Вада вярнулася ў нармальны стан, яе ўжо можна піць. Пацярпелых няма.

Рака Анімас у штаце Каларада, ЗША, афарбавалася ў кіслотна-аранжавы колер пасля ўцечкі таксічных рэчываў з закінутых шахт 5 жніўня. Стан вады атрымалася вярнуць да нормы толькі праз тыдзень, паведамляе Reuters.
У раку трапіла больш за 11 млн літраў адкідаў з залатых шахт. Вада займела завышаную канцэнтрацыю мыш’яку, волава, жалеза, алюмінію, кадмію, цынку і іншых рэчываў. Вада з ракі стала непрыдатнай для піцця — а яна была галоўнай крыніцай вады для некалькіх дзясяткаў тысяч людзей.
Адказнасць на сябе ўзяла Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя (EPA), якое праводзіла работы па ачыстцы закансерваваных шахт.



Ваду атрымалася ачысціць праз серыю штучных сажалак, у якіх асядалі шкодныя рэчывы. Пацярпелых ад атручання няма, EPA сцвярджае, што значнай шкоды навакольнаму асяроддзю не ўчынена, забруджанне не дайшло да грунтавых вод.
У курорце Дуранга, найбольш пацярпелым ад забруджання, ужо можна аднаўляць забор вады з ракі, але EPA заклікае правяраць калодзежы ў радыусе 1,6 км ад ракі на прадмет шкодных рэчываў.


Каментары