Больш за 150 узбецкіх фур аб'ехалі закрытую літоўскую мяжу праз Латвію
Больш за 150 узбецкіх грузавікоў, якія затрымаліся на мяжы Беларусі і Літвы, здолелі працягнуць транзіт праз Латвію. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Мінтранспарту Узбекістана.

Ва ўмовах закрытай мяжы з Літвой Узбекістану ўдалося дамовіцца з Латвіяй аб тым, каб перавозчыкі з трэціх краін маглі працягнуць рэйсы праз Латвію. Дазволы на транзіт выдавалі ў Полацку і пагранічнай зоне Зарасай — Медумі (Літва — Латвія) з 12 па 15 лістапада.
А з 17 лістапада перавозчыкі з Узбекістана, якія працуюць на еўрапейскім напрамку, могуць атрымліваць такія «дазволы» на падставе заяў, пададзеных праз сістэму E-Permit. Магчымасцю працягнуць дастаўку тавараў скарысталіся больш за 150 узбецкіх фур. Паводле інфармацыі Міністэрства транспарту, агулам перавозчыкам з Узбекістана выдалі 229 бланкаў такіх дазволаў.
Літва 29 кастрычніка перастала прапускаць транспарт праз мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. У адказ у Беларусі абмежавалі перасоўванне літоўскіх фур па сваёй тэрыторыі. А 10 лістапада ў нашай краіне часова прыпынілі выезд грузавікоў з літоўскімі нумарамі праз беларускія пункты пропуску. Сёння ўрад Літвы можа прыняць рашэнне аб адкрыцці мяжы.
Каментары