Басманны раённы суд Масквы прыгаварыў сустаршыню руху назіральнікаў на выбарах «Голас» Грыгорыя Мельканьянца да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Акрамя таго, суд забараніў Мельканьянцу на працягу дзевяці гадоў займацца грамадскай дзейнасцю. Мельканьянца прызналі вінаватым па справе аб арганізацыі працы «нежаданай» арганізацыі міжнародных назіральнікаў ENEMO, якая не праводзіла місій у Расіі, піша «Медыязона».
Бок абвінавачання паўтараў, што рух «Голас» нібыта быў створаны «на базе» аднайменнай асацыяцыі, якая ўваходзіла ў абвешчаную пазней «нежаданай» ENEMO. Аператыўнік у сваім дакладзе выдаў сайт ENEMO за сайт руху «Голас» — ён не валодае англійскай мовай і не здолеў прачытаць, што напісана на сайце міжнароднай арганізацыі.
У тым ліку пракуратура палічыла арганізацыяй працы «нежаданай» НКА выступленні Мельканьянца на круглым стале, прысвечаным электроннаму галасаванню, у Цэнтральнай выбарчай камісіі. У іх Мельканьянц удзельнічаў па запрашэнні ЦВК. У судзе рух «Голас» быў названы «структурным падраздзяленнем» ENEMO, хоць яна не вядзе працу ў Расіі.
Ні асацыяцыя «Голас», заснаваная ў 2000 годзе і ліквідаваная ў 2020 годзе пасля ўключэння ў спіс «замежных агентаў», ні заснаваны ў 2013 годзе грамадскі рух «Голас» ніколі не прызнаваліся ў Расіі «нежаданымі» арганізацыямі.
Два дні таму пракурорка Кацярына Фролава запрасіла для Мельканьянца шэсць гадоў зняволення — гэта максімальны тэрмін паводле артыкула аб ажыццяўленні дзейнасці «нежаданай арганізацыі».
Каментары