Меркаванні44

Украіна ў чаканні «сіняй» рэвалюцыі

Калі ў палітыцы пануюць законы джунгляў, гэта яшчэ не дэмакратыя. Піша Вадзім Вілейта, які браў удзел у назіранні за ўкраінскімі выбарамі.

Калі ў палітыцы пануюць законы джунгляў, гэта яшчэ не дэмакратыя. Піша Вадзім Вілейта, які браў удзел у назіранні за ўкраінскімі выбарамі.

«Ти можеш повернути на Схід і на Захід, Ти можеш повернути — але змучився гребсти». Падчас вандроўкі ў стомленую ад выбарчых баталіяў Украіну ў галаве круціцца песенька яшчэ часоў Аранжавай рэвалюцыі, якая стала прарочай. Паварочвацца Украіна ўмее, але тая паваротлівасць не дае істотных дывідэндаў.

Такія блізкія гістарычна, у палітычным вымярэнні Беларусь і Украіна адрозніваюцца бы неба і зямля. У Беларусі палітыка ўвагнаная ў падполле, амаль адсутнічае. Ва Украіне — узведзеная ў абсалют як самамэта, і ад гэтай овердозы стала бессэнсоўнай і нецікавай.

Палітыка, у Беларусі дэ‑факта забароненая адміністратыўна, ва Украіне — усюды, але для большасці насельніцтва яна непрывабная і недасягальная. Дорага.

Законы джунгляў

Аўтару гэтых радкоў давялося знутры зірнуць, як ішла перадвыбарчая кампанія на берагах Дняпра — у рамках місіі праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка». Як належыць замежным назіральнікам, цікавіліся, ці не ціснула дзяржава на кандыдатаў, ці не было выпадкаў пагрозаў, дыскрымінацыі і г.д.

Пытанне ўкраінцаў нават здзіўляла — яны ўжо і забыліся, што такое бывае. І не толькі ў Львове і Кіеве, але і ў глыбінцы Данецкай і Адэскай абласцей.

Хутчэй наадварот — апытаныя наракалі, што дзяржава не робіць нічога. Ігнаруе відавочныя парушэнні з боку кандыдатаў, выкарыстанне брудных грошай для «тлумлення галавы» электарату, карупцыю ў СМІ і на выбарчых участках.

Калі ў палітыцы пачынаюць панаваць законы джунгляў, гэта яшчэ не дэмакратыя. Выбары тады могуць лічыцца свабоднымі, але не будуць справядлівымі. Бо перамагае не найлепшы, а найбагацейшы кандыдат. Гэта вайна грошай — прычым такіх грошай, якія і не сніліся кандыдатам з шмат якіх краін Еўрапейскага Саюза.

Хто больш закупіць часу на ТБ, хто больш паставіць бігбордаў — той набывае псіхалагічную перавагу над праціўнікамі і пераконвае электарат: я тут самы круты.

А праграма… Ды хто яе чытае?

Ёсць у рэвалюцыі пачатак…

Адной з найважнейшых знаходак нашай назіральніцкай місіі сталі доказы таго, што Віктар Януковіч рыхтуецца да сваёй «рэвалюцыі» — у выпадку, калі на выбарчых участках прайграе.

Не пакладаючыся на пратэстны патэнцыял свайго пераважна правінцыйнага электарату, «сінія» пайшлі на тое, каб будучую «рэвалюцыю» ў сталіцы праплочваць. Як праплочваецца амаль усё падчас гэтых выбараў.

«Праца на выбарах» — нікога не здзіўляюць такія абвесткі на расійскай мове ў кіеўскім метро. Прапануецца «пастаяць на аб’екце» ў пэўныя гадзіны сутак і атрымаць узнагароду — 75 грыўняў (каля 25 тысяч рублёў).

Нашы назіральнікі спрабавалі патаргавацца і атрымаць сотню — аказалася, можна зарабіць і столькі, але стаяць трэба даўжэй. На Хрышчаціку.

Збяднелыя людзі, якія прадаюць свае галасы ля ўчасткаў або ў інтэрнэце; чальцы выбарчых камісіяў, якія перакідваюцца да таго кандыдата, які больш заплаціць; «тэхнічныя» кандыдаты, якія працуюць на аднаго з «галоўных», і ўрэшце — купленыя «рэвалюцыянеры» — такая цана разгулу алігархічнай дэмакратыі ва ўмовах татальнай галечы.

«Вона»

«Электарат Януковіча больш канцэнтраваны і абмежаваны па рэгіёнах Украіны, таму мае горшы патэнцыял росту, — кажа мой калега па місіі, нарвежскі палітолаг і спецыяліст па назіранні прафесар Франк Арэброт. — Юлія Цімашэнка перамагла ў большай колькасці абласцей з вынікам каля 40%, Януковіч жа перамог толькі на ўсходзе, дзе за яго галасавала да 70—75% насельніцтва вобласці (Данецкай, Луганскай)».

З улікам гэтай тэндэнцыі, а таксама галасоў, набраных іншымі кандыдатамі, палітолаг прагназуе Цімашэнцы перамогу ў другім туры.

«Хутчэй за ўсё, гэта выкліча абурэнне ў шэрагах прыхільнікаў Януковіча, і, як прыхільнікі Юшчанкі пяць гадоў таму, яны паспрабуюць узяць уладу праз «майдан», — кажа прафесар Арэброт.

«Як паказалі нашы назіранні, Януковіч быў гатовы да пратэстаў ужо пасля першага тура, але яны не спатрэбіліся, бо ён набраў адносную большасць галасоў, — працягвае нарвежац. — Аднак калі Януковіч прайграе Цімашэнцы 7 лютага, спробы «сіняй рэвалюцыі» непазбежныя».

У адрозненне ад Беларусі, вырашаць, каму дастанецца перамога ў другім туры, будуць усё ж выбаршчыкі — тыя самыя, якія ў пераважнай большасці расчараваліся ў палітыцы, але ўсё ж спадзяюцца на лепшую будучыню і на ўчасткі прыйдуць.

Аднак, як паказваюць настроі ў краіне, галасаваннем барацьба можа не скончыцца. Абодва бакі прадумляюць, як ухапіць за хвост перамогу, калі тая надумаецца выслізнуць.

Бо надта шмат мільярдаў пастаўлена на карту…

Вадзім Вілейта

Каментары4

Цяпер чытаюць

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга146

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга

Усе навіны →
Усе навіны

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара17

Андрэй Павук прыйшоў на прайд у Вільні ў форме міліцыянта з чырвона-зялёным сцягам. Чаму?48

Аўталаўкі ў вёсках могуць змяніць свой выгляд — вось як ФОТЫ8

Мінчанка купіла кілаграм крэветак і амаль палову выкінула ў сметніцу — адны галовы4

Украінскі F-16 збіў расійскі Су-35 дзякуючы дапамозе шведскага самалёта7

Скандал у віп-зале Мінскага вакзала: свецкай журналістцы Бажэне Рынскай забаранілі сесці з нагамі ў крэсле15

Велападарожнік з Пінска паехаў у Смаленскую вобласць — і ў яго там скралі веласіпед4

Вучоныя даказалі эфектыўнасць вывучэння мовы падобна немаўлятам1

Дзяўчына зняла на відэа кампосцер у аўтобусе Брэста. У каментарах гарачая спрэчка — з-за мінчукоў12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга146

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць