Кіно

Грошы, топ-мадэлі і абсурднасць капіталізму. Расказваем пра шведскі фільм, які перамог у Канах

Увечары 28 мая ў Канах узнагародзілі лепшыя карціны года па версіі журы кінафестывалю. «Залатую пальмавую галіну» атрымала стужка «Трыкутнік смутку» (Triangle of Sadness) шведскага рэжысёра Рубена Эстлунда. Расказваем, чым цікавая гэтая карціна.

Усе кадры: film.ru

Рубен Эстлунд ужо не ў першы раз атрымлівае галоўную ўзнагароду Кан. У мінулы раз кінематаграфісту ўручылі «Залатую пальмавую галіну» ў 2017 годзе за карціну «Квадрат» — сатырычную камедыю пра крадзеж у куратара шведскага музея сучаснага мастацтва.

«Трыкутнік смутку» — яшчэ адзін доказ таго, што ў Канах шануюць сатыру ад Эстлунда. Гэтую маштабную стужку швед прысвяціў свету ўплывовых і багатых людзей, звар’яцелых ад грошаў, забаў і ўласнай знешнасці.

У цэнтры гісторыі — пара топ-мадэляў, Карл і Яя, якія адпачываюць на раскошнай яхце ў кампаніі рускага алігарха з жонкай і каханкай, шведскага ІТ-магната, амерыканскага марксіста і брытанскага гандляра зброяй. Карабель спрабуюць захапіць піраты, а потым ён тоне, і вяршкі грамадства аказваюцца на бязлюдным востраве.

Экстрэмальныя ўмовы агаляюць абсурднасць капіталізму, улады і сацыяльнай няроўнасці. Толькі адзін чалавек з тых, што выратаваліся з яхты, ведае, як разводзіць вогнішча і лавіць рыбу, і гэта — былая прыбіральшчыца туалетаў. За такія карысныя навыкі Антонія (так клічуць жанчыну) адразу атрымлівае не толькі павышэнне да лідаркі былых багацеяў, але нават права распараджацца пакецікамі з салёнай саломкай.

Сакрэт таго, што ж такое «трыкутнік смутку», нам раскрываюць яшчэ ў пачатку карціны. Карл, спадарожнік і калега топ-мадэлі Яі (якая атрымлівае больш за яго, бо дзяўчына), праходзіць кастынг на здымкі ў рэкламе. Там яму прапануюць расслабіць «трыкутнік смутку» паміж бровамі. Але ж дзейнічае гэта не заўсёды: чым больш дарагі брэнд, тым больш сур’ёзным варта быць у рэкламе, усё залежыць ад запыту заказчыкаў.

«Трыкутнік смутку» цягнецца каля дзвюх з паловай гадзін, што даволі шмат для сатырычнай камедыі, але ж нуднай яе не назваць. Часткова гэта звязана з тым, што ў Эстлунда атрымалася дужа праніклівая сатыра, а часткова — з тым, што стужка ўсё-такі даволі цёплая па настроі. Шведскі рэжысёр не дае забыць, што якімі б абсурднымі ні былі сітуацыі, людзі ў іх застаюцца настолькі ж людзьмі, як і мы ўсе.

Інтэрнэт-крытыкі ў асноўным паставіліся да «Трыкутніка» добра. Напрыклад, на сайце агрэгатара рэцэнзій Rotten Tomatoes стужка мае 71% станоўчых аглядаў. Асноўная выснова на сайце гучыць так: «Трыкутніку смутку» не хапае вострых граняў ранейшых прац Эстлунда, але ў гэтага ўдару па непрыстойна багатых з адценнем чорнага гумару ёсць свае плюсы».

Што да больш вядомых кінаэкспертаў, то міма новага шэдэўра Эстлунда не прайшоў крытык Антон Долін. І вось яго ацэнка «Трыкутніка»: «Некаторыя фільмы немагчыма не прымяраць на сябе, нават калі вельмі не хочацца гэта рабіць. Здольнасць аўтара прымусіць гледача да гэтага — прыкмета сапраўднага мастацтва. Удвая каштоўна, калі мастацтва ў той жа час не напружвае свой «трыкутнік смутку» і адначасова весяліць, злуе і забаўляе».

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп: ЗША захапілі Мадуру з яго жонкай і вывезлі іх з Венесуэлы55

Трамп: ЗША захапілі Мадуру з яго жонкай і вывезлі іх з Венесуэлы

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Мінска з'явіцца будаўнічы гіпермаркет2

На святара Аляксандра Кухту завялі крымінальную справу5

Запрацаваў новы каледж — Міністэрства ўнутраных спраў5

У Мінску на змаганне са снегам вывелі больш за 1550 дворнікаў3

Колькасць загінулых у кавярні ў акупаваных Хорлах вырасла да 27, але Украіна адмаўляе датычнасць6

Начальніцу з Міністэрства спорту звольнілі з незвычайнай фармулёўкай4

Расійскі камбат пасварыўся з начальнікам і прапаў назаўсёды. Той урэшце прызнаўся ў забойстве — але пасля расстралялі і яго17

45‑гадовага ацэншчыка са Смалявічаў асудзілі па «справе Гаюна». Вось што пра яго вядома

Эксперты папярэджваюць пра небяспеку кітайскіх аўто10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: ЗША захапілі Мадуру з яго жонкай і вывезлі іх з Венесуэлы55

Трамп: ЗША захапілі Мадуру з яго жонкай і вывезлі іх з Венесуэлы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць