Архіў

Уладзіслаў Гарбацкі. Манікюрка-пэдыкюрка

№ 43 (200), 23 — 30 кастрычніка 2000 г.


 

Манікюрка-пэдыкюрка

 

Як ні дзіўна, але шмат хто з савецкіх людзей ня страціў у апошняй сусьветнай вайне аніводнага суродзіча, бо проста не пасьпеў. Яны іх страцілі яшчэ ў 30-ыя.

Так, аршанка Вольга амаль ня помніла сваіх бацькоў: бацьку-жаўнера і маці, якая працавала манікюркаю ў цэнтральнай цырульні раённага места. Маленькай ёй там прыходзілася сядзець у апранальні і чакаць маці. У прынцыпе дзяцінства скончылася, так і не пачаўшыся, калі ноччу ў кватэру пагрукалі, а потым спакойна, без усялякіх эмоцыяў, быццам так і павінна было быць, забралі бацьку, а празь некалькі дзён — маці. Вольга апынулася ў сям’і матчыных сяброў Брылёўскіх.

Скончыўшы школу, Вольга ня думала аб пэд- ці мэдвучэльні, як бальшыня ейных раўналеткаў, а неяк натуральна пайшла працаваць у цырульню манікюркаю-пэдыкюркаю. Аднак за сямейнай трагедыяй прыйшла чарга агульнадзяржаўнай, агульначалавечай — пачалася вайна. Зь цяжкасьцю потым узгадвала Вольга, як апынулася ў вёсцы Крапіўна, што на Крапівенцы. Адтуль было відаць, як гарыць Ворша. Шчыра кажучы, сама вайна пасьля страты бацькоў не палохала яе, а проста прыносіла нязручнасьці й вечны клопат.

Жыла яна ў старой лазьні зь дзьвюма іншымі крапівенскімі сем’ямі, галадала й хварэла. Рабіць мусіла на палёх, у нямецкай сталоўцы і нават у кароўніку, дзе пэўны час даглядала хворую жывёлу. Праўда, вяскоўцы, а ў першую чаргу стараста, не маглі ўцяміць, чым займаецца манікюрка ды яшчэ й пэдыкюрка. Адзін маладжавы малец жартам уклаў усім у вухі, што звычайна яна апрацоўвае хворыя й недагледжаныя пазногці, таму яе ўмомант накіравалі на фэрму да каровак, каб даглядаць іх пашкоджаныя капыты.

Вясковы сон разьвіваўся дынамічна, хаця мог бы ўціснуцца ў пяць гадоў чалавечага жыцьця. Аднойчы ад фэрмы нічога не засталося: ані будынкаў, ані каровак, ані немцаў. Замест старасты зьявіліся старшыня з пунцовай зоркай на грудзёх і бугальтар — маладжавы мужчына, які ў дадатак выконваў функцыі сакратара, кухара й першага памочніка старшыні.

У адзін летні дзень усе жыхары Крапіўны атрымалі загад зьявіцца ля калгаснай канторы, каб стаць на ўлік — “нібы кныры”, жартавалі вяскоўцы. Акрамя прозьвішча і ўсялякіх датаў жыцьця пыталіся аб прафэсіі. У чарзе Вользе давялося сядзець некалькі гадзін — сярод брудных мужыкоў, вымерханых жанчын, якія на дзіва ўмудраліся жартаваць, матляючы хусткамі, у якіх былі загорнутыя яйкі, сала ці яшчэ якое рэдкае для галадоўлі смакоцьце. У той момант Вольга падумала: “Якія ж наіўныя й дурныя нашы людзі, бо імкнуцца ўлагодзіць кіраўніцтва, калі на тое няма патрэбы?!”

У адрозьненьне ад мясцовых кабетаў Вольга была безь нічога — прыйшла ў чым стаіць, з кляймом “манікюрка-пэдыкюрка”. Мухі поўзалі па руках маўклівых і сьмярдзючых табакай мужыкоў, ад чаго ёй рабілася млосна. Ад галавакружэньня яе ратавалі гаманкія галасы, якія простымі словамі стваралі нябачны карсэт хударлявай аршанцы. Ад канчатковай страты прытомнасьці яе выратавалі раптоўнае сьвятло, што палілося з кабінету старшыні, і ягоны мажны ілсьняны твар, што зьявіўся ў дзьвярох у пошуку наступнай адзінкі перапісу.

Бугальтар досыць хутка апытаў Вольгу, запісаў за ёй усе патрэбныя зьвесткі. А вось на калёнцы “Кім працуеце” раптоўна заселі. Калі Вольга спакойна адказала “манікюрка-пэдыкюрка”, дык бугальтар, які часта бываў у Воршы й Горках, хутчэй заміргаў сваімі празрыстымі вейкамі. Для яго гэта ня значыла роўным лікам нічога, як калісьці й для старасты, які два гады таму накіраваў аршанскую ўцякачку “рэзаць капыты каровам”. Тады бугальтар зьвярнуўся па дапамогу да старшыні, які ня толькі ў Воршы свой чалавек, але і ў абласным Віцебску быў шмат разоў.

“Спрактыкаваны” старшыня, які сапраўды некалькі разоў быў у абласным Віцебску, зьдзівіўся й запытаўся:

— Што за манікюрка-пэдыкюрка?

Маўчала Вольга, маўчаў бугальтар, але потым вымавіў:

— Дык што пісаць, таварыш старшыня?

— А, пішы проста “прастытутка”! — кінуў старшыня зь вялікай пунцовай зоркай на грудзёх.

Уладзіслаў Гарбацкі


Каментары

Цяпер чытаюць

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць15

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць

Усе навіны →
Усе навіны

«$10 тысяч — самы мінімум». Нявеста ў разгубленасці ад цэн на «сціплае» вяселле і не ведае, ці вартае яно таго11

Нацбанк хоча забараніць у Беларусі разлікі з дапамогай крыптавалют

Зніклая два з паловай гады таму работніца віцебскай хіміі скончыла жыццё самагубствам3

Паглядзіце, як беларусы ўпарадкоўваюць старыя габрэйскія могілкі — розніца паміж «да» і «пасля» ўражвае7

Фіца: Славакія здымае вета з 18-га пакета санкцый ЕС супраць Расіі4

«Нёман» выйшаў у наступны раўнд, а брэсцкае «Дынама» вылецела

Сеніцкі воўк, якога гераічна застрэліла міліцыя, усё ж аказаўся сабакам. Пад пытаннем і ягонае шаленства12

Загінуў вядомы аўстрыйскі парашутыст-экстрэмал Фелікс Баўмгартнэр1

ЗША адклалі ўзгодненую пастаўку Patriot Швейцарыі, бо ў прыярытэце Украіна3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць15

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць