Архіў

Мілы, культурны, рафінаваны

№ 33 (295), 6 верасьня 2002 г.

Мілы, культурны, рафінаваны

Я люблю набываць кнігі непасрэдна ў аўтараў, заадно беручы аўтограф. Гэта дае прыемнае адчуваньне далучанасьці да айчыннага літаратурнага працэсу. Уведаўшы, што мой стары і цікавы знаёмец Зьміцер Бартосік выпусьціў кнігу дый яшчэ ажаніўся, я пастанавіла зь ім сустрэцца. А каб багемней было, рандэву прызначылі ў Траецкім, ля ног Язэпа Драздовіча. Узяўшы па куфлі “Аліварыі” ў той самай кавярні, дзе Дамарацкі апытвае творчых людцоў, я завяла са Зьмітром гутарку, што называецца, ab ovo. Што ты за фрукт, Зьміцер?

Зьміцер Бартосік: Мама мая — расейка, чыстая, карэнная. Я па маці ніжагародзец мо ў 10-м ці 15-м калене. Там ёсьць вёска Канстанцінава, адкуль мой род. Так што і сормаўскія работнікі, і, ня выключана, жыхары тае начлежкі, дзе Горкі знайшоў пэрсанажаў п’есы “На дне”, — мая радня. Старая начлежка дагэтуль стаіць у Ніжнім Ноўгарадзе, і, калі я праходжу ля яе, маё сэрца ёкае. У маім родзе з боку маці былі і басякі, і заможныя купцы: купец Бяляеў, вышэйшай гільдыі, уладальнік трох бандарных радоў на славутым ніжагародзкім кірмашы, дэпутат гарадзкой думы, уладальнік трох велічэзных даходных дамоў у Ніжнім Ноўгарадзе. Яны і дагэтуль стаяць.

“НН”: Ня хочаш запатрабаваць іх назад?

З.Б.: Маёй радні ў Ніжнім — з паўсотні чалавек, а мо і болей. Дзяліць не перадзяліць. Па бацьку ж я — несапраўдны паляк, польскай мовы ня ведаю. Дый паходзіў мой род па бацьку з Адэсы. Мой прадзед, Франц Бартосік, гандляваў рыбай на Прывозе. Таму ў мяне вялікія сумневы наконт ягонай polskości… Вядома, якія палякі гандлявалі рыбай на Прывозе.

“НН”: Значыць, праўду кажуць, што беларус — 50-працэнтная сумесь паляка і расейца? Зь цябе вось беларускі бард і пісьменьнік атрымаўся…

З.Б.: А мог бы казахскі акын атрымацца. Таму што ў школу я пайшоў у Усьць-Каменагорску. Мае бацькі — тэатралы: ён — рэжысэр, яна — акторка, і мы ўвесь час блукалі па Расеі, пакуль не прыехалі ў Казахстан. Там я стаў усьведамляць сябе. І нават ведаў пару казахскіх словаў. Маім настаўнікам быў міліцыянт, які ахоўваў гатэль у Алма-Аце, дзе мы гастралявалі. Бацькі матляліся па ўсёй Азіі, але маці хацела адтуль вырвацца. Я быў на палове трэцяй клясы (1978 год), калі тата абрадаваў — мы паедзем в Белоруссию. Што такое Белоруссия, я ня ведаў. Нешта такое далёкае! У мяне былі асацыяцыі з Барусіяй. Мяне ўразіла, што тут людзі маюць сваю мову. Я не пачуў яе, натуральна, на вуліцах Гомелю. Але ўбачыў у шапіку часопіс “Вожык”. Доўга, уражаны, ламаў галаву, што ж гэта азначае. Запытаўся ў аднаклясьнікаў. Потым пачуў у радыёпастаноўцы: “На сьцяне вісела “маланка” (газэта такая школьная). Так уваходзіў у кантэкст. Я быў освобождён ад беларускай мовы. І яшчэ адзін чалавек з усяе клясы быў вызвалены, таксама расеец. І так выйшла, што толькі мы ўдвух можам падтрымаць гутарку на беларускай мове. Астатнім аднаклясьнікам, гомельскім беларусам, гэта “ня нада, яны нармальна разгаварывают”.

“НН”: А як ты, “вызвалены”, патрапіў у цянёты беларускасьці?

З.Б.: Я заўжды ачуваў да гэтага піетэт. Мне, нават у дзесяць гадоў, было дзіўна назіраць за абарыгенамі, у якіх ёсьць свая мова, магчымасьць стаць не Расеяй, а яны ня толькі гэтым не карыстаюцца, але й адкараскваюцца, як толькі могуць!

“НН”: А чаму табе здавалася слушным адкарасквацца ад Расеі? Табе што, ўласная Радзіма недаспадобы?

З.Б: Дык гэта адна з галоўных расейскіх мараў — жить за границей! А людзі, якія могуць стаць “заграніцай”, але пнуцца быць расейцамі, — ну гэта поўныя ідыёты. Для расейца. Можа, беларусу гэта і смачна — быць “як усе”, вырвацца ў Маскву. Савецкая сэлекцыя нарадзіла такога чалавека.

Я ня выратаваў тапельку

“НН”: А то ты не савецкі чалавек! Напэўна, і ў войску савецкім служыў. “Служу Савецкаму Саюзу!”

З.Б.: Так, два гады адцягнуў у страйбаце. Будаваў Сокальскі цэлюлёзна-папяровы камбінат і Камітэт дзяржбясьпекі ў Волагдзе. Ад лета 88-га да лета 90-га. Патрапіў у апошні “загроб”. Пасьля мяне ўжо беларусы дома служылі.

“НН”: Заўважана: жанчыны ўсё жыцьцё распавядаюць пра роды, а мужчыны — пра войска. Гэта вайсковыя ўспаміны змусілі цябе кнігу назваць “Чорны пісталет”?

З.Б.: І назва не мая, і ідэя кнігі не мая. Усё гэта ідэі Дубаўца. Я ўвогуле нічога не зьбіраўся пісаць! Ён змусіў мяне пісаць у 1993 г. А калі за 10 год сабралася пісаніна, ён прапанаваў выдаць гэта ўсё пад адной вокладкай. Я кажу: “Ды ты што, гэта ўсё так несур’ёзна!” Я сабе пісьменьніцтва так уяўляю: сядзіць нехта за сталом набычыўшыся і піша пра герояў, там завязка, кульмінацыя, разьвязка. А Дубавец кажа: “Ты нічога не разумееш. Выдаць кніжку — гэта пэўны этап прайсьці”.

“НН”: Гэта твая рука зь пісталетам на вокладцы?

З.Б.: Рука Глёбуса, пісталет Сыса, здымак Алены Адамчык.

“НН”: Ты здаешся чалавекам няўрымсьлівым, які імкнецца ўсё паспытаць. Беларусы вядуць больш умеркаванае жыцьцё, спакойнае, хатняе. У цябе бурны тэмпэрамэнт?

З.Б.: Абсалютна спакойны, лянівы ў мяне тэмпэрамэнт. Я большую частку жыцьця баўлю на канапе. Гэта жыцьцёвыя абставіны мяне часам падкідваюць. Было і вельмі хранова, і вельмі клясна. Шмат чаго ёсьць узгадаць.

“НН”: Чытачка Н. кажа, што твая проза па-расейску разухабістая…

З.Б: Ды ну ты што! Я мілы, культурны, рафінаваны інтэлігентны хлопчык. Я ня ўмею біцца, ня ўмею ўдарыць чалавека па твары. Ня ўмею прыгожа дастаць нож і ўсьміхнуцца фіксай, хаця фікса ў мяне ёсьць.

“НН”: Аднак ты ж страляў па міліцыянтах у Волагдзе? Гэта апісана ў першым апавяданьні кнігі і падобна на сапраўды перажытае…

З.Б.: З газавага пісталета! Я маю толькі адну сур’ёзную гісторыю на сумленьні, яна таксама апісаная ў кнізе: я ратаваў і ня выратаваў тапельку. У вадзе мне здавалася, што яшчэ пару сэкунд — і я пайду зь ёй на дно. А на беразе — што мне не хапіла пары сэкунд, каб яе выцягнуць. У мяне не было досьведу ратаваньня, была халодная вада, ужо ляжаў сьнег. Я адпусьціў яе руку! Самы страшны досьвед, калі адпускаеш чалавека...

Герб Расейскай імпэрыі

Зьміцер задумваецца, апусьціўшы нос да куфля. Я пераводжу размову на легкадумнае:

— Тая ж чытачка Н. сьцьвярджае, што ты ўвесь у татуіроўках, страшэнна размаляваны.

З.Б.: Не, не страшэнна. Сама паглядзі.

Зьміцер, як дасьведчаны стрыптызэр, пачаў марудна расшпільваць і адсланяць кашулю з мужнага смуглага пляча. Я ня вытрымала напругі й выкрыкнула: “Няўжо Сталін?!”

З.Б.: Ну, зараз. Герб Расейскай імпэрыі.

“НН”: Чаму такі выбар сюжэту?

З.Б.: Я быў расейскі чалавек і амаль гатовы дысыдэнт. А тады, у 1989 г., пра вяртаньне імпэрскай сымболікі і размовы не вялося. СССР згніў, але яшчэ стаяў. Пра “Пагоню” я ня ведаў і зрабіцца беларусам ня сьніў. У мяне мара была адна: пасьля войска зачапіцца за Ніжні Ноўгарад.

Каханьне з Інтэрнэту

“НН”: Кажуць, што ты ажаніўся. Мілосьніцы твае асобы й творчасьці — пакутуюць…

З.Б.: Дзевачкі, я ж 10 гадоў хадзіў, пакутуючы ад самоты...

“НН”: А як вы пазнаёміліся з жонкай?

З.Б.: Я ня верыў, што можна пазнаёміцца праз Інтэрнэт. Мільёны, дзясяткі тысячаў з аднаго боку і дзясяткі тысячаў з другога марна шукаюць сваю палову ў сетках. Але бываюць шчасьлівыя збоі ў праграме. І вось такі збой адбыўся ў нашым з Таняй выпадку. Я лянотна праглядаў сайты знаёмстваў — гэта ўвайшло ў нейкую звычку. А яна не зьбіралася нікуды даваць свае зьвесткі. Проста на яе населі каляжанкі па працы: “Дай, дай, дай, дай!” Першы, хто адгукнуўся, быў я.

Пераганяльнік машынаў

“НН”: Мне імпануе тваё простае і сьмелае прызнаньне, што ты быў самотны і шукаў пару… У нас самотныя пра гэта не прызнаюцца, сядзяць і саромеюцца. А ты нават радыёмаратон наладзіў, і 3 тысячы жанчын патэлефанавалі…

З.Б.: Так, гэта было. Памятаеш, на радыё “Сталіца” была праграма “Знаёмствы ў этэры”? Я патэлефанаваў, прадставіўся пераганяльнікам аўто зь Літвы ў Беларусь. Але гаварыў па-беларуску. І пасыпаліся як з рога званкі. А я тады здымаў пакой ля ГУМу, і гаспадыня, пэнсіянэрка, вэтэранка і герой працы, пракляла мяне. Усе дзевушкі Менску хацелі пазнаёміцца зь пераганяльнікам машынаў. З гэтага нічога цікавага не атрымалася, але досьвед ёсьць досьвед.

“НН”: Дзяўчат вабіла заможнасьць пераганяльніка?

З.Б.: Ня думаю, што бальшыня нашых жанчын такія тупыя, каб кідацца найперш на бабкі. Дый я сказаў, што вельмі небагаты. У мяне добры голас, я з гумарам усё гэта гаварыў, па-беларуску, што таксама плюс і інтрыгуе, бо не пісьменьнік ці “бэнээфавец” кажа, які ў ложку будзе крычаць “Жыве Беларусь!”, а пераганяльнік машын…

“НН”: А ты ж сапраўды, можна сказаць, пераганяў машыну — твой зялёны, як зялёнка, запарожац.

З.Б: Так, быў такі запарожац, і я па ім дагэтуль плачу і рыдаю. Гэта самая супэрская мая машына… Не, стоп, ня буду, а то мая сёньняшняя пачуе і з крыўды не завядзецца! Я на зэпары сваім езьдзіў і ў Ніжні Ноўгарад, і ў Маскву, і ў Вільню. Ніколі ён мяне не падвёў, ні разу! Я на ім наезьдзіў тысяч сорак. Ясна, што зэпар машына храновая. Нязручная і непрэстыжная. Але па ступені надзейнасьці гэты пыласмок шмат каму фору дасьць.

“НН”: А чаму ты разьвітаўся зь ім?

З.Б.: Ай, дурная гісторыя. Не хачу расказваць. Гэта падобна да здрады.

“НН”: Ці ты, стаўшыся жанатым і паважным чалавекам, будзеш езьдзіць па Беларусі з Арловым?

З.Б: Ясна! Што за пытаньне? Запрашайце — і мы прыедзем.

“НН”: А ўвогуле творчыя пляны якія? Бяз гэтага пытаньня, як разумееш, — нікуды.

З.Б.: Я чалавек, які жыве адным днём.

“НН”: Чаму твае кнігі няма ў менскіх кнігарнях?

З.Б.: Не бяруць кнігары. Толькі з-за назвы аднаго апавяданьня — “Лукашэнка памёр”. Хоць там не вядзецца ані пра Лукашэнку, ані пра ягонае жыцьцё і сьмерць. А кніжку можна набыць у сядзібе БНФ. Заходзьце пад бел-чырвона-белы сьцяг і купляйце. Альбо ў “НН” праз “Кнігі — поштай”. 5 тыс. каштуе.

Гутарыла Сьвятлана Курс


Каментары

Цяпер чытаюць

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Усе навіны →
Усе навіны

У Ізраілі 1 загінуў, 40 параненых ад іранскай балістыкі. Пачалася трэцяя хваля ўдараў па Іране11

«Гэты фэст не толькі для кайфу». Арганізатары фестывалю Tutaka расказалі пра сёлетнія планы і перспектывы10

Пуцін асудзіў парушэнне Ізраілем Статута ААН і нормаў міжнароднага права11

За месяц попыт на лялек Лабубу вырас на «Куфры» ў 6,5 раза7

Пад Салядарам адзін расійскі самалёт збіў іншы?4

Ізраільская ракета ўдарыла па рэзідэнцыі Вярхоўнага лідара Ірана Алі Сееда Хаменеі3

Падчас ізраільскай атакі на Іран забілі камандзіра спецпадраздзялення «Кудс»1

Нетаньяху ўвёў Іран у зман з дапамогай вяселля, а Трамп — сваімі заявамі8

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць