Свет1111

Меркель: Трамп зачараваны пуцінскай Расіяй

Былая канцлерка Германіі, якую часта вінавацяць у заігрыванні з рэжымам Пуціна, у вялікім інтэрв'ю выданню Berliner Zeitung распавяла пра свае адносіны з расійскім кіраўніком, стаўленне да паводзін Трампа і сваю веру ў магчымасць перамогі Украіны.

Ангела Меркель. Фота: Maja Hitij/Getty Images

Найперш журналісты спыталі ў палітыка пра яе стаўленне да скандала, які адбыўся ў час візіта Зяленскага ў Вашынгтон.

Berliner Zeitung: Што вы падумалі, калі ўбачылі гэтую сустрэчу?

Ангела Меркель: Што я больш ніколі не хачу бачыць нічога падобнага. Гэта было вельмі прыгнятальна.

BZ: Прэс-канферэнцыя ў каміннай зале, дыпламатычныя перамовы на адкрытай сцэне — гэта было незвычайна, ці не так?

— Такое здаралася часта. Памятаю міжнародны саміт, на якім я сустракалася з прэзідэнтам Трампам. Было вырашана, што будуць кароткія заявы і адно-два пытанні. Але ўсё зацягнулася, і пытанням журналістаў не было канца.

BZ: У вас быў перакладчык?

— Так, мая перакладчыца Даратэя Кальтэнбах заўсёды перакладала для мяне.

BZ: Заўсёды?

— Калі я яшчэ не была федэральным канцлерам, аднойчы загаварыла па-англійску, бо амерыканцам гэта падабаецца і так хутчэй. Але пасля разумныя журналісты, якія вучыліся ў Амерыцы або Англіі, пачалі крытыкаваць мае памылкі ў прыназоўніках. З тых часоў на публіцы я заўсёды размаўляю па-нямецку. Вы можаце гаварыць па-англійску як заўгодна добра, але для перадачы нюансаў мовы лепш мець перакладчыка і гаварыць на роднай мове.

BZ: Ці стала недахопам для Зяленскага тое, што ён размаўляў па-англійску, і тое, што ў зносінах узнікалі відавочныя непаразуменні?

— Я не хачу каментаваць усё гэта. Я проста хачу сказаць, што аддала б перавагу таму, каб не бачыць гэтую сустрэчу ў такім выглядзе, асабліва ўлічваючы, што яе бачыла ўся Расія, у тым ліку і прэзідэнт Пуцін.

BZ: Тая сустрэча з Трампам, якую вы толькі што апісалі, — гэта тая, калі ён адмовіўся паціснуць вам руку?

— Не, гэта быў мой інаўгурацыйны візіт у Вашынгтон вясной 2018 года. Калі мяне сустракалі каля Белага дома, побач з аўтамабілем, Дональд Трамп усё ж паціснуў мне руку. Але не тады, калі мы сядзелі каля каміна перад журналістамі ў Авальным кабінеце. Я шапнула яму: «Яны хочуць поціску рукі», і ў гэты момант зразумела, наколькі наіўна было меркаваць, што ён сам гэтага не ведае. Ён паціскаў руку Сіндза Абэ, прэм’ер-міністру Японіі, на працягу 19 секунд, і гэта была зусім іншая крайнасць. Пра гэтыя рэчы гаварылі і раней.

BZ: У сваёй аўтабіяграфіі вы пішаце пра гэтую сустрэчу, што выглядала так, нібы Трамп хацеў прымусіць сваіх суразмоўцаў адчуваць сябе вінаватымі. «Ён зноў і зноў падкрэсліваў, што Германія яму нешта вінная». Тое ж самае адбывалася і на сустрэчы з Зяленскім.

— Так, прэзідэнт Трамп лічыць, што Амерыку ў пэўнай ступені эксплуатаваў увесь свет. ЗША дапамагаюць або абараняюць іншыя краіны проста так. Ён падлічвае, колькі гадоў не быў прэзідэнтам з моманту заснавання ФРГ, а затым прыдумвае неверагодныя сумы, якія Германія нібыта павінна амерыканцам, бо яны забяспечвалі нашу бяспеку.

BZ: Але ці сапраўды Германія нічога не вінная амерыканцам? Або Украіна — ЗША?

— ЗША і мы, то бок Германія і Еўрасаюз, падтрымліваем Украіну ў сваіх уласных інтарэсах. У Будапешцкім мемарандуме 1994 года ЗША разам з Вялікабрытаніяй і Расіяй выступілі ў абарону тэрытарыяльнага суверэнітэту Украіны, што было неабходнай умовай для яе адмовы ад ядзернай зброі. У гэтым сэнсе яны ўзялі на сябе адказнасць за бяспеку Украіны.

BZ: Ці можна сказаць, што Трамп стаў на бок Пуціна?

— Мы пакуль не можам вынесці канчатковага меркавання наконт гэтага. Але факт, што ЗША разам з Расіяй прынялі рэзалюцыю супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны на Генеральнай Асамблеі ААН за некалькі дзён да сустрэчы ў Авальным кабінеце, здзіўляе і заслугоўвае ўвагі.

BZ: Трамп і Пуцін так добра ладзяць, таму што падобныя па характары?

— Расія — гэта велізарная краіна з багатымі прыроднымі рэсурсамі, магутная ядзерная дзяржава з аўтарытарным прэзідэнтам. І Трамп, відавочна, зачараваны такой краінай. Аднак гэта не азначае, што ён хоча аказаць Расіі нейкую паслугу. Яго цікавяць уласныя інтарэсы: зрабіць Амерыку зноў вялікай.

BZ: Вы апісваеце Пуціна як чалавека, які заўсёды напагатове, каб пазбегнуць дрэннага стаўлення да сябе, і гатовы кінуцца ў напад. Пра Трампа можна сказаць тое ж самае.

— Яны розныя. Пуцін вельмі зацікаўлены ў прызнанні, асабліва з боку Амерыкі. Гэты стыль мыслення паходзіць яшчэ з часоў халоднай вайны; для яго значныя гульцы — не Германія ці ЕС, а ЗША як сапраўдная сусветная дзяржава. Яны былі і застаюцца для яго галоўным арыенцірам.

BZ: Вы вялі перамовы з Пуціным, як ніхто іншы, зноў і зноў. У сваёй кнізе вы цытуеце яго словы: «Вы не будзеце канцлерам вечна. А потым Украіна і Грузія стануць членамі НАТА». Ці азначае гэта, што калі б вы засталіся канцлерам, гэтай вайны не адбылося б?

— Я б хутчэй задала пытанне інакш: ці здарылася б гэтая вайна без пандэміі? Калі б мы часцей сустракаліся, часцей гаварылі сам-насам? Калі Пуцін сабраў свае войскі на расійска-ўкраінскай мяжы ў 2021 годзе, а прэзідэнт Байдэн паказаў нам на гэта на саміце G20 у кастрычніку 2021-га, я і іншыя звычайна неадкладна адвялі б Пуціна ў бок і запыталіся: што гэта такое, да чаго ўсё ідзе? Але Пуцін нават не прыехаў з-за каранавіруса. Застаўся толькі такі вынік: парушэнне ўсіх дамоўленасцей, якія Расія падпісала пасля заканчэння халоднай вайны, і парушэнне міжнароднага права.

BZ: Што трэба даць Пуціну, каб ён пагадзіўся на мірнае пагадненне?

— Я не магу сказаць, як мог бы выглядаць пераканаўчы пакет для заключэння пагаднення, бо я больш не займаюся палітыкай і не размаўляла з Пуціным ужо шмат гадоў.

BZ: Калі гэта было ў апошні раз?

— У жніўні 2021 года падчас майго развітальнага візіту ў Маскву і яшчэ раз па тэлефоне неўзабаве пасля таго, як я пакінула сваю пасаду ў снежні.

BZ: Што ён сказаў?

— Нешта прыязнае. Думаю, яму было цяжка зразумець, што я сышла па ўласным жаданні. Для яго гэта было немагчыма ўявіць.

BZ: У сваёй кнізе вы пішаце, што ігнараваць пункт гледжання Пуціна — гэта грубая неахайнасць. Вы таксама крытыкуеце Джорджа Буша і яго планы па далучэнні Украіны да НАТА, а таксама кажаце пра рызыку пашырэння НАТА на ўсход. Пуцін хацеў процідзейнічаць таму, што ЗША выйшлі пераможцамі з халоднай вайны. Вы разумееце яго пункт гледжання?

— Не, я лічу, што ён страціў адчуванне рэальнасці, калі спрабаваў змяніць Украіну, здзейсніўшы своеасаблівы дзяржаўны пераварот усяго за некалькі дзён. І ён, відавочна, зусім інакш успрымае тое, як змяніліся людзі ва Украіне з 2014 года.

BZ: Меркаванне Пуціна пра Захад і пашырэнне НАТА на ўсход амаль больш не абмяркоўваецца. На кожнага, хто гэта робіць, хутка навешваюць цэтлік апалагета Пуціна.

— Гэта дрэнна, бо такія дыскусіі павінны весціся. Трэба загадзя прадумваць дыпламатычныя ініцыятывы, каб яны былі даступныя ў патрэбны момант.

Прэзідэнт Зяленскі самастойна не можа вырашыць, калі надыдзе час для дыпламатыі. Украіна можа вырашыць гэта толькі разам са сваімі саюзнікамі.

BZ: На вас калі-небудзь навешвалі такія цэтлікі?

— Мне ніхто ніколі не казаў «апалагет Пуціна», гэта смешнае слова. Няма нічога дрэннага ў тым, каб разумець, што робіць Пуцін, і ставіць сябе на яго месца. Гэта асноўная задача дыпламатыі. У яго няма ніякіх апраўданняў для ўварвання ў іншую краіну. Але дыскусія пра інтарэсы Расіі павінна быць дапушчальная.

BZ: Як вы думаеце, ці здольны Пуцін напасці на краіны Балтыі, Польшчу і Германію?

— Я магу толькі сказаць, што гэта частка расійскай вайсковай дактрыны — аслабляць іншыя краіны: з дапамогай кібернападаў, фальшывай інфармацыі, ботаў, маніпуляцый у інтэрнэце. Гэта адбываецца штодня.

Прэзідэнт Пуцін спрабуе аслабіць Еўрапейскі саюз усімі сродкамі, якія ёсць у яго ў распараджэнні на дадзены момант.

BZ: Вы занадта доўга верылі, што з ім можна дамовіцца? Ці было будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» памылкай?

— Думаю, я належу да тых людзей, калі можна так красамоўна выказацца, у якіх было вельмі мала ілюзій наконт Пуціна.

Я ведала, што ён уварваўся ў Грузію, што ён анексаваў Крым, што ён хлусіў мне тады. Тым не менш, я лічу, што было правільна зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць такую вайну.

Пуцін напаў на Украіну ў 2022 годзе, хаця «Паўночны паток — 2» яшчэ не быў запушчаны. Я раю вам паставіць сябе на месца таго часу, у якім мы знаходзіліся. І таксама раю не спяшацца казаць, што тады было прынята няправільнае рашэнне. Для сябе я гэтага дакладна не прымаю.

BZ: Незадоўга да вашай адстаўкі Пуцін апублікаваў эсэ пра гістарычнае адзінства рускіх і ўкраінцаў. У ім ён заклікае вярнуць Усходнюю Еўропу да статус-кво 1999 года, што азначае, што такія краіны, як Польшча ці Балгарыя, павінны зноў пакінуць НАТА.

— Так, а да гэтага ён ужо напісаў артыкул пра пакт Гітлера-Сталіна і зрабіў неймаверныя заявы, у тым ліку аб ролі польскага ўрада. Я гаварыла з ім пра гэты артыкул. Ён усё больш і больш стварае ўласныя тэорыі ў сваіх мэтах — тэорыі, якія з гістарычнага пункту гледжання больш чым сумнеўныя.

BZ: Калі б вас папрасілі, ці сталі б вы зараз зноў весці перамовы з Пуціным?

— Я думаю, што гэта задача тых, хто сёння кіруе.

BZ: Усходнія немцы менш баяцца Пуціна, чым заходнія?

— Мне здаецца, што ў многіх усходніх немцаў склалася ўражанне, што выйграць гэтую вайну Украіне будзе цяжка, і яны лічаць, што лепш увогуле не ўвязвацца ў канфлікт з Расіяй, бо поспеху ўсё роўна не дасягнуць. Магчыма, гэта мысленне савецкай эпохі. Я так не думаю. Я веру, што гэта магчыма.

BZ: Як вы думаеце, ці можа Украіна перамагчы Расію?

— Я лічу, што можна зрабіць так, каб Расія не выйграла вайну, і каб Украіна мела будучыню як суверэнная дзяржава ў міры і свабодзе.

Гэтай мэты немагчыма дасягнуць толькі ваенным шляхам. Гэты вынік не будзе дасягнуты без дыпламатыі. Не я цяпер вяду перамовы, але гэта павінна быць мэтай, і яна павінна быць дасягнута.

BZ: Па чым вы найбольш сумуеце пасля таго, як пакінулі пасаду?

— Смачны абед у бундэсканцылярыі, свежыя кветкі на стале штодзень. Я з задавальненнем узгадваю той час. Нават вар’яцкая нагрузка заўсёды была ў радасць. Гэтыя пераскокі з унутранай на міжнародную палітыку. Гэта было вельмі цікава, але, вядома, і стамляльна. Я не сумую, але мне прыемна пра гэта думаць.

BZ: Сёння вам удаецца выспацца?

— Так.

BZ: І як доўга вы спіце?

— Гэта залежыць ад абставін. Асабліва добра я засынаю пад раніцу. Аднак з узростам я разумею, што ўсё горш пераношу гасцінічныя ложкі. Я аддаю перавагу спаць дома.

BZ: Вы шмат падарожнічаеце?

— Не, але зараз я зноў падарожнічаю больш. І зусім інакш. Калі я была федэральнай канцлеркай, я часта вярталася дадому ўрадавым самалётам пасля вячэрніх мерапрыемстваў. Цяпер гэта ўжо немагчыма, таму знаёмства з гасцінічнымі нумарамі непазбежнае.

BZ: Як вы падарожнічаеце? Бізнес-класам?

— Так, або цягніком. У панядзелак, калі была забастоўка, я дабіралася на сустрэчу ў Дзюсельдорф на цягніку.

BZ: Як рэагуюць вашы спадарожнікі?

— У цягніку некалькі разоў прасілі зрабіць сэлфі.

BZ: А вы робіце сэлфі?

— Я заўсёды стараюся прытрымлівацца пэўных правілаў роўнага стаўлення. Таму ў панядзелак я рабіла сэлфі толькі з супрацоўнікамі цягніка і ніводнага з пасажырамі.

Каментары11

  • Трушчыць і Каўбасіць
    15.03.2025
    Сацыялістычных людажораў, што можа скончыцца вайна
  • Бабка манипулирует
    15.03.2025
    Уж чья бы корова мычала, но не Меркель, которая и завела Германию в ловушку зависимости от России, а вдобавок ещё и пустила миллионы мигрантов-нахлебников в страну. Все происходящее с экономикой страны - в первую очередь ее собственная заслуга.
  • Ян
    15.03.2025
    А хто быў зачараваны крамлёўскай газавай трубой?

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць