Меркаванні2121

91-гадовы вясковы святар: «Такія часы надышлі — толькі адпяваю, амаль не хрышчу»

Пачапава — вёска на мяжы Баранавіцкага і Навагрудскага раёнаў. Самы высокі будынак — царква, а самы аўтарытэтны чалавек — святар. Тутэйшаму «бацюшку» ўжо пайшоў 92-гі год, але ён усё яшчэ служыць у царкве, якую сам некалі і ўзняў з руінаў.

«Заходзьце і вы, — з ганка кажа святар, — паслухаеце, пагаворыце. З людзьмі паразмаўляць я час заўсёды адшукаю».

У пакоі, дзе айцец прымае журналістаў, «творчы вэрхал». Усе палічкі занятыя кнігамі, яны нават на печцы. Стары айцец дастае фотальбом і аддаецца ўспамінам.

«Некалі было ўва мне троху духу — шчырасці нашай беларускай. Але трачуся ўжо, жыццё праходзіць. І цяпер гляджу я на вас, юных, ды па-добраму зайздрошчу, бо вы самае галоўнае маеце — маладосць і магчымасці. Калі я маладым быў, то бачыў толькі пакуты і смерць: вайну, катаргу, галодныя пасляваенныя гады, бязбожнікаў-камуністаў», — з болем у голасе кажа састарэлы бацюшка.

«Асабліва мне вайна ў памяць урэзалася. За тымі часамі тут каго толькі не было! Памятаю, як і рускія войскі тут праходзілі — тыя, што супраць саветаў, — і казакі, і ўкраінцы. Зойдуць у царкву з шаблямі, шапкі свае на рукі пакладуць ды моляцца. А звонку іх коні чакалі, запрэжаныя ў гарматы», — узгадвае стары.

«Тады ж толькі два шляхі было: альбо да немцаў, альбо ў лес да партызанаў. З апошнімі я меў сувязь, але нядоўга. Зрэшты, менавіта партызаны ў аколіцах усе цэрквы ў вайну і папалілі: у Сваротве, Ятве, у нашым Пачапаве. Засталася толькі невялікая каплічка на мясцовых могілках, ды і тая напалову знішчаная. Жабы там жылі. Я ў ёй потым 50 гадоў адслужыў, каб грошы на новы храм у Пачапаве сабраць. І ў выніку пабудавалі! На рэштках старога. Столькі часу на гэта сышло, ажно страшна думаць», — кажа святар.

«Неяк так выходзіць, што людзі хочуць жыць у міры і згодзе, а ўсё ваююць адзін з адным. Маральнасць — яна сёння хворая. Людзі няшчырыя ў сваіх дзеяннях, веры. Скалечылі мову, Богам пачалі прыкрывацца для ажыццяўлення сваіх задумаў… Гэтая няшчырасць і вядзе нас да згубы. Дарэчы, ужо шмат часу я назіраю, як штогод нараджаецца менш, чым памірае. Такія часы надышлі — толькі адпяваю, амаль не хрышчу», — ціха канстатуе святар.

Таксама балюча старому гаварыць аб вайне ва Украіне. Паводле яго, людзі народжаныя не для таго, каб забіваць адзін аднаго.

«У тым, што там цяперака адбываецца, мне ўжо і не разабрацца. Але мне здаецца, гэта нейкая народная помста. Бо ўкраінцам давялося пацярпець ад бальшавікоў. Там людзі заможна жылі, былі добрымі гаспадарамі, на сваёй урадлівай зямлі. А іх у Сібір заганялі, раскулачвалі. Нейкая крыўда паміж Усходам і Захадам існуе», — перакананы айцец.

«У нас таксама так было. Шмат беларусаў сышло на Захад — у Амерыку, Германію, Польшчу. Гэта тыя людзі, якія займалі нейкія пасады пры акупацыі, «рагулеўцы» таксама. Ну і проста такія, хто пры камуністах жыць не хацеў — сярод іх і маіх колішніх знаёмых хапае», — уздыхае святар.

Падчас гаворкі аб Усходзе і Захадзе ўзгадваецца Польшча, пад уладай якой у 1924-м айцец уласна і нарадзіўся. Разважаючы аб краіне-суседцы, святар агучвае сваю версію таго, чаму сёння палякі багацейшыя.

«Бо там людзі самі свабодна імкнуліся да чагосьці, самі ўсяго дасягалі. А нас прымушалі: зямлю адбіралі, скаціну, свабоду. Вось і цяпер кажуць: мы незалежныя! Але якія ж мы незалежныя, калі свайго нічога не маем? Бо некалі так было: падаткі заплаціў — і ўсё, ніякі чыноўнік на тваю зямлю і нагою не ступіць — прыватная ўласнасць! А цяпер… Увогуле, я так гляну іншым разам — людзі ж за ежу сталі працаваць. Бо раней гаспадар сам сабе мог на цэлы год зрабіць запас, каб пражыць. А што мы сёння можам? Ёсць грошы — купіў, паеў. А няма грошай?..»

У гэты момант у сенцах з’яўляецца жонка айца, ягоная аднагодка «Ганнушка».

«Чаму ты, бацюшка, так доўга гаворыш? Хадзі сюды», — кажа яна.

«Іду, Ганнушка, іду»,— адказвае ён і на развітанне дае нам наказ.

«Каб жыццё годна пражыць, трэба мець выхаванне, цярпенне і мужнасць. І Бога мець у сэрцы. А Бог — гэта любоў.

А то многія з гэтым пачуццём разабрацца не могуць, нікога не любяць, а наракаюць на лёс. Важна, каб любоў нас не пакідала і была шчырай. Тады і чалавек шчаслівым будзе».

Каментары21

Цяпер чытаюць

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць14

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» калекцыйную манету з Камеруна5

«Пасля нашага з табой пакалення мужыкоў няма». Лукашэнка наракае, што мужчыны-беларусы «стапталіся»23

Патрыярх Кірыл мае падатковы псеўданім Іван Захаравіч Прохараў4

Беларусаў, якія нанеслі свае бізнэсы на карту «Новай Беларусі» і вярнуліся ў краіну, прымушаюць каяцца і клясці Лібера7

Халезін незвычайна параўнаў Шрайбмана і Чалага3

«Давайце будзем паліваць». Лукашэнка расказаў пра эксперымент, які мае вырашыць праблемы з бульбай9

«Вы п**ары, у нас пратэрміноўка». У Мінску бягучы радок на мясной краме ўзбунтаваўся ВІДЭА4

Летась у Расіі затрымалі амаль тысячу чалавек, якіх шукалі ў Беларусі1

У Арлоўскай вобласці Расіі рухнуў вайсковы верталёт, які паляваў на ўкраінскія дроны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць14

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць