Спорт33

Прадае тэлефон, выступае на расійскіх турнірах. Чым жывуць найбольш прыкметныя спартсмены — прыхільнікі Лукашэнкі

Днямі стала вядома, што легкаатлет Максім Недасекаў, вядомы сваёй праўладнай пазіцыяй, наведаў Літву. Бронзавага медаліста Токіа не збянтэжыла тое, што беларускія ўлады знаходзяцца ў канфрантацыі з Літвой. «Наша Ніва» паглядзела, чым яшчэ жывуць спартсмены, якія падтрымліваюць Лукашэнку і пазбаўленыя міжнародных стартаў праз саўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне.

Максім Недасекаў. Фота: АР

Максім Недасекаў: падарожнічаў у Еўропу і траўмаваўся на чэмпіянаце краіны

На навіну пра свой візіт у Літву Недасекаў адрэагаваў відэа ў сторыс, запісаным з дому, а таксама прадэманстраваў у сторыс новую экіпіроўку ад брэнда Puma. Цікава, што кампанія перадала спартсмену экіпіроўку, не хвалюючыся, што супрацоўнічае з праўладным атлетам краіны, якая саўдзельнічае ў вайне ва Украіне.

Беларускія атлеты зараз забаненыя на міжнародных турнірах, і скакун у вышыню Максім Недасекаў — не выключэнне. Так што адным з найвялікшых спаборніцтваў, на якіх ён зараз можа праявіць сябе, стаў чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы, што прайшоў з 16 па 18 жніўня на стадыёне «Дынама». Там Недасекаў пераадолеў вышыню ў 2,24 метра і ўзяў срэбра турніра, а таксама атрымаў траўму — падвярнуў галенастоп. Лепшы ж вынік Недасекава за сезон на дадзены момант — 2,28 метра.

Скакун прапусціў некалькі этапаў Беларускай легкаатлетычнай лігі, створанай спецыяльна для таго, каб хоць неяк кампенсаваць забаненым атлетам адсутнасць міжнародных стартаў, затое не здолеў прайсці міма праўладных актыўнасцей. Так, 1 чэрвеня Недасекаў у кампаніі іншых падпісантаў праўладнага ліста спартсменаў наведаў дзіцячы ваенна-патрыятычны клуб «Рысь», створаны на базе вайсковай часці 3214 у мінскім Уруччы. Гэтае падраздзяленне вядомае сваім удзелам у разгроме мірных пратэстаў.

Што да ўвядзення спартовага бану, на яго Недасекаў рэагаваў імкненнем да сумесных спаборніцтваў з расійскімі спартсменамі замест міжнародных турніраў: «Выступы з расійскімі спартсменамі па ўзроўні будуць не горшыя за еўрапейскія ці сусветныя спаборніцтвы. Плануецца стварыць нешта на ўзроўні брыльянтавых ліг (міжнародная серыя легкаатлетычных турніраў. — «НН») па той жа працоўнай плаце. Важна зацікавіць спартсменаў.

Мы ўсё роўна рыхтуемся да лета. Я на 95% упэўнены, што спаборніцтвы будуць праводзіцца сумесна з Расіяй. МАК забараніў [спартсменам з іншых краін] выступаць у Расіі. На міжнародных спаборніцтвах Расіі і Беларусі забаронена выступаць. Чаму мы павінны слухаць Міжнародны алімпійскі камітэт? Тут патрэбна сканчваць працу з імі і спаборнічаць у рамках СНД».

Настасся Мірончык-Іванова: верыць у зняцце спартовых санкцый

Як і Недасекаў, гэтая скакуха ў пачатку лета наведвала ваенную часць 3214 і «Рысь». Настассі кампанія сілавікоў даспадобы: напрыклад, Мірончык-Іванова выставіла ў сторыс фота, дзе на чэмпіянаце краіны яе падтрымліваюць усё тыя ж спецназаўцы з Уручча.

На турніры, дарэчы, скакуха ўзяла золата. Але ж яе вынік пры гэтым не надта ўражвальны — 6,40 метра, што з'яўляецца 134-м вынікам у свеце ў гэтым сезоне. 

Тым не менш, Мірончык-Іванова верыць у хуткае зняцце санкцый і абураецца праз іх наяўнасць: «Я і ўсе спартсмены, вядома, адчуваем пачуццё несправядлівасці, злосць. Пакуль нас не выпускаюць, але я думаю і спадзяюся на тое, што гэта ўсё можна паправіць. Што ўсё вырашыцца, усё будзе добра, нас усё-такі дапусцяць і гэтая несправядлівасць абыдзе нас бокам».

А пакуль санкцыі ўсё яшчэ дзейнічаюць, Настасся не супраць пабавіць час на праўладных мерапрыемствах. Напрыклад, такіх, як выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі ў гонар 3 Ліпеня ці як культурна-спартовы фестываль «Вытокі» ў Полацку.

У рэшце рэшт, усё гэта не робіць скакуху занадта задаволенай жыццём. У посце, прымеркаваным да заканчэння легкаатлетычнага сезона, Мірончык-Іванова прызналася: «Прысутнічае пачуццё недарэалізаванасці, бо я б зрабіла яшчэ парачку стартаў, энергіі яшчэ б хапіла на скачкі, і пачуццё віны перад аматарамі, што не паказала далёкія метры!»

Аляксей Талай: ездзіць па акупаваных Расіяй землях і сустракаецца з сілавікамі

Жыццё ў Аляксея насычанае. Ён актыўна ўдзельнічае ў прапагандысцкіх перадачах на дзяржтэлебачанні, дзе выступае за тое, каб «сілавы блок вычысціў нашы краіны», і сур'ёзна абмяркоўвае фэйкавую інфармацыю — вось прыклад.

Акрамя гэтага, Талай у жніўні паспеў наведаць акупаваны Крым, куды заехаў па Крымскім мосце — аб'ект, дарэчы, яго дужа ўразіў. Аляксея не пакінула абыякавым і сустрэча з расійскім кіраўніком Крыма Сяргеем Аксёнавым, якую атлет назваў «добрай, важнай і своечасовай».

Яшчэ ў жніўні праўладны атлет адзначыўся арыгінальнай ініцыятывай: ён прапанаваў аднадумцам выкупіць і перавезці на тэрыторыю Беларусі і Расіі савецкія помнікі, якія дэмантуюць у краінах Еўрасаюза. Талай лічыць, што калі такія помнікі захаваюцца, то «да іх будзе рака ўсенароднага ўшаноўвання», а «выратаваныя» помнікі «натхняць цэлыя народы». Калі ж манументы ў Еўропе ўсё-такі будуць дэмантаваныя, па меркаванні Аляксея, «ёсць высокія рызыкі, што мы паставім новыя на тых жа месцах».

Адзначым, што Талаю не чужыя заняткі дабрачыннасцю — так, ён наведаў дзіцячы хоспіс у расійскім Белгарадзе. Але ж матываваць людзей яму больш цікава.

З надзвычайных падзей чэрвеня ў Талая адзначым атрыманне ўзнагароды ад АМАПу. На спорт Аляксей таксама знайшоў час: 6 ліпеня ён выступіў на адкрытым Кубку краіны па плаванні сярод людзей з інваліднасцю, дзе ўзяў золата ў сваёй катэгорыі.

Настасся Пракапенка: спаборнічае з расіянамі і тэрмінова прадае гаджэт

Гэтая пяціборка набыла вядомасць пасля выбараў-2020. Дзе яе толькі не заўважалі: Пракапенка знаходзіла час і на велапрабег з удзелам Віктара Лукашэнкі, і на праўладны жаночы форум. На ім спартсменка запомнілася арыгінальным выступам пра афіцыйны беларускі сцяг, у гісторыю якога яна «вельмі душэўна капнула».

Зараз пяціборка ўжо не так часта ўдзельнічае ў праўладных актыўнасцях, хаця і яна ездзіла ў дзіцячы ваенны клуб «Рысь» 1 чэрвеня. Гэтым летам Пракапенка спрабуе сябе на Кубку імя Ляднёва — сумесным расійска-беларускім турніры, створаным, каб хоць неяк кампенсаваць спартсменам адсутнасць міжнародных спаборніцтваў ва ўмовах санкцый. З фінала Кубка Ляднёва Пракапенка прывезла срэбра.

А яшчэ праўладная спартсменка чамусьці вырашыла прадаць тэлефон — мяркуючы па эмблеме на ўпакоўцы, яна магла яго атрымаць на Алімпійскіх гульнях.

Цікава, што гаджэт доўга ляжаў у Настассі, але ў канцы чэрвеня яна вырашыла яго тэрмінова прадаць, па кошце нашмат ніжэйшым, чым у магазінах.

Як і Мірончык-Іванова, Пракапенка не прайшла міма фестываля «Вытокі», арганізаванага ў тым ліку і Нацыянальным алімпійскім камітэтам пад кіраўніцтвам Віктара Лукашэнкі. Бронзавая прызёрка Алімпіяды-2008 прыехала ў пачатку чэрвеня на «Вытокі» ў Століне, дзе раздавала аўтографы.

Дзінара Алімбекава: збіраецца замуж і выступае на расійскіх Кубках

Гэтая біятланістка і чэмпіёнка Алімпіяды-2018 цяперашняе лета запомніць надоўга. У пачатку ліпеня Дзінара атрымала прапанову рукі і сэрца ад біятланіста Антона Смольскага, на якую адказала згодай.

Алімбекава і Смольскі шмат часу праводзяць разам: напрыклад, каханыя пайшлі на выступ Аляксандра Лукашэнкі ў гонар 3 Ліпеня. Разам яны і трэніруюцца, і спаборнічаюць — зараз, напрыклад, Дзінара і Антон выступаюць на этапе Кубка Садружнасці ў Сочы, незадоўга да яго каханыя перахварэлі на кавід. 

У мінулым годзе раман Смольскага і Алімбекавай раскалоў жаночую зборную па біятлоне, і зараз падобна да таго, што сітуацыя не паляпшаецца. Напрыклад, Ганна Сола, іншая вядомая беларуская біятланістка, прызналася нядаўна ў інтэрв'ю, што дагэтуль не кантактуе з Дзінарай і ўвогуле не жадае гутарыць пра калегу па камандзе.

Дзінара тым часам сумуе па міжнародных турнірах: «Нам усім, вядома, хочацца выступаць з найлепшымі ў свеце, хаця і канкурэнцыя ў расійскім біятлоне даволі добрая. Нам трэба выступаць на міжнародных спаборніцтвах. Не магу сказаць канкрэтна, колькі я гатовая цярпець».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Азаронкі — гэта агрэсіўная меншасць. А жыць мы будзем у Беларусі». Знакаміты валейбаліст вывучае псіхалогію і многае пераасэнсаваў

Гэты біятланіст — адзін з лепшых у Беларусі. Яго гісторыя кахання раскалола жаночую зборную

Беларускі міні-футбольны клуб паклікаў на юбілей нібыта расіян, а насамрэч — дрэнна замаскаваных «дээнэраўцаў»

Каментары3

  • Абу
    27.08.2022
    "Канюшня праўладных скакуноў распачала спаборніцтвы па скачках на дно"
  • За это не посадят, но жить с этим придется.
    27.08.2022
    Еще есть время встать на колени и покаяться перед белорусским народом, но когда Лука уйдет будет поздно! Даже отсидеть не получится за свои гнусные поступки.)))
  • 999
    06.09.2022
    ну раз даже недосеков может легко и непринужденно кататься в европу, даже в Литву... даже он недостоин персонального внимания Офиса, чтобы сделать его невъездным? 

    это просто клоунада какая-то

Цяпер чытаюць

Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным5

Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным

Усе навіны →
Усе навіны

Лявончык: Сумняюся, што Карпушонак кантралюе свой акаўнт. Гэта абароты з падручніка прапаганды5

«Такое ж пошлае і дурное». У Латушкі адказалі на новае відэа Вольгі Карпушонак6

Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі ахвярам рэпрэсій расказаў пра сваю дзейнасць3

Дэлегатка КР Карпушонак пасля маўчання апублікавала відэа43

Падазраваны ў забойстве Парубія прызнаўся ў злачынстве і расказаў пра кантакты з Расіяй3

Роберт Фіца злётае ў Кітай да Пуціна, а пасля сустрэнецца з Зяленскім1

Што за дваццацігадовыя дзяўчаты наліваюць чай Лукашэнку21

Пасля заявы генерала Герасімава на тэлевышцы Купянска паставілі расійскі сцяг на магнітах1

Беларус падлічыў, колькі разоў па новых ПДР яму трэба спешвацца пры паездцы роварам на працу10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным5

Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць