Фестываль кіно паўночнаеўрапейскіх краін «Паўночнае ззянне» пройдзе з 21 па 24 красавіка ў Мінску ў кінатэатры «Мір», паведамілі ва УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама.
Асноўная мэта фестывалю — паказаць беларускім гледачам найноўшыя паўночнаеўрапейскія фільмы, якія на мове кіно распавядаюць пра асаблівасці жыцця і менталітэту жыхароў Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі і Ісландыі. Слоган фестывалю-2016 — «Хараство штодзённага». Арганізатары мерапрыемства ўпэўненыя, што сваё хараство ёсць у самых звычайных рэчах, варта толькі ўважліва прыгледзецца. І 8 фільмаў, якія будуць паказаныя падчас «Паўночнага ззяння», павінны пераканаць у гэтым гледача.
Так, 21 красавіка ў кінатэатры прадэманструюць фільмы «Вясковыя жыхары» і «Лэнд Хо!», 22 красавіка — «Ітсі-бітсі» і «Супраць прыроды», 23 красавіка — «Мая худзенькая сястра» і «Перашкоды», 24 красавіка — кінакарціны «Гара нявіннасці» і «Cэкс, наркотыкі і падаткаабкладанне».
Фестываль таксама пройдзе ў Віцебску 21—24 красавіка. Яго арганізатарам выступае офіс Рады міністраў Паўночных краін у Літве сумесна з аддзяленнем пасольства Фінляндыі ў Беларусі.
Каментары