэт: воўк, думаючы ноччу залезці ў аўчарню, трапіў на стайню. І вось прыбеглі дваровыя людзі — хто з агнём, хто з дуб’ём. Прыйшоў і стары лоўчы. Воўк, разумеючы, што яго выратуюць толькі нестандартныя паводзіны, прапануе: забудзем мінулае, усталюем агульны лад! Лоўчы, памятаючы пра ранейшыя хітрыкі шэрага, яму не паверыў і нацкаваў на драпежніка ганчакоў. А вы б паверылі?
Для тых, хто Крылова не чытаў і выснову зрабіць не ў стане, прывяду іншы прыклад.

Вы доўга збіралі грошы на боты і вось прыйшлі на рэчавы рынак. Ля брамы ўбачылі гульню ў напарстак. Пастаяўшы трохі і зразумеўшы правілы гульні, вы раптам спакусіліся яе прастатой і вырашылі згуляць, тым самым памножыўшы свой капітал і — чым чорт не жартуе — атрымаўшы магчымасць набыць акрамя ботаў яшчэ і дублёнку! Ды і гледачы вакол вас настойліва раяць вам выпрабаваць лёс і свае здольнасці. Вы дасталі з патаемнай кішэні свае грошы — і вас неадкладна начыста абыгралі. Адразу пасля пройгрышу вам стала зразумела, што супраць вас зладжана дзейнічала цэлая хеўра ашуканцаў, у якую ўваходзяць і гульцы, і гледачы. І вось, каўтаючы слёзы крыўды, вы панура ідзяце дадому, праклінаючы ўласную даверлівасць і брыдкіх ашуканцаў…

Але боты, тым не менш, вам патрэбныя. Пазычыўшы грошай у сяброў і родных, праз тыдзень вы зноў ідзяце на рынак. І ля брамы зноў бачыце кампанію знаёмых махляроў. Яны зноў прапануюць вам паспытаць шчасця і згуляць з імі ў тую ж гульню. Што вы зробіце? Адмовіцеся? Але чаму? Яны ж, ласкава зазіраючы вам у вочы, кажуць: «Забудзем мінулыя крыўды! Зараз усё ў нас з вамі будзе па-новаму!». Паверыце? Вось і я пра тое ж.

Адносіны паміж краінамі і народамі, вядома, складанейшыя. З рынкавымі ашуканцамі вы можаце зусім не размаўляць, а народы стагоддзямі жывуць побач. І што — тупік? Закрыць мяжу бетоннай сцяной і не размаўляць? Не, вядома. І размаўляць, і ўзаемадзейнічаць далей давядзецца. Але трэба мець гарантыю, што партнёр, які ў мінулым жорстка падмануў вас, больш так не зробіць. Не трэба ўвесь час памятаць пра мінулае — можна вока страціць, згодна з рускай прымаўкай. Але забыўшыся на мінулае, можна страціць абодва вокі. Гэта ў той жа прымаўцы сказана. Так што

мае рацыю Качынскі — пра Катынь палякам забываць нельга. Памятаць пра гэта трэба заўсёды. А вось уводзіць папраўкавы «катынскі каэфіцыент» у адносіны з Расіяй трэба роўна да таго часу, пакуль Расія шчыра за Катынь не пакаецца. Пакуль такога раскаяння мы не назіраем.

Мне раздражнёна могуць заўважыць: Пуцін жа ўжо сказаў, што ў Катыні было здзейснена злачынства. Акрамя таго, ён так кранальна, «па-чалавечы» паводзіўся, прыляцеўшы ў Катынь пасля катастрофы самалёта Леха Качынскага! Чаго ж табе яшчэ трэба? Ведаеце, яшчэ з дзіцячай казкі я даведаўся, што кракадзілавым слязам верыць нельга. Нават калі гэтыя слёзы праліваюцца ў плячо польскаму прэм’еру. Хай Туск верыць гэтым слязам, калі яму так хочацца. А я не веру. Мне трэба ад іх іншае.

Я паверу ў пакаянне Пуціна і Мядзведзева (а ў іх асобах — і расійскай дзяржавы) за зробленае ў Катыні толькі тады, калі будуць рассакрэчаныя ЎСЕ матэрыялы катынскай справы, якія цяпер хаваюць у нетрах Генеральнай пракуратуры.

І перш за ўсё — спісы катаў. Усіх гэтых і да сёння невядомых Іванаў Іванычаў і Васілёў Пятровічаў, што пускалі кулі ў патыліцу польскім афіцэрам.
Я ўпэўнены, што гэтыя спісы — і ёсць самая важная дзяржаўная таямніца, гэтак дбайна хаваная пракурорамі. Я разумею, чаму дзяржава хавае гэтыя імёны, спрабуючы «перавесці стрэлкі» выключна на Сталіна і яго найбліжэйшае асяроддзе.

Калі склады расстрэльных камандаў будуць апублікаваныя, гэта можа прывесці ў здзіўленне і разгубленасць сучасных Іванаў Іванычаў — шараговых і не вельмі шараговых гэбістаў, жывёлападобных амапаўцаў, мільёны іншых сучасных вертухаяў.
«Як жа так! — загалосяць вертухаі. — Нашы дзяды і бацькі не шкадавалі сябе і іншых, выконваючы загады роднай краіны, а іх цяпер называюць катамі?». Так, менавіта так, непаважаныя мае!

Усе выканаўцы злачынных загадаў самі з’яўляюцца злачынцамі. Гэтую ісціну бясспрэчнай паказаў нам Нюрнбергскі трыбунал. Сутнасць нюрнбергскіх рашэнняў заключаецца ў тым, што злачынцамі з’яўляюцца і тыя, хто аддае злачынныя загады, і тыя, хто гэтыя загады непасрэдна выконвае. Толькі ўсведамленне гэтай простай ісціны можа ўтрымаць сучасных вертухаяў ад паўтарэння злачынстваў сваіх дзядоў і бацькоў.

Але я разумею, што расійскай дзяржаве гэта не трэба. Ёй якраз трэба, каб у патрэбны момант, атрымаўшы загад, амапавец без ваганняў збіў дручком маладых ці старых, што выйшлі на Трыюмфальную плошчу, гэбіст пракалоў кола аўтамабіля або ўкалоў парасонам якога-небудзь асабліва небяспечнага дысідэнта, расстрэльшчык без ваганняў застрэліў ля рова афіцэра чужой арміі, з дапамогай чарговага вераломства ўзятага ў палон.

Кругавая парука і замоўчванне — вось тыя дзяржаўныя гарантыі, якія дае мая краіна нанятым на службу вертухаям. Па-італьянску гэтыя рэчы называюцца «амерта». Кодэкс маўчання. На гэтым кодэксе трымаюцца мафіёзныя кланы. На «амерце» стаіць ад веку і расійская дзяржава. І няважна, як яна называецца, — вялікае княства, ці царства, ці імперыя, ці саюз або федэрацыя.

Толькі люстрацыя — адкрыццё імёнаў катынскіх катаў — можа быць сведчаннем таго, што Расія за Катынь пакаялася. І зрабіла правільныя высновы на будучыню.

Так што выбар за вамі, спадары палякі. Рухацца наперад, але абапіраючыся на досвед мінулага і давяраючы свайму партнёру толькі тады, калі ён справай даказаў сваё раскаянне за зробленае ў мінулым зло.

Ці зноў, чарговым разам забыўшы ўрокі гісторыі, сесці гуляць з Расіяй у яе вечны імперскі лахатрон.

* * *

Павел Падкарытаў (Екацярынбург) — расійскі бізнэсовец беларускага паходжання, дабрачынца беларускіх культурных ініцыятыў.

Каментары15

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай27

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Усе навіны →
Усе навіны

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы9

Пад Мінскам машына збіла лася — загінулі два чалавекі, пацярпеў вядомы комік2

У Расіі хлопец на «Лексусе» эфектна вылятаў на набярэжную дзеля прыгожага відэа. Загінуў сам і дзве сяброўкі15

«Вітаем на радзіме». Беларус распавёў пра затрыманне на мяжы за лайк і сапсаваны адпачынак10

У Італіі знайшлі цела 18-гадовай украінскай студэнткі. У дзень смерці ёй адмовілі ў працягу стажыроўкі

Начальнік сувязі 8-й арміі загінуў у выніку ўдару ўкраінскімі ракетамі

Толькі адзін выпускнік здаваў цэнтралізаваны экзамен па гэтым прадмеце3

Наталля Пяткевіч працягвае выгульваць амерыканскі гардэроб16

Кінолаг расказала пра просты тэст на выхаванасць сабакі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай27

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць