Міністры Еўрасаюза пакуль не змаглі ўзгадніць дзявяты пакет санкцый супраць Расіі
Краіны Еўрапейскага Саюза не змаглі ўзгадніць дзявяты пакет санкцый супраць Расіі на пасяджэнні міністраў замежных спраў. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазеп Барэль, паведамляе «Еўрапейская праўда».

«Міністры не дасягнулі дамоўленасці, але я спадзяюся, што на гэтым тыдні яна будзе дасягнутая», — сказаў Барэль на брыфінгу пасля сустрэчы са сваімі калегамі з ЕС у Бруселі.
Пазней ён удакладніў, што праблема з узгадненнем заключаецца не ў нейкай канкрэтнай краіне-сяброўцы ЕС.
«Няма 100-працэнтнай дамоўленасці. Некаторыя краіны-члены не згодныя. Я не магу ўдавацца ў дэталі і паказваць: вось гэтая ці гэтая. Мы працягнем… але я цалкам упэўнены, што мы дасягнём дамоўленасці. Праблема не ў адным канкрэтным члене. Гэта праблема пэўнага роду выключэнняў, якія могуць быць уведзеныя, каб мы былі ўпэўненыя, што нашы санкцыі не будуць мець пабочных эфектаў, і што ў той жа час мы не спусташаем эфектыўнасць санкцый», — дадаў ён.
7 снежня Еўракамісія прапанавала дзявяты пакет санкцый супраць Расіі за развязаную ёю вайну, які прапануе зацвердзіць краінам-сябрам. Еўракамісія прапанавала санкцыі супраць яшчэ трох расійскіх банкаў і дадатковыя экспартныя абмежаванні для тавараў падвойнага прызначэння, а таксама падрыхтавала мерапрыемствы для ўскладнення Расіі доступу да беспілотнікаў. Таксама прапанова прадугледжвала блакаванне яшчэ чатырох расійскіх тэлеканалаў у эфіры і на ўсіх платформах.
Пазней стала вядома, што супраць запланаванага новага пакета антырасійскіх санкцый выступіла Венгрыя.
Каментары