Архіў

Сямён Букчын. Вялікі вязень Віцебскага цэнтралу

№ 28 (185), 10 — 17 ліпеня 2000 г.


 

Вялікі вязень Віцебскага цэнтралу

 

У Нэапалі памёр вялікі польскі пісьменьнік Густаў Герлінг-Грудзінскі

«Мая біяграфія — гэта сымбаль дваццатага веку. Жыў у праклятым таталітарным стагодзьдзі, якое, спадзяюся, ужо скончылася. Таталітарызм, гітлерызм, фашызм, саветызм і камунізм — вось грамадзкія сыстэмы, у якіх увасобілася зло, якое пануе паміж людзей».

Так напісаў пра час, у якім яму давялося жыць, знакаміты польскі празаік, эсэіст, заўзяты спрачальнік і выкрывальнік Густаў Герлінг-Грудзінскі, які памёр у Італіі на 82-м годзе жыцьця. Герлінг быў незвычайнай асобай — гэта прызнаюць нават тыя, хто яго граміў у сваіх артыкулах і інтэрвію аж да апошніх дзён ягонага жыцьця.

Уражвае біяграфія Герлінга. Ён нарадзіўся ў Кельцах у габрэйскай сям’і, што, як адзначаюць у гэтыя дні мэмуарысты і аўтары нэкралёгаў, зьяўляецца малавядомым фактам. Герлінг не выракаўся сваіх бацькоў і не хаваў свайго паходжаньня. Але ён быў польскім пісьменьнікам і ўсё жыцьцё дбаў толькі пра Польшчу. Студэнт-паляніст Варшаўскага ўнівэрсытэту, Герлінг у канцы 30-х гадоў увесь аддаецца літаратурнай дзейнасьці, публікуе артыкулы, эсэ. Зь першых дзён вайны і прыходу немцаў ён заняты кансьпірацыйнай працай, выдае бюлетэнь «Польскага народнага руху за незалежнасьць». Пэрыпэтыі вайны прывялі яго ў Горадню, куды ён уцёк з Ільвова перад пагрозай дэпартацыі. У Горадні ён уладкаваўся памочнікам сталяра пры лялечным тэатры Марыі і Юзэфа Ярэмаў. У сакавіку 1940 г. НКВД арыштавала яго за спробу нелегальнага пераходу мяжы — Герлінг хацеў патрапіць у Літву. Яго засудзілі на пяць гадоў. І адной зь першых турмаў была Віцебская. Яе ён пасьля апісаў у сваёй знакамітай кнізе «Іншы сьвет». Вось, дарэчы, вартая тэма для нашага літаратуразнаўства — беларускія старонкі жыцьця Герлінга-Грудзінскага.

Кніга «Іншы сьвет» — гэта бесстароньняе і страшнае ў сваіх дэталях апісаньне ГУЛАГу (пасьля Віцебску былі лягеры пад Волагдай і Архангельскам) за дваццаць гадоў да Салжаніцына. Герлінг пісаў яе ў Лёндане ў канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў, пасьля таго, як прайшоў гераічны шлях разам з арміяй генэрала Андэрса, змагаўся пад Монтэ Касіна, за што атрымаў ордэн Virtuti Militari.

Выдадзены ў 1952 г. у Англіі «Іншы сьвет», нягледзячы на захопленую прадмову самога Бэртрана Расэла, не атрымаў шырокай вядомасьці на Захадзе. Заходняя інтэлігенцыя ўсё яшчэ была зачараваная «дасягненьнямі Савецкага Саюзу ў будаўніцтве самага справядлівага ў сьвеце грамадзтва», ня кажучы ўжо пра ўсеагульную ўдзячнасьць да Расеі, якая перамагла Гітлера.

Час Герлінга яшчэ не прыйшоў. Але ён ведаў тую праўду, якую адмаўлялі на Захадзе. І таму вырашыў не вяртацца ў камуністычную Польшчу. Працаваў на радыёстанцыі «Вольная Эўропа» ў Мюнхене, разам зь Ежы Гедройцем стварыў парыскі часопіс «Культура». Зь сярэдзіны 50-х пасяліўся ў Нэапалі — рашэньне было прадыктаванае, паміж іншым, яшчэ й тым, што быў жанаты з дачкою італьянскага філёзафа Бэнэдэта Крочэ.

Проза, створаная Герлінгам за пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі надзвычай разнастайная, але, безумоўна, самае выдатнае ў ёй — гэта «Дзёньнік, пісаны ноччу», дзіўны летапіс пазнаньня сьвету і самога сябе. Дзень за днём Герлінг разважаў пра чалавечую прыроду, пра тое, куды ідзе сьвет, і, натуральна, больш за ўсё — пра Польшчу. Калі на радзіму прыйшла свабода, Герлінг ня толькі не аддаўся, як многія, замілавальна-захопленаму настрою. Ягоныя суворыя максымы былі скіраваныя супраць «перафарбаваных камуністаў» і змагароў за польскую свабоду, якіх ён абвінавачваў у змове з былымі ўладарамі Польшчы, у «Замазваньні» (Герлінг не выпадкова піша гэтае слова зь вялікай літары) таго рэальнага зла, якое ўвасабляў камуністычны рэжым. Ён дамагаўся асудзіць гэты рэжым, падобна таму, як быў асуджаны фашызм у Італіі. Герлінг ня прагнуў крыві, не заклікаў садзіць камуністаў у турмы, але яснае і цьвёрдае асуджэньне рэжыму, рэальная дэкамунізацыя грамадзтва — гэта было для яго найважнейшай справай, зарукай сапраўды дэмакратычнага разьвіцьця Польшчы.

Такая пазыцыя прывяла яго да разрыву з старым сябрам Ежы Гедройцем і, натуральна, з парыскай «Культурай», якой ён аддаў дзесяцігодзьдзі свае працы як сталы аўтар. Гедройць адмовіўся друкаваць тую частку ягонага «Дзёньніка» (Герлінг назваў яе «Дэкалёгам»), у якой востра крытыкаваліся і «Круглы стол» — як «оргія ўсеагульнай любові», і Тадэвуш Мазавецкі — як першы прэм’ер новай Польшчы, які зрабіў немагчымай «сапраўдную люстрацыю і дэкамунізацыю», і Адам Міхнік — як «вялікі сябра генэрала Ярузэльскага», і Валэнса, які палез у прэзыдэнты, ня маючы адпаведных якасьцяў, і стаў «марыянэткам» у руках лібэралаў, замазвальнікаў сапраўднай гісторыі Польшчы, якія не жадалі аддзяліць добрае ад злога.

Суворы рыгарыст і патрабавальны мудрэц у эсэістыцы, Герлінг у жыцьці быў найдабрэйшым чалавекам. Апошняе дзесяцігодзьдзе ягонага жыцьця — гэта пара ўсеагульнае пашаны. Да нэапальскага аракула зьяжджаліся журналісты і пісьменьнікі. Ягоныя інтэрвію, артыкулы і кнігі, тэлеперадачы і фільмы зь ягоным удзелам сталі штодзённай духовай ежаю палякаў. Ягоныя прыезды ў Польшчу былі вялікай культурнай падзеяй. Польскія ўнівэрсытэты наперабой імкнуліся ўручыць яму ганаровую доктарскую мантыю.

Але Герлінг застаўся верны сабе. І за два месяцы да сьмерці «ўрэзаў» «Gazecie Wyborczej» і дзьвюм мілым літаратурным дамам, якія ўзялі ў яго ім жа ўхваленае інтэрвію. Ён назваў іхны візыт у Нэапаль і гутарку зь ім «прыездам агентаў, што ўчынілі допыт».

Ці ж супакоілася цяпер ягоная спакутаваная душа? Ня ведаю... Нехта з мэмуарыстаў у гэтыя дні напісаў: Герлінг адчуваў, што сёньня інтэлігент павінен быць «супраць»...

Сямён Букчын
Варшава


Каментары

Цяпер чытаюць

Сілавікі расказалі, за што правялі хапун на тэнісным матчы7

Сілавікі расказалі, за што правялі хапун на тэнісным матчы

Усе навіны →
Усе навіны

Хуткасную чыгунку ў аэрапорт Мінск пачалі будаваць. Вось фоты з месца работ9

ЗША скарачаюць колькасць войскаў у Румыніі

Кіроўца быў п'яны ў хлам і спяшаўся ў школу. Падрабязнасці ДТЗ у Смаргонскім раёне, дзе аўтамабіль знішчыў старадаўнюю капліцу2

Лукашэнка абвінаваціў школьных кухараў у крадзяжы. Людзі пакрыўдзіліся25

Кілеру банды Марозава выставілі абвінавачванне4

Амерыканская разведка: Пуцін як ніколі раней цвёрды ў намеры працягваць вайну16

Былая пракурорка анексаванага Крыма Наталля «Няш-мяш» Паклонская стала Радведай14

Колькасць працоўных мігрантаў вырасла ў Беларусі ў паўтара раза. Расце і злачыннасць сярод замежнікаў9

«Аднавілі грамадскі парадак, не саступіўшы патрабаванням новых выбараў». Што піша Грокіпедыя пра пратэсты, Лукашэнку, мову і як дзеліць спадчыну ВКЛ13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі расказалі, за што правялі хапун на тэнісным матчы7

Сілавікі расказалі, за што правялі хапун на тэнісным матчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць