Ежа88

Рэцэпты з ядомых дзікаросаў — даўншыфтары дзеляцца любімымі стравамі з крапівы, дзьмухаўцоў, сніткі ды іншых дзікіх раслінаў

Незвычайныя рэцэпты для сайта downshifter.by сабрала Аўгіня Манцэвіч.

Вясна ўжо трывала стаіць на нагах — на дрэвах з'явіліся пупышкі, а дзе-нідзе і зацвілі. А з зямлі пачала паказвацца доўгачаканая зялёная трава. Гарадскі жыхар ужо і забыў, што многія дзікаросы можна ўжываць у ежу. Але сапраўдны вясковец мусіць ведаць, якую расліну сарваць і што з яе прыгатаваць.

DownShifter.by вырашыў разабрацца, якія расліны можна есці і як іх прыгатаваць. Для гэтага мы сабралі некалькі рэцэптаў страваў з дзікаросаў ад даўншыфтараў нашай краіны.

Дзякуючы досведу нашых продкаў, сёння мы ведаем, што можам пэўным чынам прыгатаваць самыя розныя расліны. У лопуху можна з'есці літаральна ўсё — ад каранёў да насення. З каранёў дзьмухаўца і цыкорыя робяць напоі, падобныя на каву. Вельмі смачным атрымліваецца варэнне з дзьмухаўцоў, маладых яловых шышак, чорнай бузіны. Цікавы на смак суп з кісліцы. У ежу можна ўжываць адвараныя клубні лапчаткі гусінай і стрэлкаліста, мякіш аера. Выпякаюць з перамолатага карэння жоўтага і белага гарлачыка ды жалудоў. У інтэрнэце можна знайсці самыя розныя рэцэпты. А вось тыя, што сабралі мы. 

Насця Дабравольская з Казіміраўкі

Смажаны хмель

Адварваем малады хмель у салёнай вадзе, ваду зліваем. Адвараны хмель кідаем на патэльню з алеем гхі ці сметанковым маслам і трошкі падсмажваем. Гатова!

Хмель

Суп з крапівой, зоркаўкай ды іншымі дзікаросамі

Калі вада ў рондалі закіпела, кінуць туды нарэзаную бульбу, цыбулю, нацёртую моркву. Можна дадаць свежую капусту і бурак. Крапіву парэзаць. Можна не абдаваць яе кіпнем ад пякучасці, а адразу дадаваць у суп, каб туды патрапіла як мага больш вітамінаў. Туды ж можна парэзаць шчаўе і зоркаўку (выдатную крыніцу жалеза) і лебяду (выдатную крыніцу бялка), пятрушку, кроп. У канцы можна дадаць вараныя яйкі ці панір. Запраўляць смятанай.

Зоркаўка 

Зміцер Янкоў з Чырвонага Кастрычніка

Крапіўны квас

У трохлітровы слоік засыпаць сталовую лыжку цукру. На дно выкласці слой маладога лісця крапівы таўшчынёю 5 см. Паставіць у прахалоднае месца на пару-тройку дзён. Калі стане мутны, як кісель, працадзіць. І можна піць.

Крапіва

Смажаны хвошч

Збіраць хвошч трэба маладым, калі ён толькі пусціў свае атожылкі-песцікі, — тады не будзе гарчыць. Аблупіць хвошч ад чорнага шалупіння і галовак-порхавак. Справа даволі марудная, але вартая таго. Затым смажыць на алеі, пасаліць па смаку. Атрымліваецца афігенна.

Хвошч

Алеся Каржова, Малое Запруддзе

Канапкі з тушанай лебядой

Назбіраць шмат маладой лебяды. Тушыць разам з цыбуляй і морквай. У канцы дадаць крыху адыгейскага сыру кавалкамі і таматны соус. Намазваць на хлеб. Мусіць атрымацца хіт сезону.

Лебяда

Салат са сніткай

Вясною снітка з'яўляецца адной з першых, таму, каб узбагаціць свой рацыён вітамінамі, можна дадаваць яе ў любыя стравы — супы, зажаркі, салаты. Салат можна прыгатаваць, напрыклад, такі. Назбіраць маладой сніткі, парэзаць, дадаць нашынкаванай капусты, памідораў і часныку. Пасаліць па смаку. Есці, запраўленым алеем ці смятанай.

Снітка

Аўгіня Манцэвіч, Лохаўшчына

Салат з дзьмухаўцоў

Самыя першыя лісты дзьмухаўцоў можна ўжываць без адмысловай апрацоўкі — яны не гарчаць. Проста прамыць, парэзаць, дадаць пер'е цыбулі, кроп, пятрушку. Па жаданні можна дадаць варанае яйка. Пасаліць. Калі збіраць дзьмухаўцы не ў самую ранюю вясну, іх трэба на 15-20 хвілін замачыць у халоднай падсоленай вадзе ад горычы. Затым салат гатуецца так жа. Запраўляць можна алеем ці смятанай. Такі салат, дарэчы, папулярны ў Францыі. Там яго запраўляюць толькі алеем.

Дзьмухаўцы

Суп са шчаўя

Суп з шчаўя, альбо проста шчаўе, можна прыгатаваць як халодным, так і гарачым. Каб прыгатаваць халаднік, трэба закіпяціць ваду, дадаць шчаўя, паварыць 3-5 хвілінаў, дадаць пер'е цыбулі, парэзанае варанае яйка. Пасаліць па смаку. Падаваць з смятанай.

Гарачы варыянт шчаўя гатуецца на булёне з бульбай і цыбулінай. Затым у булён дадаць шчаўе, парэзанае варанае яйка, кроп, пятрушку. Да гарачага супу таксама пасуе смятана.

Шчаўе 

Юля Лісіца, Лоск

Блінцы з канюшынай

Любыя дзікаросы дзеля бяспекі лепш абдаваць кіпнем, каб знішчыць усе хваробы, якія пераносяцца з мачой дзікіх жывёлаў. Суквецці белай і ружовай канюшыны варта збіраць маладымі, не сапсаванымі насякомымі. Трэба каля 100-150 суквеццяў. Заліць іх гарачай вадой і даць настаяцца 3 хвіліны. Для цеста спатрэбяцца 5 ст.л. пшанічнай мукі, 2 ст.л. жытняй мукі, 1 ст.л. спецый ды гародніны, напрыклад, асфетыда, парашок гарчыцы, чорны перац ды хмелі-сунэлі, крыху солі. Усё гэта змяшаць, дадаць лыжку алею, 150-200 мл. халоднай вады. Перамяшаць да густой кансістэнцыі і пакінуць у прахалодным месцы на 5-10 хвілінаў. Затым зліць ваду з канюшыны, дадаць у цеста, асцярожна перамяшаць, каб захаваць цэлыя кветкі. Зфармаваць блінцы і смажыць на маленькім агні 5-7 хвілінаў з кожнага боку. У канцы можна ўпрыгожыць папярэдне вымачанымі грэцкімі арэхамі.

Увогуле, спалучэнні дзікіх траваў з звыклымі для нас прадуктамі часта даюць неспадзявана круты вынік. Так што можна эксперыментаваць з любымі падлівамі і стравамі.

Канюшына 

Таццяна Сіняўская, Падбярэззе

Смузі з крапівы і аксамітак

Для смузі спатрэбяцца крапіва, яблык, лімон. Усё перамяшаць у блэндары. Для аздаблення дадаць аксаміткі і мяту. Мусіць атрымацца ў выглядзе пюрэ. Але калі дадаць вады — будзе як кактэль.

Аксаміткі

Гарбузовыя суквецці ў цесце з лофантам

Лофант і гарбузовыя суквецці, калі яны яшчэ ў бутонах, трэба нарыхтоўваць у час сухога надвор'я. Затым прамыць і прасушыць. Для цеста спатрэбяцца 100г. мукі, адно яйка, плошачка мёду, жменька кунжутнага насення. Гатаванне кляра: яйка ўзбіць з мукой, дадаўшы 50-100г вады, можна трохі пасаліць. Пакласці суквецці ў кляр, даць некалькі хвілін для насычэння. Выкласці на гарачую патэльню і абсмажыць літаральна некалькі хвілін. Абсыпаць кунжутам ды дробненькімі лофантавымі пялёсткамі. Дадаць мёду колькі каму да спадобы.

У зборы дзікаросаў важна прытрымлівацца тых жа правілаў, што і пры зборы грыбоў: не ўпэўнены — не бяры. І хоць у нашых шыротах у ежу можна ўжываць фактычна амаль любую расліну, ёсць і вельмі небяспечныя экзэмпляры. Напрыклад, асабліва ўважліва трэба ставіцца да парасонавых — снітку лёгка пераблытаць з атрутнай цыкутай, кантакт з якой амаль стоадстокава прыводзіць да смерці. У Беларусі, на жаль, здараліся такія выпадкі. Лепш за ўсё збіраць дзікаросы на вядомых вам палянках, дзе вы ў іх упэўненыя. Акрамя таго важна памятаць, што амаль у любой расліны ёсць супрацьпаказанні. Так што неабходна праверыць іх перад ужываннем.

Карыстайцеся дарамі прыроды з розумам. І смачна есці!

Каментары8

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай35

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску мужчына парваў пашпарт былой жонкі, каб не пакідаць ёй сваё прозвішча1

Шуневіч з жонкай не выйгралі права на паляванне на мядзведзя. Конкурс праводзіла арганізацыя Шуневіча4

«Пякельная праца». Беларуска расказала, як зарабіць 200 рублёў у дзень на чарніцах

Прадставілі новую калекцыю школьнага адзення на будучы сезон ФОТЫ3

На лідара «Палаца» Алега Хаменку завялі крыміналку за супрацу з медыя3

Мінчане скардзяцца, што ў горадзе вельмі моцна смярдзіць. Санстанцыя кажа, што непакоіцца няма пра што5

Фэйкавая журналістка «Новая газета Еўропа» спрабавала ўзяць інтэрв’ю ў Паўла Латушкі4

Што насамрэч знаходзіцца побач з курскім пляжам, на якім ад украінскіх дронаў пацярпелі людзі4

Беларусы ва Уроцлаве плятуць маскіровачныя сеткі для Украіны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай35

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць