Грамадства

У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?

Вуліца Масюкоўшчына застаецца часткова перакрытай з 2011 года, а абяцаны дублёр даўжынёй менш за кіламетр так і не пабудавалі. Цяпер больш за 50 дамоў могуць аказацца заблакаванымі з абодвух бакоў: побач пачнецца будаўніцтва буйной развязкі.

Рух на ўчастку вуліцы Масюкоўшчына ад вуліцы Міхася Лынькова да вуліцы Калеснікава будзе закрыты да 17 лістапада 2030 года. Пра гэта гаворыцца ў свежым рашэнні Мінгарвыканкама.

Гэта азначае, што жыхары дамоў 34—88 на гэтым адрэзку, а таксама дамоў на Ждановіцкай вуліцы, якая прымыкае да перакрытага ўчастка, могуць застацца без аніякай магчымасці пад’езду да сваіх участкаў. Вуліца заціснутая паміж чыгуначнымі пуцямі і гаражным масівам, і іншых выездаў з яе проста няма.

Участак вуліцы Масюкоўшчына ад вуліцы Міхася Лынькова да вуліцы Калеснікава, які будзе закрыты для руху транспарту. Яндэкс Карты

У дакуменце не тлумачыцца, як пры поўнай забароне руху будуць арганізаваныя праезд хуткай дапамогі, пажарнай або камунальнай тэхнікі, якой у хуткім часе трэба будзе расчышчаць снег — ніякіх выключэнняў у тэксце не прапісана.

Як Масюкоўшчына стала праблемнай

Вуліца Масюкоўшчына з’явілася ў Мінску пасля ўключэння аднайменнай вёскі ў межы горада ў 2004 годзе. Да таго часу яна называлася Цэнтральнай.

Вуліца была асноўным выездам з жылога раёна Масюкоўшчына на МКАД. Сітуацыя пагоршылася, калі ў канцы 2000‑х — пачатку 2010‑х гадоў вуліцу Ціміразева закрывалі на рэканструкцыю.

Месцы, дзе вуліца Масюкоўшчына пераходзіць у вуліцу Лынькова, перагароджаная бетоннымі блокамі. Фота 2014 года. Фота: Яндэкс Панарамы 

Дадалося і тое, што ў 2010‑я гады пачалося актыўнае будаўніцтва Каменнай Горкі. Цэнтральная вуліца былой вёскі стала транзітнай сувяззю паміж старым і новым жылымі раёнамі на захадзе горада. Побач таксама з’явілася вялікая паркоўка каля праходу пад чыгункай да рынку Ждановічы, што прыцягнула яшчэ больш аўтамабіляў.

Скрыжаванне вуліцы Масюкоўшчына з вуліцай Калеснікава ў 2010 годзе. Фота: Яндэкс Карты
Скрыжаванне вуліцы Масюкоўшчына з вуліцай Калеснікава ў 2014 годзе. Вуліца ператварылася ў стыхійную паркоўку для наведвальнікаў рынку Ждановічы. Фота: Яндэкс Карты

Вузкая вясковая вуліца не была разлічаная на такі трафік, які парушаў камфорт і бяспеку яе жыхароў. Людзі гадамі звярталіся ў ДАІ, адміністрацыю раёна і Мінгарвыканкам з просьбай перакрыць транзіт, падкрэсліваючы, што не зробленыя тратуары і няма бяспечных умоў для руху пешаходаў. 

Пастаўленыя дарожныя знакі, якія забаранялі транзітны рух, ляжачыя паліцэйскія і рэйды ДАІ не дапамагалі. У 2011 годзе рух упершыню перакрылі фізічна — на ўездзе з боку вуліцы Лынькова паставілі бетонныя блокі.

Гэта часткова паменшыла паток машын, хоць рух заставаўся актыўным, а бліжэй да вуліцы Калеснікава вуліца нагадвала стыхійную паркоўку для наведвальнікаў рынку, якія не хацелі плаціць за месца на платнай паркоўцы. 

Абяцаная вуліца-дублёр

Вуліцу-дублёр, якая мусіла вырашыць праблему транзіту па вуліцы Масюкоўшчына, так і не пабудавалі
Тут мусіла прайсці вуліца-дублёр, але бачна, што яна б упіралася ў могілкі Масюкоўшчыны. Фота: blizko.by

У 2012 годзе ўлады прынялі рашэнне пабудаваць вуліцу-дублёр уздоўж чыгункі, якая б абышла сядзібную забудову і злучыла вуліцу Лынькова з вуліцай Калеснікава, а далей — працягнулася да МКАД.

Даўжыня новай вуліцы-дублёра была меншай за 900 метраў — але сродкаў на яе так і не знайшлося.

Планавалася, што вуліцу-дублёр адкрыюць да 2018 года разам з пуцеправодам цераз чыгунку, які б звязаў Каменную Горку з Лебядзіным. Аднак будаўніцтва нават не пачыналася.

Бетонныя блокі з боку Лынькова сапраўды прыбралі, але ў 2020 годзе рух зноў абмежавалі — на пяць гадоў, «у сувязі з пагрозай бяспецы дарожнага руху, у тым ліку жыццю і здароўю грамадзян». Тэрмін гэтага рашэння і скончыўся цяпер.

У 2019 годзе блокі на месцы, дзе вуліца Масюкоўшчына пераходзіць у вуліцу Лынькова, былі прыбраныя, застаўся толькі знак. Фота: Яндэкс Панарамы 
Аднак неўзабаве блокі вярнуліся на сваё месца. Фота 2023 года. Фота: Яндэкс Панарамы 

Развязка і пуцеправод над чыгункай

Пасля заканчэння дзеяння абмежавання паўстала пытанне: ці адкрываць вуліцу. Але Мінгарвыканкам прыняў новае рашэнне — замест ранейшага абмежавання руху была ўведзена забарона на пяць гадоў.

Адной з прычын можа быць тое, што ў 2025 годзе нарэшце пачалося праектаванне пуцеправода, які мае звязаць Ратамскую вуліцу з вуліцай Калеснікава. Пачатак будаўніцтва плануецца ў 2026 годзе.

Праект дэталёвай планіроўкі, зацверджаны ў 2022 годзе. Тады меркавалася прапусціць вуліцу Калеснікава пад чыгункай і перанесці чыгуначную станцыю, каб зрабіць зручны перасадачны вузел. Аднак скразной вуліцы ўздоўж могілак не атрымалася праз мясцовыя могілкі. Замест гэтага вуліца ўтварае Т-падобнае скрыжаванне з праблемнай вуліцай Масюкоўшчына

Аднак, згодна з праектам дэталёвай планіроўкі 2022 года, новая развязка не толькі не вырашае праблемы жыхароў вуліцы Масюкоўшчына, але можа зрабіць яе больш вострай. У праекце няма абяцанага дублёра ўздоўж чыгункі: блізкасць вясковых могілак робіць яго пракладку немагчымай.

Замест гэтага вуліцу, якая адыходзіць ад вуліцы Калеснікава, пабудуюць так, што яна пройдзе перад могілкамі, для чаго плануюць знесці шэраг дамоў, і створыць Т-падобнае скрыжаванне з вуліцай Масюкоўшчына. Яе працяг праз гаражны масіў пазначаны толькі ў перспектыве — і можа зацягнуцца на дзесяцігоддзі. 

Праўда, магчыма, будзе рэалізаваны іншы варыянт, таму што ў праекце дэталёвай планіроўкі быў паказаны кароткі чыгуначны пуцеправод над вуліцамі Калеснікава — Ратамскай, аднак гэтым летам гендырэктар «Мінскбуда» Аляксандр Церахаў заявіў, што тут з’явіцца пуцеправод даўжынёй каля 400 метраў.

Такая вялікая даўжыня можа сведчыць, што плануецца не чыгуначны, а аўтамабільны пуцеправод цераз чыгунку: ад вуліцы Ціміразеўскай да вуліцы Масюкоўшчыны. У такім выпадку выезд з вуліцы Масюкоўшчына да вуліцы Калеснікава можа быць цалкам перакрыты будаўнічай пляцоўкай.

У такой сітуацыі лагічна было б адкрыць праезд з боку вуліцы Лынькова, бо калі ён застаецца закрытым, а выезд у бок Калеснікава можа быць перакрыты будаўніцтвам, жыхары вуліцы Масюкоўшчына рызыкуюць апынуцца заблакаваныя з двух бакоў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў22

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сярэдні кошт квадратнага метра ў Мінску перавысіў 1800 даляраў2

Апаненты Ціханоўскай збіраюцца стварыць свой орган, каб легітымна прадстаўляць беларускі народ65

Сярэдні гадавы заробак у ЕС вырас на 5,2%, лідзіруе Люксембург. Літва і Эстонія ў сярэдзіне спісу4

Беларус выратаваў у Польшчы жанчыну, што танула ў ледзяной вадзе2

Іран пачынае «пасеў аблокаў», каб змагацца з наступствамі самай сухой восені за апошнія 50 гадоў1

Пад Мінскам пачалі будаваць дом з 18‑метровымі студыямі. Цэны стартуюць ад 35 тысяч даляраў2

Чыноўнікі пракаментавалі нашумелую навіну пра бальніцу ў Гомельскай вобласці. Кажуць, што не закрылі — проста перанеслі на 30 км2

Урад Літвы заўтра можа прыняць рашэнне аб мяжы з Беларуссю6

У Цэнтральным парку Нью-Ёрка ёсць лаўка ў гонар беларускі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў22

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць