Месі супраць Левандоўскага, Суарэс супраць Раналду. Вынікі лёсавання чэмпіяната свету па футболе — 2022
У сталіцы Катара Досе прайшло лёсаванне лепшых футбольных зборных свету, якія напрыканцы году павядуць барацьбу за Кубак свету. Ужо на папярэдняй стадыі турніру твар да твару сустрэнуцца легендарныя форварды Леа Месі ды Роберт Левандоўскі, а таксама Луіс Суарэс і Крышціяну Раналду.

Першынства, якое ўпершыню прымае Бліжэйшы Усход, адбудзецца ў нязвыклы час: ніколі раней «мундыялі» не гуляліся па-за траўнем, чэрвенем альбо ліпенем.
Аднак надзвычайная вяснова-летняя спякота ў рэгіёне вымусіла арганізатараў перанесці спаборніцтвы на перыяд з 21 лістапада па 18 снежня.
Па рэгламенце змагацца за Кубак планеты дазволена 32 зборным. Аднак на момант лёсавання адабраліся ў Катар толькі 29.
Адкрытым застаецца пытанне з адным прадстаўніком Еўропы (пераможца пары Украіна — Шатландыя ў фінале міні-турніра будзе біцца з Уэльсам), а таксама тандэмам трыумфатараў міжкантынентальнага адбору. У дадатковай кваліфікацыі возьмуць удзел Перу ды мацнейшы з пары Аўстралія — ААЭ, а таксама пераможца ў тандэме Новая Зеландыя — Коста-Рыка.
Па выніках лёсавання каманды размясціліся ў групах наступным чынам:
Група «А»: Катар, Нідэрланды, Сенегал, Эквадор.
Група «В»: Англія, ЗША, Іран, Украіна/Шатландыя — Уэльс.
Група «С»: Аргенціна, Мексіка, Польшча, Саудаўская Аравія.
Група «D»: Францыя, Данія, Туніс, ААЭ/Аўстралія — Перу.
Група «E»: Іспанія, Германія, Японія, Коста-Рыка — Новая Зеландыя.
Група «F»: Бельгія, Харватыя, Марока, Канада.
Група «G»: Бразілія, Швейцарыя, Сербія, Камерун.
Група «H»: Партугалія, Уругвай, Паўднёвая Карэя, Гана.
У групах кожная каманда згуляе з кожнай у адзін круг. Па выніках адборачнай стадыі ў плэй-оф патрапяць па дзве наймацнейшыя зборныя з кожнага пула.
Надалей алімпійская сістэма прадугледжвае змаганні ў 1/8, чвэрцьфінале, паўфінале і фінале. Да таго ж будзе праведзены матч за бронзу.
Дадамо, што паўнавартасным чэмпіёнам свету з'яўляецца каманда Францыі, якая ў фінале-2018 перайграла зборную Харватыі.
Каментары