Архіў

Водгукі

№ 15 (277), 19 красавіка 2002 г.


Водгукі

 

Шаноўны спадару Севярынец!

Я вітаю Вашае нядаўняе вызваленьне зь несправядлівага зьняволеньня, якім пакараў Вас адыёзны рэжым. Добра ведаючы пра Вашую палітычную актыўнасьць, высока цаню Вашую асабістую мужнасьць і рашучасьць.

Аднак я не магу прамаўчаць, калі асоба Вашага рангу, адказваючы на недарэчную інсынуацыю, зьвязаную з гомасэксуальнымі адносінамі, пры гэтым публічна абражае, прыніжае і дэманізуе значную частку насельніцтва сьвету. Пакуль існуюць такія забабоны, геі паўсюль будуць змушаныя выносіць на палітычную арэну тое, што ёсьць, урэшце, глыбока прыватнай справай.

Таксама глыбока прыватнай справай чалавека зьяўляюцца рэлігійныя перакананьні, якія, на маю думку, ніяк нельга зьмешваць з палітычнымі пытаньнямі. Вы маеце права на свае погляды, але гэта не азначае права адмаўляць сябрам групаў палавых мяншыняў хадзіць пад бел-чырвона-белым сьцягам, не азначае права сьцьвярджаць, быццам гэтым дыскрэдытуецца справа – якая, дарэчы, не належыць Вам асабіста.

Па-першае, геі не дыскрэдытуюць ідэі адраджэньня. Па-другое, свабода і дэмакратыя – ня толькі Вашая прыватная справа. А па-трэцяе, хто ўпаўнаважыў Вас быць паліцыяй нораваў?

Як беларус-амэрыканец, я вельмі засмучаны, што лідэр так званага “дэмакратычнага” руху моладзі ў Беларусі мае такія погляды. Тое, што Вы чалавек малады, толькі падвойвае маю занепакоенасьць, паколькі будучыня Беларусі жыве ў сэрцах і розумах менавіта Вашага пакаленьня. Хацелася б спадзявацца, што ідэі, якія Вы спавядаеце ў гэтай справе, не тыповыя для Вашых раўналеткаў.

Вы прыхільнік “вяртаньня Беларусі ў Эўропу”. Хачу Вам нагадаць, што жыхары дзьвюх вялікіх эўрапэйскіх сталіцаў – Парыжу і Бэрліну – нядаўна палічылі дастаткова годнымі й абралі ў якасьці мэраў сваіх гарадоў менавіта геяў – людзей, якіх Вы лічыце “няшчаснымі”, “пакалечанымі”, “хворымі” ды вартымі шкадаваньня. Няўжо Вы мяркуеце, што дэмакратычная Эўропа прыме з раскрытымі абдымкамі краіну з такой жорсткай неталерантнасьцю, якую выказваеце Вы?

Заклікаю Вас пераасэнсаваць сваю пазыцыю і далучыцца да тых, хто любіць свабоду і падтрымлівае роўнасьць, годнасьць і правы кожнага чалавека – незалежна ад узросту, колеру, полу, рэлігіі, сэксуальнай арыентацыі альбо фізычных недахопаў.

Зразумейце, калі ласка, што тыя людзі, якіх Вы ды іншыя “дэмакраты” з Кангрэсу беларускай моладзі так безаглядна выкрэсьліваеце, – вашыя суседзі, вашыя сябры, вашыя браты і сёстры ў змаганьні.

Шчыра,

Данчык, Прага

 


Плач перапёлкі

Не сказаць, каб быў літаратурным крытыкам ці паліттэхнолягам. Але ў захапленьні ад сп.Дубаўца. Можа, ня так, як сп.Тарлецкі ад сп.Севярынца, але ж моцна.

Для Беларусі майго часу (як я пачаў усьведамляць сябе беларусам) заўсёды была характэрная дваістасьць. Ува ўсім. З аднаго боку – Беларусь беларуская, з другога – Беларусь беларуская дэманстратыўная. 5% апантаных апазыцыянэраў, што пачуваюць сябе беларусамі, і 95% тых, хто так сябе называе.

Апантанай меншасьці патрэбны добрыя й якасныя кніжкі з CD-ROMамі, беларускамоўныя садкі й школкі ды чарка са шкваркай на 25.03 зь сябрамі. Пераважнай большасьці патрэбныя артыкулы ў прэсе аб нястачы добрых і якасных кніжак з CD-ROMамі, рэпартажы на радыё пра адсутнасьць беларускамоўных садкоў і школак ды тэлекарцінка бойкі з АМАПам на 25.03.

Інтарэсы адных і другіх натуральна блізкія й раз-пораз перакрыжоўваюцца. Але асаблівага плёну з гэтага не назіраецца. Бо мэты дасягае той, хто нешта робіць. А ня толькі “гаварыт”. Пры бліжэйшым разглядзе выяўляецца, што ніхто і нішто не замінае будаваць сваю краіну. Акрамя ляноты.

Так, з народам (і зь ягоным кіраўніком) нам не пашанцавала, з усходнім суседам таксама. Але ж усе маем галаву, дзьве рукі ды чым хадзіць. Застаецца прыкласьці ўсё гэта да справы. Замест апошняга паліваем сваю любімую краіну брудам. За мяжой, прыкладам. І не здаецца, што сябе паліваем. Ці ня мы абралі сабе “дурное” начальства, не навучылі сваіх дзетак калісьці, што такое грамадзянская супольнасьць ды правы чалавека? Мы.

А дома ўпарта ходзім шэсьцем па адным і тым самым маршруце. Адным і тым складам. Убухваючы вялізарныя матэрыяльныя й чалавечыя рэсурсы. Якія далёка не суадносяцца з мэтай. Калі апошняя ўвогуле вызначаецца. А таму з году ў год анічога не зьмяняецца. І ніхто не зьбіраецца зьмяняць. Ці, можа, спадары партбосы, нехта з вас займаецца партыйным будаўніцтвам? А можа, ёсьць распрацаваная стратэгічная лінія на 5–10 год? Не.

А ў дзяржавы ёсьць. Яна, нядобрая, нат клапоціцца пра беларускасьць школак ды бароніць нацыянальную інфармацыйную прастору. Але апазыцыянэры замест таго, каб шукаць кропкі судакрананьня зь ёй, крычаць пра рэжым, тым самым апраўдваючы сваю бязьдзейнасьць. Ды адразу па выбарах заяўляюць пра сваю перамогу. Маўляў, пабудавалі грамадзянскую супольнасьць…

Можна яшчэ прыводзіць багата прыкладаў па тэме ды разважаць над стратэгіяй ды тактыкай. Але проста дужа хочацца, каб як мага больш людзей пачалі жыць у сваёй краіне. А як толькі там апынёмся, пачнём змагацца за дабрабыт.

Андрусь Кавалёў, Магілёў

 


Каментары

Цяпер чытаюць

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна42

Грамадстваабмяркоўвайце!42

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна

Усе навіны →
Усе навіны

Маладую супрацоўніцу Ernst & Young асудзілі за пратэсты. А пасля кінулі ў СІЗА па новай справе3

«Пад запіс на камеру задавалі пытанні, сканавалі тэлефон, перапіску». Як цяпер праходзяць допыты на мяжы Беларусі14

У Бабруйску за 200 тысяч даляраў прадаюць былы армейскі штаб. Цяпер у ім размяшчаецца сінагога 2

Цэны на золата ўпершыню ў гісторыі перавысілі 4000 даляраў за унцыю

Навошта жанчыны колюць у твар сперму ласося? Беларуска падзялілася ўласным досведам20

Па справе магілёўскага маньяка звярнуліся 16 жанчын1

Як часта трэба купляць новыя трусы — адказ можа здзівіць22

Трамп заявіў, што ён «у нейкім сэнсе» прыняў рашэнне наконт паставак Украіне ракет Tomahawk9

На відэа пра магілёўскага маньяка сілавікі трымаюць яго на доўгіх рамянях. Што гэта і навошта?14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна42

Грамадстваабмяркоўвайце!42

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць