Улада2020

Штраф — за «Пагоню» на ўласным балконе

Галоўны архітэктар Глыбоцкага раёна склаў пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне на былога настаўніка матэматыкі Мар’яна Місевіча.

Той перафарбаваў гаўбец уласнае кватэры ў белы і чырвоны колеры, упрыгожыў беларускім арнамэнтам, а пасярэдзіне прыладкаваў «Пагоню». За гэта яго выклікаюць на адміністрацыйную камісію, каб аштрафаваць за «псаваньне архітэктурнага рашэньня будынка».

Паводле спадара Місевіча, ён расфарбаваў свой гаўбец у нацыянальныя колеры, чым упрыгожыў ня толькі свой «шматпавярховік», але й увесь цэнтар пасёлка Падсьвільле. Бо ў тым доме, дзе ён мае кватэру, ужо 40 гадоў не было рамонту: «Дом наш у тры паверхі, мая кватэра на другім. Дому 40 гадоў, з той пары так і стаіць. А гаўбцы ў нас такія: пара-тройка лоджыяў зашклёных, астатнія гаўбцы абшарпаныя. І ў мяне такі быў, калі я кватэру тут набыў пару год таму».

Мар’ян Місевіч вырашыў адрамантаваць свой гаўбец, а заадно паказаць, што гаспадар — шчыры беларус: «Гаўбец мой — 3 мэтры 10 сантымэтраў. І на ўсе гэтыя 3.10 ішлі тры паласы — белая, чырвоная, белая.
А па баках, сантымэтраў па 10 — арнамэнт беларускі. А пасярэдзіне — „Пагоня“. Я маляваў гэта на блясе, потым прыкручваў шрубамі, усё фундамэнтальна рабіў. „Пагоня“ была прымацаваная асобна на шрубах. Якая прыгожая была! Увесь горад упрыгожвала! Але ж камусьці не спадабалася».

Спадар Мар’ян цяпер вельмі шкадуе, што не пасьпеў сфатаграфаваць свой бел-чырвона-белы гаўбец, пафарбаваны на пачатку траўня. Бо прыкладна праз тыдзень камунальнікі, не папярэдзіўшы гаспадара, перафарбавалі яго ці то на свой густ, ці то казённай фарбай, якая знайшлася, — у чырвоны колер.
Запэцкалі і «Пагоню», прычым няйнакш як уночы, употайкі. Бо ніхто з суседзяў ня бачыў, як гэта адбывалася. Але ранкам 6 траўня Мар’ян Місевіч заўважыў, што гаўбец ужо ня той. І пачаў высьвятляць, хто гэта зрабіў.

Высьвятленьні скончыліся пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэньні, працягвае спадар Мар’ян: «Я паехаў высьвятляць адносіны ў пасялковы савет. Адразу перайшоў у напад: „Хто гэта ўсё нарабіў без майго дазволу?“ Старшыня зьбянтэжылася, сказала, што ня ведае. Участковы нешта прамямліў, што начальнік ЖКГ. Яны яшчэ патрабавалі зь мяне пісьмовых тлумачэньняў, але я адмовіўся: сказаў, што спачатку разьбяруся, хто тут што рабіў і па якім загадзе! Тады я паехаў у ЖКГ, да начальніка: „На якой падставе і хто сапсаваў маю прыгажосьць?“ Ён пачаў казаць, што гаўбец — гэта не мая прыватная маёмасьць. Ясна, адным словам: гэта яго падначаленыя зрабілі».

Паводле спадара Місевіча, начальнік ЖКГ у Падсьвільлі — былы кіраўнік Глыбоцкай раённай міліцыі. Таму й мэтады ў яго такія: адразу позву да галоўнага архітэктара раёна, каб складаць пратакол:
«Пратакол ён пры мне складаў. „Парушэньне архітэктурнага рашэньня будынкаў і збудаваньняў“, вось такі артыкул я парушыў. У пратаколе былі тры радкі на мае заўвагі. Я сказаў, што не ўкладуся, і ў маёй тлумачальнай запісцы, якую да пратакола прыклалі, я ўсё напісаў: „Па цэнтры гаўбца была „Пагоня“, гэта афіцыйны герб вобласьці. Па бакох я разьмясьціў для прыгажосьці беларускі арнамэнт. І наш дом адразу папрыгажэў, нягледзячы на лахманы, што сушыліся на суседніх гаўбцах, на рознакаляровыя рамы і лоджыі“. Так што тут, я думаю, галоўнае — не расфарбоўка. А тое, што намалявана!»

Паводле артыкула 21.13 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях за «парушэньне архітэктурнага рашэньня фасадаў будынкаў і збудаваньняў» Мар’яну Місевічу пагражае штраф ад 200 тысяч да мільёна рублёў.
Памер штрафу мае вызначыць адміністрацыйная камісія. На пасяджэньне спадар Мар’ян зьбіраецца прыйсьці ў сваім звычайным адзеньні — у майцы з «Пагоняй», са значкам у выглядзе бел-чырвона-белага сьцяжка. А з сабой абяцае ўзяць сапсаваны камунальнікамі старажытны герб: гаспадар зьняў яго з гаўбца, дзе засталася толькі пляма на месцы запэцканай чырвоным «Пагоні».

Каментары20

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада17

Выйшаў на свабоду дырэктар газеты «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых2

Кітайскія нафтавыя кампаніі прыпыняюць закупкі расійскай нафты праз санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла»4

Канал беларускіх сілавікоў заклікаў мабілізаваць усе сілы для дапамогі фронту29

Лукашэнка ўзяўся за школьныя абеды і прыдумаў, што рабіць з адкідамі ў сталоўках17

«Гэта жах». Кіраўнік Століна выказаўся пра раённую бальніцу, але схамянуўся і ўсё выдаліў5

Пад Стоўбцамі збіраліся знесці чарговую шляхецкую сядзібу. Апомніліся, толькі калі мясцовыя жыхары паднялі шум4

Колькасць бюджэтных месцаў на магістратуры будзе вызначаць дзяржава1

«У нас гэтыя льготы няма чым ільгатаваць». Лукашэнка патлумачыў, чаму не будзе даваць льгот моладзі і сям'ям з адным ці двума дзецьмі18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ заблакаваў у Беларусі «Укантакце»2

КДБ заблакаваў у Беларусі «Укантакце»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць