13 траўня ў Дольнай залі менскага Чырвонага касьцёлу адчынілася выстава з пленэру на радзіме Быкава ва Вушаччыне.
На выставе — некалькі дзясяткаў твораў 25 удзельнікаў таго пленэру ў Бычках. Пачатковая ж, леташняя экспазыцыя складалася з 70 (!) жывапісных і графічных працаў. Гэтая пярэстая рознасьць моцна адчувалася, часам замінаючы засяродзіцца на галоўным — ушанаваньні памяці Быкава. Сярод тых, хто прадставіў свае творы, цэлае суквецьце імёнаў — Эдуард Агуновіч, Ілона Барадуліна, Генадзь Драздоў, Мікола Купава, Аляксей і Ігар Марачкіны, Алесь Пушкін, Уладзімер Сулкоўскі, Алесь Шатэрнік. Фактычна гэткая экспазыцыя жывапісу, магла б стаць падмуркам музэйнага збору. Зрэшты, арганізатары й удзельнікі пленэру гэтага спадзеву й не хавалі.
Лягічна, што пленэр быў арганізаваны на грамадзкіх пачатках, без аніякай дапамогі ад дзяржавы. Хоць арганізатар усё ж быў. А менавіта культурна-асьветніцкі цэнтар імя Драздовіча, якім кіруе Ада Райчонак. Але гэтая акалічнасьць незаўважна выпала з прамоваў, як выпалі й словы ўдзячнасьці айцу Ўладзіславу Завальнюку, які ласкава даў згоду на правядзеньне мастакоўска-літаратурнае імпрэзы пад дахам касьцёлу.
Гваздом праграмы стала прэзэнтацыя каталёгу твораў. Увадначасьсе праходзілі пэрформансы, мігцелі бліскавіцы фотаапаратаў, соўгаліся кінаапэратары з камэрамі. А зьверху гучалі далёкім рэхам узьнёслыя згукі сьвятое імшы…
Выстава адчыненая для вольнага наведваньня ў Дольнай залі Чырвонага касьцёлу.
Каментары