Андрэй Павук прыйшоў на прайд у Вільні ў форме міліцыянта з чырвона-зялёным сцягам. Чаму?
Блогер Андрэй Павук расказаў «Нашай Ніве», як рэагавалі на чырвона-зялёны сцяг іншыя беларусы на прайдзе ў Вільні, а таксама арганізатары шэсця і літоўская паліцыя.

Учора ў Вільні адбыўся Baltic Pride 2025. У маршы «За роўнасць!» прыняло ўдзел каля 20 тысяч чалавек. Была і беларуская калона, якая несла бел-чырвона-белы сцяг. У ёй вылучаўся Андрэй Павук, які прыйшоў з чырвона-зялёным сцягам. Да свайго вобразу блогер дадаў кіцель, які ўпрыгожыў банцікам са стужачкі ў колерах вясёлкі.
Андрэй Павук пракаментаваў «Нашай Ніве», чаму вырашыў з'явіцца на прайдзе менавіта ў такім выглядзе.
«Па-першае, гэта была магчымасць уявіць, як б маглі праходзіць ЛГБТ-прайды ў Беларусі, калі б была палітычная воля кіраўніцтва на гэта. Гэта быў бы трыумф раўнапраўя і правоў чалавека. Па-другое, я гетэрасэксуал, які прыйшоў на прайд з чырвона-зялёным сцягам — і ад гэтага нічога ў мяне ў жыцці не змянілася. Я застаўся такім самым чалавекам, як і быў. Маёй місіяй было паказаць, што лукашэнкаўскія сімвалы могуць быць на прайдзе і ад гэтага нічога не зменіцца».
Андрэй кажа, што яго некалькі разоў спрабавалі спыніць. Спачатку да яго падыходзілі дзяўчаты, якія прадставіліся арганізатаркамі мерапрыемства — яны прасілі прыбраць чырвона-зялёны сцяг.
«Яны казалі нешта пра тое, што трэба было загадзя падаваць заяўку на выкарыстоўванне такой сімволікі. Я спытаў, на якую норму заканадаўства яны спасылаюцца — яны нічога не змаглі адказаць».
Двойчы да беларуса падыходзілі і супрацоўнікі паліцыі, якія цікавіліся тым, навошта Андрэй прыйшоў менавіта з такім сцягам.

У іншых беларусаў пытанні таксама ўзнікалі.
«Была жанчына, якая падбегла да мяне і сказала: «Мяне аж закалаціла! Што гэта такое? Вы што?!» Ужо біцца лезла. Я растлумачыў, што ўзяў чырвона-зялёны сцяг, каб лукашысты заўважылі гэту падзею, напісалі пра яе. У выніку яна мяне падтрымала. Яшчэ адзін хлопец падышоў і сказаў, што я гамафоб. Але ў якім месцы тут гамафобія? Калі мы сталі абмяркоўваць гэта, ён зразумеў мяне».
Андрэй Павук падкрэслівае: не трэба думаць, што ён ўбраўся ў міліцыянера, бо быццам хацеў параўнаць іх з геямі. Яго перформанс зусім не такую канцэпцыю мае.
«Мне хацелася змяшаць несумяшчальнае і паглядзець на рэакцыю — і змагароў, і ябацек. І, канешне, прыцягнуць увагу да тэмы правоў чалавека».

Блогер лічыць, што прайд — гэта добрая нагода для палітычных перформансаў і лозунгаў.
«Сам прайд мне вельмі падабаецца. Я раней быў кансерватарам — таксама баяўся гэтага ўсяго. А гэта зусім не тое, пра што гаворыць прапаганда. Цудоўная атмасфера, людзі радасныя, усе шчаслівыя. Такі карнавал а-ля Рыа-дэ-Жанейра. Ніхто нікому не зычыць зла — ну акрамя вернікаў, якія стаяць з плакатамі «Ісус пакарае вас!». Вельмі класна, я не адчуваў ніякай пагрозы на гэтым мерапрыемстве.
У Беларусі ж на нейкім патрыятычным свяце страшна — асабліва калі Лукашэнка ўдзельнічае. Снайперы на дахах сядзяць. Крок улева ці ўправа трэба запытваць, ці можна зрабіць. Прайд — гэта пра свабоду. Калі ты разумееш, што ў Беларусі гэтая тэма табуяваная, а тут можаш пра гэта крычаць, гаварыць і нават усоўваць сімвалы варожай краіны (нашай). Для мастака гэта добрая нагода заняцца карыснай паказухай».
У Кентукі партрэт Ігара Шуневіча вынеслі на ЛГБТ-парад ФОТЫ
Беларусы Швецыі выйшлі на тамтэйшы гей-прайд з партрэтам Шуневіча
«Колькі можна гэта цярпець?» 17 краін ЕС заклікалі Еўракамісію пакараць Венгрыю за парушэнне правоў ЛГБТ
У Варшаве затрымалі шасцярых беларусаў, якія пратэставалі супраць ЛГБТ-парада
Каментары