Усяго патроху

Шампіньён

Вось жа, дзіўная рэч: усе грыбы называюцца па-свойску, а гэты, з выгляду нікчэмны, падобны да блядай паганкі, носіць гучную францускую назву champignon. За часамі касмапалітычнай маладосьці я захапляўся замежнай літаратурай, і на вочы мне часьцяком трапляла гэтае нетутэйшае слова. Вось, барон Ляфантэн, рыхтуючыся да дуэлі, есьць ад ранку шампіньёны са сьмятанай ды запівае «Кліко»; а вось мастак з Лацінскага кварталу, скончыўшы пісаць чарговае ню, сядзіць на сваім гарышчы ды сёрбае нішчымную шампіньённую поліўку; тым часам нейкія студэнты спрачаюцца пра палітыку ў парыскай кавярні «Сэлэкт», перапэцкаўшы кволыя бароды шампіньённым соўсам… Тою парою шампіньёны ўяўляліся мне экзатычнымі грыбамі, што растуць дзе-небудзь у Савоі ці на схілах Правансальскіх гор. І толькі пазьней даведаўся, што гэтую экзотыку можна вырошчваць у любым цёмным і сырым сутарэньні, а каб сыпануць іх на патэльню, ня трэба і ў лес хадзіць: вунь ён, тутэйшы француз, узьняў галаву ў гарадзкім парку, прабіў збуцьвелае шыгольле мурашніка, абляпіў сухія каровіны ляпехі на ўтравелым падворку. У маіх паўночнабеларускіх, лясных шампіньёны й дагэтуль пры нагодзе прыдушваюць нагой, уважаючы за атруту. Зьведаць смакавыя якасьці шампіньёну ня змусіла нават ваенная і паваенная галадуха. Адна старая кабета, згадваючы часіны акупацыі, апавядала, што немцы перад сваім адыходам зусім ашалелі: «Набяруць у полі паганак, насмажаць ды жаруць, каб на іх халера». Насамрэч акупанты, відавочна, зьбіралі ды жэрлі шампіньёны. А дзесьці пры канцы 60-х давялося і мне, па прыкладзе нямецка-фашыстоўскіх акупантаў, зьлёгку ашалець ды набраць цэлае вядро маладых шампіньёнаў. Было гэта ў Гарадоцкім раёне, дзе я гасьцяваў у стрыечнага дзядзькі. Вёска дзядзькава ляжала ў глыбокай лагчыне і вакол, як кінуць вокам, цягнуліся спусьцістыя, парослыя рэдкім кустоўем адхоны, на якіх пасьвіліся каровы. У першы ж дзень перазнаёміўся з аднагодкамі і наступнага дня, ад самага ранку, пайшоў з двума вясковымі падшыванцамі адбываць радоўку. Бегаць за каровамі нам не давялося, бо іх пасьвіў увішны Тузік — шэры, падобны да заходнесібірскай лайкі, сабачка. Сядзелі ўтрох пад кустом, гулялі ў карты і смажылі на вогнішчы (насунуўшы іх на пруткі) маленькія скрылькі сала. А яшчэ падшыванцы вучылі мяне ляскатаць пугай. Прычым ня проста ляскатаць, а падсякаць разбэрсаным канцом кусты дзядоўніку ці зьбіваць купкі грыбоў-паганак, якімі было ўсыпанае поле. У мяне гэта кепска выходзіла і толькі аднойчы, відаць, выпадкова, удалося, хай і без належнага ляску, зьбіць купку паганак. З такой нагоды я нават пайшоў паглядзець — ці ўсіх я іх сьсек, і, нахіліўшыся, убачыў, што капялюшыкі зьбітых грыбоў спадыспаду пяшчотна-ружовыя, а на зломе пасьпелі пажоўкнуць. Пра такія адметнасьці шампіньёнаў я прачытаў свойчас у «Кнізе смачнай і здаровай ежы».

— Кінь, атруцісься! Гэта ж паганкі! — разам крыкнулі вяскоўцы, калі я раструшчыў капялюшак пальцамі.

Грыб прыемна пахнуў і — пакаштаваў я яго не без насьцярогі — быў крыху салодкім на смак.

Аднагодкі глядзелі на мяне са спалохам і дакорам. Пашкадавалі, відаць, што зьвязаліся з гарадзкім… Гарадзкі ж дурны… нажарэцца паганак ды, чаго добрага, памрэ.

Мальцы мне штосьці крычалі ўсьлед, але я ня слухаў: рынуў да дзядзькавай хаты.

Неўзабаве вярнуўся зь вядром і сьцізорыкам у руках. Пакуль зьбіраў шампіньёны, аднагодкі хадзілі сьледам, голасна сьмяяліся, пыталіся, ці запрашу на памінкі, і раз-пораз гарлалі: «А чаму мухамора ня ўзяў? Вунь, пад кустом стаіць!»

Я на такія жарты не зьвяртаў увагі. Поўніў вядро, прычым браў грыбы самыя маладыя ды крамяныя, а набраўшы з каптуром, паведаміў вясковым недарэкам, што ў Парыжы, прадаўшы вядро шампіньёнаў, можна атрымаць вялікія грошы. Недарэкі сустрэлі маё паведамленьне дружным рогатам: «А каровіны ляпехі там не прадаюцца?»

Пабачыўшы вядро з «паганкамі», дзядзька замахаў рукамі.

— Куды ты?! Нясі хутчэй за хату, пакуль куры не патруціліся!

І хаця я тлумачыў, што гэта шампіньёны, якія ядуць у самых шыкоўных парыскіх рэстарацыях, дзядзька з уздыхам пахітаў галавою, пабег на загуменьне, выкапаў глыбокую яму і са словамі «Во, Віцька, набраў паганак…» высыпаў туды парыскі далікатэс.

— Мы паганак не ядзём, імі атруціцца можна. Ды і растуць яны… там, дзе каровы ходзяць, — тлумачыў дзядзька, шаруючы вядро дробным пясочкам. — Зьбіраем баравікі, махавікі, абабкі…

Увесь час, пакуль гасьцяваў на вёсцы, зь мяне пацьвельвалі, прычым і малыя, і дарослыя. «Гэта той, што паганак назьбіраў», — шапталі за сьпінай вясковыя дзеўкі і пырскалі сьмехам. Я на іх не крыўдаваў. Дзеўкі не чыталі францускіх аўтараў і ня ведалі — якія цудоўныя стравы можна згатаваць з «паганак».

Грыбная сытуацыя за трыццаць сем гадоў крута зьмянілася, і сёньня на той жа Гарадоччыне зьбіраюць ня толькі баравікі, махавікі ды абабкі, але й валуі, сьвінухі, маладыя порхаўкі і нават жоўтыя рагацікі, якія і да грыбоў не падобныя. Ды што там рагацікі… у ежу пайшлі нават марынаваныя мухаморы. А вось шампіньёны зьбіраюць адзінкі, і гэтыя грыбы па-ранейшаму без усялякай карысьці для людзтва гінуць пад абцасам літога гумовіка.

Праўда, у гарадзкіх крамах гэтыя грыбы ўжо зьявіліся. Аднак і ў расфасаваным выглядзе грыбы выклікаюць насьцярогу. Я быў сьведкам, як адна кабета зьбіралася ўзяць паўкілё далікатэсу, але яе сяброўка, схапіўшы за рукаво, прасіпела: «Што ты бярэш?! Іх жа на конскім гноі вырошчваюць». Пасьля таго кабету перасмыкнула: ёй, відавочна, падалося, што ў поліэтыленавую торбу паклалі не шампіньёнаў, а сьвежых конскіх «яблыкаў».

Зусім ня тое ў цэнтры і на захадзе Беларусі, дзе лясоў, а значыць і грыбоў, меней. Там шампіньёны бралі і елі заўжды. Там іх ніколі ня звалі паганкамі, там яны маюць і сваё імя. Прычым для кожнага з трох відаў, што сустракаюцца ў Беларусі, яно сваё. Лясныя шампіньёны (Agaricus silvaticus) называюцца благушкамі, звычайныя (Agaricus campester) — пячурыцамі, а палявыя (Agaricus arvensis) — пячаркамі, ці печаркбмі.

Крута зьмяніўся за 37 гадоў і сьветагляд аўтара. На зьмену касмапалітычнаму юнацтву прысьпела моўна-пурыстычная сталасьць, і слых цяпер лагодзіць не красамоўны «шампіньён», а празаічная «пячарка».

Шампіньёны запечаныя

Шампіньёны (буйныя) 800 г, манная крупа (3 ст. лыжкі), булён (1/8 л), сыр. (150—200 г), цыбуліна. Зеляніна, яйка, сьмятана (200 г), гарчыца (чайная лыжка), белае віно (50 мл), соль, перац.

Грыбы пачысьціць, ножкі грыбоў дробна пакрышыць, зеляніну і цыбулю здрабніць, крупы абсмажыць без алею, з плаўленага сыру выразаць кружкі па форме грыбных капялюшыкаў. Сыр, які застаўся, дробна пакрышыць, зьмяшаць з крупой, зелянінай, цыбуляй, сырым яйкам і ножкамі грыбоў. Пакласьці капялюшыкі на бляху, напоўніць іх начынкай, прыкрыць кружкамі сыру, зьмяшаць сьмятану з гарчыцай і віном, пасаліць, паперчыць, заліць соўсам шампіньёны, запекчы ў духоўцы (хвілін 15).

Вінцэсь Мудроў

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню55

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Усе навіны →
Усе навіны

На поўначы Брэста працягвае смярдзець, улады заклікаюць «не панікаваць»2

Са Швецыі дэпартуюць яшчэ адну беларускую сям'ю11

Пад Быхавам адкрылі помнік археалагічнай знаходцы 1960 года. Ён падобны да надмагілля

Ва Украіне пад уплывам пратэстаў вяртаюць незалежнасць антыкарупцыйным органам8

У Мёрах падлетак прадаваў парнаграфію, выкарыстаўшы нумар суседа

Берасцеец ператварыў сямітонны валун у каменную ванну5

Мінчукі скардзяцца на атручванне пасля наведвання вядомага рэстарана. Працу ўстановы прыпынілі7

«Саўт-парк» жорстка высмяяў Трампа. Белы дом рэзка асудзіў12

РПЦ запатрабавала ад Беларускай праваслаўнай царквы вярнуць у назвах згадванне Маскоўскага патрыярхата52

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню55

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць