Мужчына ў Мазыры перарэзаў горла сабаку і выкінуў на сметнік. Крыміналку заводзіць адмовіліся
5 студзеня ў Мазыры жыхары аднаго з дамоў выявілі на сметніцы сабаку з перарэзаным горлам. З дапамогай камер відэаназірання ўдалося высветліць, што чалавек ноччу прайшоў з сабакам праз іх двор, а вярнуўся ўжо без яго. Пасля абурэння ў сацсетках на гэты выпадак адрэагавалі дзяржСМІ, назваўшы забойства выпадкам, абуральным па сваёй жорсткасці і цынізму, а міліцыя пачала праверку. Цяпер зоаабарончыя рэсурсы апублікавалі адказ міліцыі адносна гэтага інцыдэнту, піша «Флагшток».

Праз месяц пасля здарэння старшы ўчастковы міліцыянер аддзялення аховы правапарадку МУС маёр Яўген Красюк паведаміў пра вынікі праверкі.

Паводле паведамлення, міліцыі ўдалося ўстанавіць чалавека, які зарэзаў сабаку: яго завуць Яўген Ахламёнак. Матыў забойства сабакі на пляцоўцы для смецця ў двары жылога дома тлумачыцца так: «Сабака быў стары і пакутаваў ад хвароб».

Сам Ахламёнак тлумачыў свае дзеянні так: «Здзейсніў [забойства], бо не мог назіраць, як сабака пакутуе, а бацькі былі супраць усыплення сабакі ў ветэрынарнай клініцы».
Участковы Красюк 19 студзеня накіраваў даныя праверкі ў мясцовы аддзел Следчага камітэта. Праз 5 дзён следчыя вярнулі матэрыял участковаму з адмовай распачынаць крымінальную справу паводле артыкула «Жорсткае абыходжанне з жывёлай» (ч. 1 арт. 339). Яны растлумачылі, што крымінальная адказнасць па гэтым артыкуле наступае толькі ў выпадку здзяйснення дзеі ў прысутнасці малалетняга або з хуліганскіх, карыслівых ці іншых нізкіх памкненняў. Тут жа нічога гэтага, маўляў, не было.
У выніку следчыя прапанавалі прыцягнуць Ахламёнка да адказнасці па адміністрацыйным артыкуле 16.29 «Жорсткае абыходжанне з жывёлай або пазбаўленне ад жывёлы». Па гэтым артыкуле самае суровае пакаранне — штраф у 30 базавых велічынь.
Каментары