Культура33

Самы славуты ананім

13 чэрвеня — 175 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Вераніцына — аўтара паэмы «Тарас на Парнасе». Піша Язэп Янушкевіч.

13 чэрвеня — 175 гадоў (1834) з дня нараджэння Канстанціна Вераніцына — аўтара паэмы «Тарас на Парнасе». Піша Язэп Янушкевіч.

Яшчэ трыццаць гадоў таму гэта падалося б немажлівым: адзначаць юбілей аўтара «Тараса на Парнасе». Імя Канстанціна Вераніцына спакваля займае месца ў беларускай літаратуры. Ад самага таго дня 13 лістапада 1973 г., калі даследчык Генадзь Кісялёў адшукаў першыя згадкі пра яго ў Гістарычным архіве.

Яшчэ ў 1980‑я ў школьных падручніках выгадней было трымацца думкі пра ананімнасць твора: не ставала доказаў на карысць якой‑небудзь канкрэтнай асобы, хоць сакрэт аўтарства ляжаў на паверхні.

Перашкаджала літаратуры палітыка. А менавіта яснае ўказанне на тое, што аўтарам «Тараса на Парнасе» быў Канстанцін Вераніцын, утрымлівалася ў рукапіснай хрэстаматыі беларускай літаратуры, якую ў другой палове ХІХ ст. складаў даследчык Аляксандр Рыпінскі.

Тыя сшыткі Рыпінскага ў 1920‑я захоўваліся ў прафесара Міхаіла Піятуховіча, які выкладаў у Беларускім дзяржуніверсітэце. Іх і пабачыў адзін з тагачасных студэнтаў, Антон Адамовіч, пазней знаны літаратуразнаўца, патрыярх беларускай эміграцыі ў ЗША.

Дарэчы, у чэрвені спаўняецца сто гадоў і ад яго нараджэння.

Сшыткі Рыпінскага згубіліся ў ваенных пажарах. Але ўспаміны Адамовіча, цішком паказаныя Генадзю Кісялёву Максімам Лужанінам у пачатку 1970‑х, далі штуршок да яго росшукаў.

Спачатку Кісялёў быў пэўны, што «Вераніцын» — псеўданім.
Таму шукаў па архівах звесткі пра ўсіх магчымых Канстанцінаў. І раптам у дакументах Горацкай земляробчай акадэміі за 1857—1858 гады знаходзіць звесткі пра найпершага выдатніка Канстанціна Вераніцына. Паступова вобраз аўтара «Тараса на Парнасе» паўстаў перад намі ў многіх падрабязнасцях.

Канстанцін Васілёў Вераніцын нарадзіўся 13 (1 па старым стылі) чэрвеня 1834 г. у вёсцы Астраўляны Віцебскага павету Віцебскай губерні (цяпер Гарадоцкі раён).

Быў ён па нараджэнні прыгонным, як і яшчэ адзін Тарас — украінец Шаўчэнка. Літаратуразнаўцы неаднойчы звязвалі з ім загаловак паэмы. Яшчэ Аляксандр Рыпінскі, перапісваючы «Тараса на Парнасе» ў свае сшыткі (гэтыя самаробныя рукапісныя хрэстаматыі непрызнанай і забароненай беларускай літаратуры паўставалі як народныя падручнікі), сцвярджаў: «Прыпавесць гэтая напісаная з нагоды нечаканага з’яўлення ў рускай літаратуры паэзіі простага маларасійскага казака Тараса Шаўчэнкі ў яго народнай гаворцы. Шмат нарабіў ён голасу».

Толькі Шаўчэнка, атрымаўшы адпускную, і надалей застаўся Шаўчэнкам. А наш паэт, меўшы першапачатковае прозвішча Васільеў, пасля атрымання «вольнай» ад свайго пана Васіля Бондырава (на думку Г.Кісялёва, не выключана, што наш Вераніцын быў яго пазашлюбным сынам), выбраў сабе прозвішча Вераніцын.

Атрыманая ад пана‑бацькі вольная не стала адзінкавай успамогай 12‑гадоваму хлопчыку. Ужо сын астраўлянскага ўладальніка, «адстаўны падпалкоўнік Міхал Бондыраў», 28 жніўня 1845 г. пісаў просьбу на імя інспектара вучэльняў у Віцебскай губерніі, каб падлетка «прынялі ў той клас, у які па іспыце вартым падасца «. Пасля сямігадовай вучобы ў гімназіі (1845—1852, а перад тым была Гарадоцкая парафіяльная школка) прага да навукі прывяла юнака ў Пецярбургскую медыка‑хірургічную акадэмію (1852—1854).

Вучоба ў Пецярбургу — вось чым тлумачыцца веданне «парнаскіх» рэалій з жывымі чуткамі пра Булгарына і Грэча, пра «Пушкіна, Лермантава з Жукоўскім ды Гогалем», гнуткі верш «пушкінскай паэтычнай школы», які гэтак зграбна загучаў у творы.

А потым была вучоба ў слыннай Горы‑Горацкай «акадэміі», куды Кастусь Вераніцын паступіў ў 1857 г. адразу на трэці курс, а ў 1859 г. у ліку найлепшых студэнтаў скончыў «земляробчы інстытут» са званнем агранома, абараніўшы дысертацыю «Пра беларускую гаспадарку» («Знаць, і багі хазяйства водзяць, Калі свіней дзяржаць яны.»).

«Тарас на Парнасе» складаўся за часам пецярбургскага ды горацкага побыту.
Паэма мае ў сабе рысы студэнцкага «капусніка», аналага сённяшніх «Камедзі‑клабаў», толькі на непараўнальна вышэйшым інтэлектуальным узроўні. Разлічаная яна была на людзей адукаваных, знаёмых, прынамсі, са светам антычнай міфалогіі. Як сведчыў фалькларыст Еўдакім Раманаў, сяляне ўспрымалі паэму як «цікавую байку, але не для нашага розуму».

Выходзіць супярэчнасць: чаму Вераніцын, прадукт расійскай адукацыйнай сістэмы, які па‑расійску ўвабраў у сябе веды і пра тую ж культуру Старажытнай Грэцыі і Рыму, піша паэму па‑беларуску? Калі бальшыня насельнікаў краю не зможа яе ацаніць з прычыны няведання апісаных рэалій?

Спрацаваў, відаць, фактар Шаўчэнкі, жаданне паспрабаваць па‑свойму наследаваць яму. І другое — наўрад ці ў дваццаць гадоў Вераніцын даў бы рады вольна выкладаць думкі па‑расійску, тым больш вершамі. У ХІХ стагоддзі расійшчына яшчэ не здолела ўкараніцца ў мове тутэйшага люду ад Смаленчышыны і да Беласточчыны, ад Гомельшчыны і да роднай Вераніцыну Гарадоччыны на Віцебшчыне. Нават у мове звернутых у праваслаўе учарашніх уніятаў. Нават у абавязковых малітвах‑пацерах, не кажучы аб штодзённай гаворцы. Як сведчаць тагачасныя запісы этнографа‑фалькларыста Яна Карскага (дзядзька акадэміка), калі святар загадваў цягнуць «Госпадзі, памілуй», некаторыя сяляне адказвалі: «Мы не маскалі, каб спяваць «Госпадзі, памілуй!»… З пяці тысяч душ Лашанскай парафіі (радзіма Карскіх на Гродзеншчыне) хіба пяць чалавек (тысячная доля!) умела адгаварыць пацеры па‑расійску.

Адзін з вядомых цяпер спісаў паэмы меў пазнаку «15 красавіка 1855 г., Гарадок». Твор, што пашыраўся ў сотнях, калі не тысячах спісаў

(рукапіс, падпісаны псеўданімам «Навум» меў у сваім архіве Дунін‑Марцінкевіч) толькі праз трыццаць гадоў трапіў на старонкі пазаштатнай газеткі «Минский листок» (1889). Вераніцыну на той час было 55 гадоў. Але ці выпадала пецярбургскаму чыноўніку Міністэрства шляхоў зносін выхваляцца аўтарствам? Дый хто мог тады ведаць, што твор, напісаны чатырохстопным ямбам пушкінскай школы, гэтак цудоўна ўпішацца ў беларускую паэтычную стыхію і стане візітнай карткай нашай адроджанай паэзіі. Адроджанай на новай беларускай літаратурай мове. І якім таямнічым выдалася яе нараджэнне, гэткім жа было і яе існаванне ў ХХ стагоддзі. Маю на ўвазе паэтычных «сястрыц» «Тараса на Парнасе» — паэмы «Сказ пра Лысую гару» (пачатак 1970‑х) ды «Лука Мудзішчаў — прэзідэнт» (сярэдзіна 1990‑х).

Дзе магіла Вераніцына ў Пецярбургу, як і дата ягонай смерці ў 1904(?) — невядомыя. Таму 13 чэрвеня можна адведаць на мінскай Кальварыі магілу даследчыка Генадзя Кісялёва.

Ён памёр 14 лістапада 2008 г., роўна праз 35 гадоў і адзін дзень пасля таго, як «на самага Кузьму‑Дзям’яна» падараваў Беларусі яшчэ аднаго класіка Канстанціна Васілёва Вераніцына. А нам — магчымасць згадаць гэты юбілей.

Язэп Янушкевіч, Ракаў

Каментары3

Цяпер чытаюць

Пуцін гатовы на спыненне вайны, калі яму падораць рэшту Данецкай вобласці — Славянск, Краматорск і Пакроўск5

Пуцін гатовы на спыненне вайны, калі яму падораць рэшту Данецкай вобласці — Славянск, Краматорск і Пакроўск

Усе навіны →
Усе навіны

Некалькі дзясяткаў чалавек пратэставалі ў Вільні супраць Офіса Ціханоўскай22

Ціханоўская прапанавала Трампу, як далей дзейнічаць у пытанні Беларусі11

Сям’я, якая пераехала з Аўстрыі ў вёску пад Слуцкам, вяртаецца назад16

З вальера заасаду на вачах у наведвальнікаў уцякла ваўчыца. Адміністрацыя: Нічога страшнага, яна сама баіцца людзей4

Сірата з асаблівасцямі развіцця з Хойнікаў аказаўся на вайне супраць Украіны. Апякун кажа, што падманам4

Як зараз выглядае магіла Алеся Пушкіна ФОТАФАКТ12

Мільянер, які гадамі забіваў дзікіх жывёл, загінуў на паляванні: яго працяў рагамі буйвал17

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін гатовы на спыненне вайны, калі яму падораць рэшту Данецкай вобласці — Славянск, Краматорск і Пакроўск5

Пуцін гатовы на спыненне вайны, калі яму падораць рэшту Данецкай вобласці — Славянск, Краматорск і Пакроўск

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць