Культура44

У Оршы знялі мемарыяльную шыльду Караткевіча ФОТА

Аршанцы абураныя дзеяньнямі прадпрымальніка, які не дазваляе вярнуць на набыты ім будынак шыльду і гарэльеф памяці іх земляка, пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча.

Шыльда і гарэльеф з выявай пісьменьніка з 1990 году былі на першым будынку вуліцы Караткевіча. Некалькі месяцаў таму яна зьнікла, калі ў будынку пачаўся рамонт. Цяпер ён скончаны, але шыльда на сваім ранейшым месцы не зьявілася.

У будынку, на сьцяне якога былі шыльда ў гонар Уладзімера Караткевіча і барэльеф аўтарства талачынскага скульптара Юрыя Палякова, цяпер знаходзіцца Парытэтбанк. Аднак да зьнікненьня шыльды ў памяць пра славутага пісьменьніка гэтая ўстанова дачыненьня ня мае — банк арандуе гэты будынак. І супрацоўнікі банку, падобна, няёмка пачуваюцца ў гэтай сытуацыі: адразу скіроўваюць за рог будынку, дзе ўзьведзены высокі плот. А перад зачыненымі весьніцамі — перамоўнае прыстасаваньне.

Націснуўшы на кнопку з надпісам «прыёмная», удаецца зьвязацца са спадарыняй, якая наадрэз адмаўляецца адчыніць дзьверы. Паведамляе толькі, што ўласьнік будынка — прыватны прадпрымальнік Уладзімер Андрэевіч Панасенка. І дыктуе нумар тэлефона, па якім замест адказу — адны толькі доўгія гудкі.

Цяперашні будынак Парытэтбанку раней быў адміністрацыйным корпусам аршанскага піўзаводу. Пасьля закрыцьця прадпрыемства спадар Панасенка і набыў будынак. Потым там рабілі рамонт, і напачатку здавалася, што шыльда і гарэльеф вернуцца на сьвежапафарбаваную сьцяну. Але гэтага ня здарылася. І аршанцы непакояцца, што сьцяна так і застанецца пустой.

У двухстах мэтрах адсюль — аршанскі музэй Уладзімера Караткевіча. Там пра праблему з шыльдай і гарэльефам ведаюць. Пару месяцаў таму дырэктар музэю Ірына Гаеўская размаўляла са спадаром Панасенкам, ці зьбіраецца ён вяртаць на месца гарадзкую маёмасьць:

«Я спыталася, на якіх падставах, навошта шыльду зьнялі, і ці зьбіраецеся яе вяртаць. Ён сказаў: «Я вам зараз не скажу ні «так», ні «не». Гэта было ў ліпені, і ён сказаў — не кажу ні «так», ні «не»…

Паводле Ірыны Гаеўскай, шыльда і гарэльеф цяпер знаходзяцца ў тым самым будынку. А што да пэрспэктывы, то Ўладзімер Панасенка нібыта прапануе павесіць іх не на старым месцы, а насупраць — зрабіць праз вуліцу нейкі «мэмарыял», прафінансаваўшы ўвасабленьне гэтай ідэі асабіста.

Ніякіх прыкметаў узьвядзеньня «мэмарыялу» не відаць. І аршанцы кажуць, што гаспадар будынка ня мае рацыі, калі не вяртае на месца шыльду і гарэльеф. Вось што давялося пачуць ад мінакоў на вуліцы Караткевіча:

«Значыцца, ня мае рацыі гаспадар! Караткевіч — гэта наш пісьменьнік, вядомы на ўсю краіну, і ня толькі! У нас і 3-я школа носіць яго імя, ён тут жыў», — разважае спадарыня сталага веку.

Яе сяброўка працягвае: «Ня ён шыльду ўсталёўваў, ня ён вуліцу пераймяноўваў — не яму і здымаць! На маю думку, шыльду мэмарыяльную трэба вяртаць!»

«Канешне, тым больш, што яна тут заўжды была. І ўвогуле: куды ён яе падзеў? Гэта ж памяць наша!«,—гаворыць маладая маці, якая прагульваецца зь дзіцячым вазочкам.

«Гэта ж наш пісьменьнік! Трэба аднаўляць! Можа, выканкам умяшаецца? Намесьнік старшыні па сацыяльных пытаньнях, напрыклад? Я і сам быў на адкрыцьці, калі шыльду адкрывалі. Кветкі ўскладаў. Была шыльда, прыгожа было, » — згадвае спадар.

«Але ж кудысьці прыбралі яе? А вось куды падзелі — гэта пытаньне. Думаю, яна нікому не замінала, дык няхай бы і была! Гэта ж наш пісьменьнік, вунь там дом стаіць, дзе ён жыў. І на ім шыльда ёсьць. А ўвогуле — нават у Кіеве помнік паставілі яму, нашаму беларускаму пісьменьніку. А ў нас — чаго зьнялі?» — абураецца бабуля-пэнсыянэрка.

Яшчэ адна спадарыня дзеліцца ўспамінамі:

«Так, была шыльда. І кветкі туды ўскладалі. Гэта ж наша памяць! Ідзеш, бывала, па вуліцы Леніна, і чытаеш на крайнім будынку, што тут пачынаецца вуліца Караткевіча, прыгадваеш…Тут і дом, дзе ён жыў. Раней гэта была вуліца Касманаўтаў, а потым перайменавалі — у гонар Караткевіча. Няхай бы і шыльда была!»

«Якая розьніца, хто гэты будынак набыў? Гэта ж наша агульная гісторыя і памяць! Трэба, каб аднавіў», — заяўляе дзяўчына.

Цяперашнюю назву вуліца атрымала ў выніку перайменаваньня напрыканцы 1980-х гадоў. Яно адбылося з ініцыятывы шырокай грамадзкасьці — мастацкай інтэлігенцыі і гараджан-аршанцаў. Вуліца непасрэдна зьвязаная зь лёсам Уладзімера Караткевіча: тут дагэтуль стаіць дом, дзе жыла сям’я пісьменьніка, гаворыць Вольга Пашковіч, супрацоўніца музэя Караткевіча:

«Тут напісаны першы варыянт «Дзікага паляваньня караля Стаха», «У сьнягах драмае вясна», некаторыя вершы. Гэта бацькоўская хата: на новую пасьля вайны грошай не было, і ў 1946 годзе яны набылі хату ў вёсцы ды перавезьлі ў Воршу». У Воршы шмат згадак пра Ўладзімера Караткевіча — гэта і вуліца, і школа, якія носяць ягонае імя, і музэй, і помнік у парку над Дняпром. Гараджане ганарацца сваім земляком, і таму занепакоеныя, каб яшчэ адзін напамін пра яго — шыльда і гарэльеф — ня зьніклі на прыхамаць аднае асобы і абавязкова былі адноўленыя.

Каментары4

Цяпер чытаюць

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Усе навіны →
Усе навіны

Трупы хатніх жывёл пачалі знаходзіць у Мінску2

Выступ гурта «Тэхналогія», які планаваўся сёння ў Плешчаніцах, адменены3

Кучук: Я два разы плакаў у камеры наўзрыд, каб зняць псіхалагічную напругу

Ціханоўская ляціць у ЗША. Што там плануецца?13

У вёсцы пад Мінскам прадаюць катэдж з лазняй, падобнай на гасцінічны нумар1

У манастыр Наталля Пяткевіч падабрала да хустачкі французскае паліто18

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным3

Кібератака паралізавала працу аэрапортаў па ўсёй Еўропе2

У Траецкім прадмесці Мінска прадаецца кватэра плошчай 118 квадратаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць