Меркаванні33

Уладзімір Арлоў. Ліст да маці палітвязняў

Алене Ліхавід

Людміле Мірзаянавай

Тацяне Севярынец

Дарагія Алена, Людміла і Тацяна!

Пішу Вам, бо мы асабіста знаёмыя, але гэта ліст і да Алы Саньнікавай, Соф’і Вус, Ірыны Атрошчанкавай, Людмілы Класкоўскай, да ўсіх маці палітзьняволеных.

Вы ведаеце, сёньня мне прысьнілася мама.

Сон быў знаёмы зь юных гадоў, ён раз-пораз паўтараецца, прычым апошнім часам усё часьцей.

Сьнілася, што за мною гоніцца натоўп пітэкантрапаў з маміных настаўніцкіх падручнікаў гісторыі, а можа, яшчэ горш -- зграя ці то азьвярэлых людзей, ці ўжо і не людзей, а пярэваратняў з аднолькавымі ашчэранымі мордамі.

Ратуючыся ад іх, я ў адзеньні кідаюся ў Дзьвіну, раку майго дзяцінства, і пераплываю яе якраз насупроць Сафійскага сабору, дзе некалі ўпершыню зрабіў гэта на яве.

Зграя застаецца на тым баку, а я іду да мамы. Баюся, што яна, убачыўшы мяне -- да ніткі мокрага, з поўнымі вады чаравікамі – насварыцца, скажа, што зноў схаплю ангіну. Але па дарозе да мамы абавязкова здараецца дзіва, і я прыходжу дадому зусім сухі і ў чысьцюткай, белай і хрумсткай, нібы толькі што з-пад прасу, кашулі.

Мы ня бачыліся цэлы дзень, а мо і цэлую вечнасьць. Мама абдымае мяне, і нашыя сэрцы б’юцца разам, як было тады, калі я ўжо існаваў, але яшчэ не нарадзіўся.

Маёй мамы Марыі няма на сьвеце ўжо дваццаць гадоў. Вашыя сыны шчасьлівейшыя. Убачыўшы Вас у сьне, раніцою яны могуць напісаць Вам ліст або палічыць, колькі дзён засталося да спатканьня. Сьцены камэры расступаюцца, і турэмныя наглядчыкі ня могуць зразумець, адкуль на твары вязьня такая шчасьлівая ўсьмешка.

Я пакуль не пасьпеў распытаць Вас, дарагія маці, якія казкі Вы чыталі Мікіту, Фёдару і Паўлу, у якія гульні гулялі зь імі, якія куплялі хлопчыкам кніжкі. Але я ведаю, што героі тых кніжак змагаліся за дабро і справядлівасьць і, здаралася, траплялі ў вязьніцы, бо, калі кідаеш выклік злу, павінен быць гатовы да выпрабаваньняў. Аднак і ў казцы, і ў жыцьці нікому і ніколі не ўдавалася пасадзіць у вязьніцу вольную чалавечую душу.

Вашым сынам пашчасьціла мець такіх маці – прыгожых і разумных, пяшчотных і цьвёрдых, свабодалюбівых і мужных. Я захапляюся Вамі, і ведаю, што мае пачуцьці падзяляюць мільёны людзей у Беларусі і сьвеце. Мы перажывалі за Вас, Алена, калі Вы самі апынуліся за кратамі -- дзеля таго, каб зразумець, як там жывецца Вашаму Мікіту.

Мы запомнілі Вас, Людміла, зь букетам валошак падчас маўклівага пратэсту на менскай прывакзальнай плошчы і Вас, Тацяна, пад канвоем на віцебскай вуліцы.

Цяжка ўявіць, што нехта думае пра Вас з асуджэньнем. У кутку сваіх нявольных душ Вамі захапляюцца і турэмшчыкі Вашых сыноў. Толькі ў адных гэта нараджае літасьць, а ў другіх – лютасьць. Хочацца верыць, што першых болей.

Мне хочацца, дарагія маці, каб у гэтую ноч Вы прысьніліся сваім сынам.

Калі я аднекуль вяртаўся, мама заўсёды першым чынам імкнулася накарміць. У гэтым усе маці падобныя. Напэўна, Вы, Алена, будзеце частаваць Мікіту ягонымі ўлюбёнымі баршчом і дранікамі. А Вы, Тацяна, паставіце для Паўла на стол велізарную талерку печыва з макам, тварагом і цынамонам. А Вы, Людміла, пакажаце Фёдару цэлую бібліятэку падараваных яму за апошнія месяцы кніг і таксама зьнікнеце на кухні.

Вам, дарагія маці, засталося нядоўга чакаць. Вашы дзеці хутка выйдуць на волю. Разумею, што трывога не пакіне Вашых сэрцаў і тады, бо Вы выхавалі сыноў грамадзянамі свабоднай Беларусі, да якой мы толькі ідзем.

Як сказаў адзін афарыст, той, хто найбольш прагне свабоды, часта вымушаны чакаць яе ня ў самых камфартабэльных памяшканьнях. Але гісторыя сьведчыць, што потым у гэтых памяшканьнях часта апынаюцца тыя, хто зусім нядаўна зачыняў турэмныя замкі.

Вашы сыны вернуцца незалежна ад таго, папросяць або не папросяць памілаваньня. А для турэмшчыкаў надыходзіць час задумацца: ці памілуюць іх саміх?

Каментары3

Цяпер чытаюць

«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе65

«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе

Усе навіны →
Усе навіны

Смерць удовам. Археолаг расказаў пра знаходку, якая сведчыць пра жудасны звычай першых славян на Беларусі31

Бум на матчу па ўсім свеце: попыт расце, запасы змяншаюцца5

Пяць парад, як проста пазбавіцца ад паху і плям поту на адзенні3

Расіяне тры гадзіны білі па Харкаве КАБамі, балістыкай і шахедамі. Здзейснена камбінаваная атака на Дняпро2

«Купалаўцы» анансавалі пачатак новага тэатральнага сезона1

Пасажырка «не ўклалася ў таймінг» падчас санітарнага прыпынку — міжнародны аўтобус паехаў без яе5

Стаў вядомы лёс збеглых дзікабразаў у Рэчыцкім раёне2

Берасцеец увозіў у Польшчу бярозавае палена. Аказалася, гэта костка маманта2

Выдаліў акаўнт, пачысціў тэхніку — і ўсё адно прыйшлі. Мікіта Лосік расказаў, як яго вылічылі сілавікі25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе65

«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць