Культура

Цуд на Каляды

Як беларусы прыходзяць да роднай мовы? Кожны па-свойму. На Андрэя Хадановіча паўплываў… Дзед Мароз.

Разумныя людзі, ад грэцкіх філёзафаў да беларускага паэта Ўладзімера Някляева, выказвалі гіпотэзу, што напраўду чалавек бывае свабодны толькі двойчы, у часе двух вялікіх падарожжаў, пярэбараў з таго сьвету на гэты й з гэтага на той.

На шчасьце, паміж гэтымі архіважнымі падзеямі ў нашым жыцьці надараюцца й драбнейшыя, звычайныя цуды, дзівоснасьць якіх намякае на нешта большае, чым яны самі.

…Я быў яшчэ дашкольнікам і, як бальшыня маіх савецкіх раўналеткаў, ня ведаў, што такое Каляды, і адзначаў выключна Новы год. Таксама нічагуські ня знаў я і пра магаў - Каспара, Бальтазара й Мэльхіёра. Апошняе імя асацыявалася ў мяне адно з сталовымі прыборамі. Ня ведаў і пра іхныя дары - золата, ладан. А "сьмірна" была для мяне вайсковай камандаю з тэлеперадачы "Служу Савецкаму Саюзу". Затое сам я быў бясспрэчным чэмпіёнам па атрыманьні падарункаў пад вечназялёнай расьлінаю ў зыркіх шарыках і яскравых лямпачках, што ўставала ў мяне дома пад Новы год. І мне ў гэтым зусім не заміналі дзьве постаці, што несьлі пад ялінкай сваю варту, - Дзед Мароз і ўдвая вышэйшая і зграбнейшая ад яго Сьнягурка, нібы ўлюбёная топ-мадэлька побач з старым модным кутур'е, пра існаваньне якіх я, зрэшты, таксама тады ня ведаў. Затое я напэўна ведаў, што калі 1 студзеня ўстану раней за сяброўку, якая прыехала сьвяткаваць Новы год да нас, то знайду пад елкаю-ёлкаю ня толькі свой, але і ейны прэзэнт, і толькі цуд зможа ўратаваць яе ад гэтага.

І вось аднойчы бацька прывёў мяне на сьвяткаваньне Новага году ў Дом літаратара. Тамтэйшы бар уразіў мяне багатым выбарам шакалядных вырабаў. Магчыма, я адзіны беларускі паэт, для якога славуты бар асацыюецца ня з моцнымі напоямі, а зь нявіннай шакаляднаю пліткай. Менавіта ейны смак суняў маё хваляваньне перад архіадказнаю аўдыенцыяй.

Юныя наведнікі Дому літаратара сустракаліся ў той дзень зь мясцовым Дзедам Марозам, расказвалі яму вершыкі й сьпявалі песенькі, за што атрымлівалі з шчодрых рук навагоднія падарункі - свае першыя літаратурныя ўзнагароды. Наконадні сьвяточнай падзеі бацька вывучыў з мною навагодні вершык. Калі не памыляюся, гэта быў першы тэкст на беларускай мове, што трапіў у поле маёй увагі. Мова мяне крыху зьдзівіла. У мяне былі сур'ёзныя падазрэньні, што жывыя людзі так не гавораць. І напраўду, выявілася, што я быў адзіным на імпрэзе дзіцём, якое чытала верш на гэтай мове. Але ж знайшлася істота, што падтрымала мой высакародны парыў. Сівабароды Дзед Мароз гаварыў па-беларуску!

Мая тэорыя спраўджвалася. Звычайныя людзі так не гавораць, але ж Дзед Мароз быў стварэньнем казачным, незямным. Я быў узрушаны й перакананы: беларуская мова - мова Дзядоў Марозаў… З часам калядна-шакалядная магія часткова разьвеялася, але вершык я ведаю на памяць дагэтуль.

Мінулі гады. Беларусь здабыла незалежнасьць. Па-дзівоснаму раптоўна, як калядны падарунак, і, як бывае з падарункамі, не да канца заслужана.

. Беларуская мова - прынамсі, фармальна - на некалькі год зрабілася адзінаю дзяржаўнаю. А беларускія дзеці дазналіся, што апроч Новага году ёсьць яшчэ й Каляды, а па-за Дзедам Марозам - і Сьвяты Мікалай. Як сьцьвярджае тэлебачаньне, ён працуе кіроўцам вялізарнай чырвонай фуры, на якой развозіць дзеткам "Кока-Колу" - на зайздрасьць незваротна пасталеламу пакаленьню "Пэпсі".

І раптам выявілася, што ў Беларусі ня так ужо й мала моладзі майго пакаленьня валодае беларускаю нічым ня горай за таго "літаратурнага" Дзеда Мароза. Моладзі, для якой "кола" - гэта ня толькі калядны напой, але й прадмет круглай формы; моладзі, што сама стварае вершы й песьні, якія ня сорамна было б выканаць перад навагоднім дзядунем з вуліцы Фрунзэ, 5.

Час ад часу гэтыя мальцы гуртуюцца на якім-небудзь школьным стадыёне, каб пагуляць у футбол. І тады пацаны з навакольных дамоў, што далучаюцца да іх, чуюць дзіўныя словы, якіх не пачуеш ад камэнтатараў БТ: "апука", "брамнік", "нападнік", "кутні", ці нават "рагавы". Хто ведае, мо для гэтых падлеткаў наша мова - такі самы цуд, якім для мяне была мова Дзеда Мароза?..

Прыходзячы заўзяць на "Дынама", гэтая моладзь прыносіць з сабою нашыя сьцягі забароненых колераў, за што яе тутсама арыштоўваюць заўзятары ў цывільным. Гэтыя тыпы добра ведаюць у твар шмат каго з арыштаваных, бо бачылі іх ня толькі на стадыёнах.

Афіцыйная прапаганда называе гэтых мальцаў са сьцягамі "адмарозкамі". Ці не таму, што ў дзяцінстве кожнага зь іх адбылася сустрэча са сваім беларускім Дзедам Марозам?

Нават у судзе гэтыя мальцы не жадаюць адказваць на пытаньні па-расійску й заўзята патрабуюць беларускага перакладніка. Што імі рухае? Магчыма, яны таксама прыйшлі да формулы, што па-сапраўднаму свабодным чалавек бывае двойчы: зьяўляючыся ў гэтым сьвеце й сыходзячы зь яго? А гэта значыць, што, акрамя дзіцячага пакою міліцыі, ёсьць яшчэ й яна, нябесная канцылярыя, дзе, у апошні раз адказваючы за свае дрэнныя паводзіны, можна будзе адказваць, як думаеш, - не патрабуючы перакладніка.

(газэтны варыянт)

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША5

Трамп забараніў уезд у ЗША грамадзянам 12 краін

Памёр Аляксандр Класкоўскі-малодшы7

У мінскіх крамах заўважылі мяса ў правакацыйных упакоўках і без маркіровак. Адкуль?1

Праціўнікі Ціханоўскай збіраюцца на круглы стол, каб вырашыць, як жыць далей44

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца14

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы8

Трамп неанансавана перагаварыў з Пуціным: Пуцін сказаў, і вельмі рашуча, што яму давядзецца адказаць на атаку па аэрадромах22

Новак Джокавіч зрабіў чарговую пародыю на Сабаленка. Тая падыграла3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць