Культура55

Маршруты па Беларусі: Над ракой Арэсай

Пра Любаншчыну піша Сяргей Харэўскі. Тут ёсць крэйдавыя азёры, экспанаты пра ўнікальную камуну 1929‑га. Гэта радзіма Сыракомлі і Шпілеўскага.

Тут ёсць крэйдавыя азёры, экспанаты пра ўнікальную камуну 1929‑га. Гэта радзіма Сыракомлі і Шпілеўскага.

Ёсць многа нагодаў наведаць Любань — мястэчка над ракой Арэсай. Тое самае, апетае Купалам. У Любанскім музеі сабраныя шматлікія экспанаты, якія падрабязна расказваюць пра жыццё камуны, створанай тут у 1929 годзе. Праўда, пра рэпрэсіі, знішчэнне ўсіх святыняў у ваколіцы, гвалт і высылкі, пра камунараў, што сталі самі ахвярамі рэпрэсіяў, згадак няма.

Хоць галоўны герой паэмы «Над ракой Арэсай», Пракоп Адзярыха, у 1937‑м загінуў у ГУЛАГу…

Любань вабіць зелянінай, цішынёю і свежым подыхам Арэсы. Ад далейшай мінуўшчыны тут мала што засталося. Данядаўна стаяла драўляная сінагога, якой было больш за паўтараста гадоў. Цяпер сінагогу зруйнавалі, а памятную табліцу… перавесілі на суседні будынак. Таксама, зрэшты, будынак сінагогі.

У Любані ёсць новыя цікавосткі: зграбнае архітэктуры царква і касцёл Маці Божай Фацімскай.

У іншым — гэта райцэнтр з усімі атрыбутамі: бальніца, аўтавакзал, плошча Леніна, Дом культуры, музей, гандлёвы цэнтр, пошта. Модныя завядзёнкі не абмінулі і Любань: закаханыя навешваюць на мост над Арэсаю замкі і замочкі на знак вернасці.

Вылучае Любань вялікае вадасховішча на Арэсе. Тут інтэнсіўна працуе адна з самых магутных у краіне рыбных гаспадарак.

Відовішча вялізарнага рукатворнага люстра вады захапляе.

Калі тут адкрылі радовішчы крэйды, сыравіны для вырабу сілікатнае цэглы, адбылося другое нараджэнне Любаншчыны. Між дарогаў відаць у полі вялізарныя крэйдавыя горы. У промнях ранішняга ці вечаровага сонца яны блішчаць бледна‑ружовым і каралавым святлом. Фантасмагарычнае відовішча сярод бязлеснае раўніны. Рыхтык, слынная аўстралійская гара Аерс‑Рок.

Слядок Божы

Таксама нечакана сярод поля, між асфальтавых дарогаў, ля вёскі Ператок, можна сустрэць людзей, якія кленчаць ля святога каменю. Яны нясуць сюды вянкі з палявых кветак і ваду. Гэты камень мае назву Слядок Божы, або Божы камень. Людзі ідуць да каменя ў першую нядзелю пасля маладзіка. Яму кладуць ахвяры: малако, мёд, яблыкі і нават запіхваюць у яго адтуліны, нібы ў рот, цукеркі. Гэты шэры умшэлы валун, увесь працяты адтулінамі, дзіркамі, паглыбленнямі, нібы павялічаны ў маштабе кавалак вулканічнай пемзы. Хоць гэта — граніт. Многія дзіркі скразныя. Людзі ліюць у іх ваду.

Вада, якая пройдзе ў адну адтуліну і выльецца з іншай, лічыцца гаючай. Ёю лечаць розныя хваробы.
Калі не замінаць, можна стаць сведкам унікальнага архаічнага відовішча. Старэйшыя людзі з наваколля цалуюць камень і гладзяць, нібы жывога. Шчыра пераказваюць, каму і ад чаго дапамог камень.

Раней, да савецкае ўлады, усё прынесенае на камень забіралі сляпыя старцы, якія жылі ў вёсцы Таль… А калі тут з’явіліся металічныя крыжы, на якія вяжуць ручнікі, ніхто пэўна не скажа. Але нядаўна: мо толькі ў вайну. Ля каменю растуць старыя бярозы. Дзіва, як гэтае святое месца сярод калгаснага поля не разаралі. Значыць, не ўсё так проста было ў краіне вечнага шчасця над ракой Арэсай…

Радзіма святога

Вялікая вёска Таль, дзе жылі старцы, стаіць сярод рэдкалесся на рэчцы Таліца. Сёння, як і паўсюдна, тут асфальт, бетон, сілікатная тутэйшая цэгла. Уславілася гэта вёска тутэйшым святаром Сяргеем Радакоўскім, далучаным да ліку святых новапакутнікаў ХХ стагоддзя. Ён служыў тут у 1920‑я, камунарскія, гады. Бальшавікі здзекаваліся з святара: абкладалі непамернымі падаткамі, адпраўлялі пад канвоем на лесанарыхтоўкі, адабралі дом. У 1933‑м айца Сяргея арыштавалі і расстралялі. А старадаўнюю Траецкую царкву, у якой ён служыў, раскідалі, і з тае драўніны зрабілі клуб. Цяпер новы храм Святой Тройцы стаў галоўнай святыняй гэтых мясцінаў. У храме ёсць і абраз тутэйшага святога, Сяргея Радакоўскага, да якога ідуць маліцца нашчадкі камунараў.

Аброчная крыніца і адзінаццаць крыжоў

Таксама тутэйшы бацюшка ладзіць малебны і ля святой крыніцы. Яна ў лесе, між вёскамі Дарасіно і Радугай. (Раней вёска Радуга звалася Хацінава, але потым на яе «перанеслі» назоў новага пасёлку‑цагельні. Цяпер тая цагельня заняпала.)

Вакол таемнае святое крыніцы стаяць адзінаццаць драўляных крыжоў. Раней тут на Спаса ладзілі крыжовае шэсце да вады і асвячалі ў царкве садовыя кветкі і гародніну. Традыцыя ўпотай выжыла ў савецкі час. Нават у 1950—1970‑я гады тут таемна ладзіліся фэсты. На першы Спас да святой крыніцы сыходзіцца шмат людзей і сёння. Тут асвячаюць мак і мёд. А дахаты вязуць святую гаючую ваду.

Вёска, дзе цёпла на сэрцы

Па дарозе да Радугі як не наведаць легендарны Смольгаў, котлішча Уладзіслава Сыракомлі? Пасля безлічы пабачаных сілікатных муроў, выпрастаных рэкаў і пыльнай роўнядзі асушаных балотаў, узнагародаю стаецца сімпатычная вёска ў сакавітай зеляніне, за якія два кіламетры ад галоўнае шашы. Дзе ёсць беларуская школа, дзе ўсе гавораць па‑нашаму і памятаюць пра «вясковага лірніка». Тут ён і з’явіўся на свет у 1823 г. Тут памятаюць нават апошніх паноў — Мажэйкаў, якія трымалі Смольгаў.

У вайну фальварак згарэў дашчэнту. На тым месцы цяпер яблыневы сад. Памятны валун у гонар Сыракомлі нядаўна ўсталявалі пры мясцовай школе. І заклалі рабінавыя прысады. А ў самой школе імя Сыракомлі — выдатны краязнаўча‑гістарычны музей. Светла і годна. Калі не такой, то амаль такой хацелася б бачыць і астатнюю Беларусь.

Смарагдавыя азёры

Але найбольшы эксклюзіў Любаншчыны ляжыць між вёскамі Радугай і Чапаевым. Гэта колішнія крэйдавыя кар’еры, поўныя смарагдавай вады. На картах іх няма, але запытайце — тутэйшыя людзі падкажуць, як да іх праехаць. Вада там найчысцейшая. Зыркае сонца прасвятляе тут бялюткае дно і адлюстроўвае блакіт неба. Крэйдавыя адхоны ўсмоктваюць вільгаць з паветра. Таму яно тут сухое і духмянае. Пахне жывіцаю і крэйдаю. Нібы дзе на далёкім Поўдні. Купанне ў гэтых копанках — суцэльнае задавальненне. Адно што трэба ўхітрыцца не перапэцкацца белай крэйдаю.

Шыпілавічы

Яшчэ Любаншчына — радзіма Паўла Шпілеўскага, славутага этнографа ды краязнаўца. Вёска Шыпілавічы на ракой Арэсай. Бацька Паўла Шпілеўскага, праваслаўны святар, у 1819 годзе быў накіраваны ў тутэйшую Шыпілавіцкую царкву. Сям’я, у якой было пяцёра дзяцей, якіх даглядала шыпілавіцкая сялянка Агата Касьмінава, пражыла тут шэсць гадоў. Тую сваю няньку Павал Шпілеўскі з любасцю згадвае ў «Падарожжы па Палессі і Беларускім краі» як выдатную апавядальніцу і казачніцу. Шпілеўскі, узгадаваны ў гэтых краях, прысвяціў пазней роднай мове багата навуковых працаў. Ён шчыра любіў Беларусь, захапляўся веліччу яе духоўнай культуры. То бок, у гэтых краях і нараджалася спакваля тая ідэя, што мы завем Беларушчынай .

У часы Шпілеўскіх тут дзейнічала царква, дзе святарыў бацька. У 1930‑я яе разрабавалі і раскідалі. Цяпер на царкавішчы ўсталяваны вялікі крыж. Гэта, насамрэч, вельмі прыгожае месца, з якога адкрываюцца самавітыя краявіды. Зрэшты, як і тутэйшая мова і песні. Тыя самыя, што чуў яшчэ Павал Шпілеўскі.

Сяргей Харэўскі

***

Любань

самы паўднёвы горад Мінскай вобласці. Размешчаны на р.Арэса, за 152 км ад Мінску, 25 — ад чыгункі Баранавічы—Асіповічы. У пісьмовых крыніцах згадваецца з XVI ст.

Глядзі таксама:
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Каментары5

Цяпер чытаюць

Хто такі Міхаіл Мяховіч — сілавік, які вядзе канал ГУБАЗіКа і адказвае за прабіў людзей19

Хто такі Міхаіл Мяховіч — сілавік, які вядзе канал ГУБАЗіКа і адказвае за прабіў людзей

Усе навіны →
Усе навіны

Кубракоў, вярнуўшыся з селектарнай нарады ў Лукашэнкі, зразу ж склікаў сваю — па той жа схеме17

Жыхары шматпавярховіка ў цэнтры Мінска страцілі сон праз спеў паўлінаў2

У Мінску дэмантавалі памятныя знакі ў гонар міліцыі. Яны не прастаялі і двух гадоў ФОТАФАКТ6

У Еўропе нараджальнасць на гістарычна найніжэйшым узроўні. І нават прасямейная палітыка не дапамагае5

Беларусам з 11-месячным дзіцём не далі паляцець на Кіпр па польскім праязным дакуменце. Дачапіліся да дзіцяці11

На матчы беларускіх футбалістаў у Грузіі заўзятараў прымушалі прыбіраць БЧБ-сцягі3

Дзяўчына набыла бляшанку глыбоцкай згушчонкі і збянтэжылася. Яна аказалася не такой, як звычайна3

Аляксандр Саладуха трапіў у бальніцу і перанёс аперацыю10

Мінчук паказаў, што рабіць, калі машына трапіла па вокны ў ваду падчас патопу ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такі Міхаіл Мяховіч — сілавік, які вядзе канал ГУБАЗіКа і адказвае за прабіў людзей19

Хто такі Міхаіл Мяховіч — сілавік, які вядзе канал ГУБАЗіКа і адказвае за прабіў людзей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць