ЕС вылучае дадатковыя €30 млн для падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці — а хто і як іх будзе дзяліць?
У ЕС плануюць выдзеліць дадатковыя 30 мільёнаў еўра для падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці — у тым ліку моладзі, незалежных СМІ, прадпрыемстваў і дзеячаў культуры, вымушаных пакінуць Беларусь. Пра гэта пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у сябе ў Твітары паведаміла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Адначасна з гэтым на адрас офіса Ціханоўскай з боку прапаганды і не толькі пачалі гучаць абвінавачванні, што гэтыя грошы будуць патрачаныя на існаванне іх каманды і да «простых» беларусаў не дойдуць. А як будзе? Спыталі ў прадстаўніка офіса.
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка кажа, што офіс займаецца толькі палітычнай камунікацыяй і ніякага дачынення да размеркавання фінансавай дапамогі з боку ЕС не мае.
«У Еўракамісіі ёсць уласныя інструменты рэалізацыі праектаў: недзяржаўныя арганізацыі, СМІ, універсітэты падаюць свае заяўкі, ідэі і прапановы ў Еўракамісію напрамую (або праз партнёраў). Напрыклад, ЕГУ можа звярнуцца з просьбай падтрымаць студэнтаў стыпендыямі, СМІ — папрасіць дапамагчы з цыклам фільмаў ці серыяй тэкстаў, а праваабаронцы — з пэўнай працай.
Для гэтага ёсць адпаведнае рэгуляванне і механізмы, кантроль справаздачнасі. Мы ведаем, што ён досыць жорсткі, і магчымасць карупцыі тут немагчыма ўявіць: за кожнай капейкай стаіць вялізны кантроль».

Яшчэ адна з задач офіса — старацца ўплываць на тое, каб вылучаныя сродкі найперш траплялі тым, хто працуе цяпер у Беларусі і для яе — арганізацыям, медыя, НДА. У тым ліку, калі кіраўніцтва ці офісы вымушана знаходзяцца ў іншых краінах.
«Наша задача ў тым, каб гэтая дапамога была максімальна эластычнай.
Справа ў тым, што традыцыйна еўрапейцы падтрымліваюць адукацыйныя праграмы, выдавецкія праекты, аналітычную працу, правядзенне мерапрыемстваў. Мы ж стараемся пераканаць, што сёння найперш трэба звяртаць увагу на арганізацыі, што падтрымліваюць рэпрэсаваных», — каментуе Франак.

Франак прызнае, што існуе праблема з тым, каб гэтыя грошы дакладна дайшлі да адрасата ў Беларусі:
«Каб вырашыць гэтую праблему, сярод іншага, мы падымаем пытанне, каб гэта была крыптавалюта як рабочы спосаб дапамагаць беларусам. Агулам, паўтаруся, мы не можам уплываць на размеркаванне фінансавай дапамогі, але стараемся рабіць так, каб гэтай дапамогі хапала. Праўда, пакуль яе недастаткова: тыя ж СМІ, арганізацыі, якія раней былі самаакупляльныя і працавалі за кошт рэкламы, цяпер рабіць гэтага не могуць».
Сам офіс на вылучаную Еўракамісіяй дапамогу прэтэндаваць не плануе.
Каментары