Замест James Zabiela прапанавалі DJ Hardwell.

Арганізатары фестывалю электроннай музыкі «Космас Наш», які «Наша Ніва» прапаноўвала сярод цікавых беларускіх фэстаў гэтага лета, заявілі аб адмене мерапрыемства.
«У выніку чарады падзей, што можна назваць дзеяннем непераадольнай сілы, у тым ліку адмены візіту галоўнага хэдлайнера фестывалю James Zabiela, намі было прынятае рашэнне адмяніць правядзенне фестывалю «Космас наш» у гэтым годзе», — тлумачаць арганізатары.
Удакладняецца, што ад правядзення фэсту ў наступныя годы арганізатары не адмаўляюцца.
Тым, хто ўжо набыў квіткі на «Космас наш», прапануецца абмяняць іх без даплаты на «DJMag Top 100 World Tour» у «Чыжоўка-Арэне», на якім 28 лістапада сярод іншых выступіць адзін з найлепшых дыджэяў свету, DJ Hardwell. Таксама грошы за квіткі можна вярнуць у касе TicketPro па адрасе пр-т. Машэрава, 25.
Каментары