Украінская ўпаўнаважаная па правах чалавека: Згвалтаванні на акупаваных Расіяй тэрыторыях насілі масавы характар
Расійскія вайскоўцы, здзяйсняючы ваенную агрэсію супраць Украіны, парушаюць усе чатыры Жэнеўскія канвенцыі 1949 года — аб абыходжанні з параненымі, ваеннапалонным, аб абароне грамадзянскага насельніцтва і ажыццяўляюць маштабны генацыд украінцаў. Пра гэта на брыфінгу ў Кіеве заявіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.

Сярод іншага Офіс упаўнаважанай Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека фіксуе шмат злачынстваў сэксуальнага характару, прытым ёсць факты згвалтаванняў не толькі жанчын і дзяўчат, але і дзяцей, у прыватнасці хлопчыкаў, а таксама мужчын, людзей пажылога ўзросту.
«Дакладную колькасць падобных злачынстваў мы не можам назваць зараз, але яны носяць масавы характар. Мы кожны дзень знаходзім доказы такіх злачынстваў», — сказала Дзянісава.
Напрыклад, за мінулыя суткі на гарачую лінію ўпаўнаважанага па правах чалавека за атрыманнем псіхалагічнай дапамогі ў выніку згвалтавання расійскімі вайскоўцамі звярнуліся 53 чалавекі і толькі трое з іх далі дазвол на тое, каб гісторыю і дэталі злачынства супраць іх маглі быць абвешчаныя ў СМІ.
Упаўнаважаная па правах чалавека таксама адзначыла, што многія ахвяры абвінавачваюць сябе ў тым, што здарылася, лічаць сябе вінаватымі ў тым, што не змаглі абараніць блізкіх, маюць суіцыдальныя настроі.
Яна расказала гісторыю 11-гадовай дзяўчынкі, якую згвалтаваў расійскі салдат, і аналагічныя сведчанні мужчыны сярэдняга ўзросту ў Кіеўскай вобласці. Таксама Дзянісава пацвердзіла звесткі аб «склепе для згвалтаванняў», арганізаваным расіянамі ў Бучы, дзе знаходзіліся 25 жанчын ва ўзросце ад 14 да 24 гадоў.
Каментары