Меркаванні11

Пальцы адной рукі

Аб’яднаньне левых сілаў – гэта прадвесьнік зьяўленьня цывілізаванай палітычнай сыстэмы, у якой для папулістаў ды маргіналаў будзе прадугледжанае месца не ў прэзыдыюме, а на галёрцы.

Аб’яднаньне левых сілаў – гэта прадвесьнік зьяўленьня цывілізаванай палітычнай сыстэмы, у якой для папулістаў ды маргіналаў будзе прадугледжанае месца не ў прэзыдыюме, а на галёрцы. Піша Алесь Кудрыцкі.

Адна з самых вялікіх праблемаў апошняга часу – неймаверная блытаніна ў азначэньнях. Яна ніяк не дае нам паразумецца. Адно слова «дэмакратыя» чаго вартае. Для адных гэта – самы справядлівы лад, для іншых – пачвара зь сямю галовамі. Для кагосьці нацыяналісты – гэта фашысты, для іншых – гэта патрыёты. У сваю чаргу, апошнія словам «патрыёты» называюць «лукашыстаў» ды апартуністаў. А калі замежны журналіст прыяжджае да нас, а потым піша ў артыкуле пра «правых» ды «левых», то даўмецца, каго ён мае на ўвазе, найчасьцей проста немагчыма.

Асабліва дасталося дыхту тэрмінам «сацыялісты», «левыя» – надта шмат авантурыстаў ды круцялёў прыцягвае да сябе ідэя сацыяльнай справядлівасьці. Але калі мы адчынім першы нумар «НН» (1906 году), то ўжо ў рэдакцыйным артыкуле прачытаем, што газэта стваралася для таго, каб патрапіць «і пад стрэху бедной курной хаты мужыка-беларуса». Ці вось сёмы нумар «НН» – вялікае фота дэпутатаў першай Думы Аладзіна, Жылкіна ды Анікіна, якія «наймацней стаялі за народную свабоду і зямлю для працуючых на ёй». Пачытаеш артыкулы, вершы, апавяданьні, ды разумееш: «Наша Ніва» пачатку мінулага стагодзьдзя была газэта спрэс сацыял-дэмакратычная. І гэта натуральна: якія яшчэ погляды маглі быць сапраўды прагрэсіўнымі ва ўмовах расейскага манархічнага рэжыму?

Сацыялізм зь нечалавечым тварам

Савецкі лад ня толькі вынішчыў выбітных беларускіх сацыял-дэмакратаў фізычна – ён падмяніў само разуменьне пра ідэю сацыяльнай справядлівасьці. Калі той брутальны строй, які будаваўся ў СССР, называўся сацыялізмам, то камунізм мусіў стацца сапраўдным пеклам. Нядзіва, што ў многіх людзей, крытычна настроеных да савецкага ладу, выпрацаваўся ўстойлівы ванітны рэфлекс на словы з коранем «сацыял». Іншыя ж, наадварот, намёртва зьвязалі гэты корань з навязанымі стэрэатыпамі ды ўласнымі фантазіямі пра ідэальны савецкі лад. Менавіта на эмоцыях гэтых людзей грае, бы на тых цымбалах, усе 12 год свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка. Фактычна, ён скраў у сацыял-дэмакратаў іх базу – сумленьне ды палітычная культура не дазволілі ім паабяцаць народу столькі, колькі яму наабяцаў «адзіны сапраўдны сацыяліст». Вось і выйшла, што найбольш актыўнай засталася менавіта тая частка апазыцыі, якая мае больш ці менш правыя (у рамках заходняй тэрміналёгіі) погляды. Спаборніцтва з Лукашэнкам вялося на ўзроўні ідэалаў (незалежнасьць супраць зьліцьця з Расеяй, нацыянальная культура супраць нэасавецкае і г.д.), аднак пры гэтым прэзыдэнт учэпіста трымаў у руках усе козыры сацыял-дэмакратаў.

Але ці ёсьць Лукашэнка сапраўды сацыялістам? Ці той лад, які ствараецца ў Беларусі, сапраўды бярэ ад сацыялістычнага ідэалу ўсё найлепшае? Лёгка заўважыць: апошнім часам маска сацыяльнай справядлівасьці пачала спаўзаць, агаляючы брутальны капіталізм. Кантрактная сыстэма ператварае людзей ва ўласнасьць карпарацыі-дзяржавы. Пікнуў? Сядзі бяз працы. Краіна, дзе большасьць не зарабляе і трохсот даляраў у месяц, пужае заходнеэўрапейскімі цэнамі ў крамах. Мэдыцына негалосна зрабілася платнай (калі не праз касу, дык праз кішэню) – пры фактычна адсутнай сыстэме страхаваньня. Рамонты за бацькоўскі кошт у школах, непамерныя цэньнікі за вучобу ва ўнівэрсытэтах. Улада звыкаецца да шыку. Горналыжныя курорты ды лядовыя палацы нагадваюць забавы арабскіх шэйхаў – працоўнаму народу ад іх карысьці мала. Дробныя чыноўнічкі паводзяць сябе, нібы паны, буйныя – нібы магнаты. То-бок, па-хамску. Прылюдны гандаль «Белтрансгазам» уражвае сваім цынізмам. Трэба мець немалы талент, каб яшчэ доўга падтрымліваць веру беларусаў у сацыяльную справядлівасьць такой сыстэмы.

Свабода супраць несвабоды

У сталых заходніх дэмакратыях зазвычай змагаюцца дзьве асноўныя палітычныя сілы. Левыя кажуць: дзяржава павінна дапамагаць чалавеку, а рынак не павінен яму замінаць. Правыя лічаць: дзяржава не павінна замінаць чалавеку, а рынак павінен яму дапамагаць. Фактычна, яны глядзяць у адным накірунку, толькі акцэнты ставяць па рознаму. У гэтым і ёсьць сакрэт стабільнасьці сьпелых дэмакратыяў. Але што выходзіць у Беларусі? У нас дзяржава ды рынак зьліліся разам, і чалавеку гэтая сумесь не дапамагае, а замінае. Чым далей – тым болей. Тут хаваецца шанец для беларускіх сацыял-дэмакратаў. Рэжым Лукашэнкі яшчэ трымае ў руках тыя козыры, але іх фарбы ўжо пабляклі. Рана ці позна крыўда на такі дзяржаўны лад зробіцца агульным местам у дыскусіях на кухнях. А хто лепей за сацыял-дэмакратаў умее распавесьці пра сапраўдную справядлівасьць!

Праўда, маем адну праблему. Ёсьць толькі адно словазлучэньне, якое выклікае больш кпінаў за тэрмін «аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя» – гэта «аб’яднаныя беларускія сацыял-дэмакраты». Звадкі сярод нашых сацдэмаў абрыдлі ня менш за навіны пра птушыны грып: сэзонная зьява. Таму ёсьць небясьпека, што створаны 17 сьнежня Саюз левых партыяў станецца чарговым недзеяздольным палітычным праектам. Магчымая, аднак, і такая сытуацыя: пагаршэньне эканамічнага стану ў краіне проста прымусіць сацыял-дэмакратаў актывізавацца. Калі сваімі дзеяньнямі яны змогуць узмацніць апазыцыю, пашырыць фронт змаганьня з рэжымам з чыстых ідэалаў на прыземленыя гаспадарскія праблемы, то зьявіцца шанец на зьмены.

У любым выпадку, аб’яднаньне левых сілаў – гэта прадвесьнік таго, што некалі ў Беларусі зьявіцца цывілізаваная палітычная сыстэма «правыя-левыя», у якой для папулістаў ды маргіналаў будзе прадугледжанае месца не ў прэзыдыюме, а на галёрцы. Тым больш, што такая сыстэма дапамагла б пазьбегнуць барацьбы грашовых кланаў па прыкладзе Ўкраіны ці ўсталяваньня ў Беларусі шпегакратыі, накшталт той, якая зараз узяла верх у Расеі.

Ці існуе прынцып, які аб’яднае правае ды левае крылы беларускае апазыцыі тады, калі сацыял-дэмакраты выйдуць зь летаргічнага сну, уваб’юцца ў сілу? Натуральна. Беларусь пакуль не Нямеччына, ня Францыя і нават ня Польшча. Галоўная спрэчка ў нашай краіне вядзецца не пра тое, колькі падаткаў трэба спаганяць. Ідзе барацьба двух прынцыпаў – свабоды і несвабоды. У гэтым сэнсе правыя і левыя – пальцы, якія растуць з адной рукі.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Каб не трапіць на Акрэсціна, мінчук збег жыць у лес — вось яго гісторыя

Каб не трапіць на Акрэсціна, мінчук збег жыць у лес — вось яго гісторыя

Усе навіны →
Усе навіны

У Санкт-Пецярбургу спрабавалі выкрасці футбаліста «Зеніта»2

Нечакана. Унутры гандлёвага цэнтра ў Мінску адкрыецца праваслаўны храм23

У арганізацыі рабавання Луўра падазраюць расіяніна, звязанага са спецслужбамі5

«Мы ў крызісе»: Офіс прэзідэнта Літвы заклікае прымяняць кінетычныя сродкі супраць шароў16

Учора на тэрыторыю Літвы заляцела 66 метэазондаў3

Трамп адказаў Пуціну на выхвалянне ракетай «Буравеснік»10

Міністр адукацыі Іванец заявіў, што дырэктар школы павінен сам здымаць пробу ў школьнай сталовай5

Названы найлепшы пад'езд у Мінску4

Як вучыць дзяцей карыстацца штучным інтэлектам?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каб не трапіць на Акрэсціна, мінчук збег жыць у лес — вось яго гісторыя

Каб не трапіць на Акрэсціна, мінчук збег жыць у лес — вось яго гісторыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць