Тэатр33

Крэдыт для голага караля

Андрэй Курэйчык зрабіў Пане Каханку бацькам нацыі. «Пане Каханку» — новы відовішчны спектакль у тэатры імя Горкага.

«Пане Каханку» — новы відовішчны спектакль у тэатры імя Горкага. Піша Сяргей Мікулевіч.

27 сакавіка ў Горкаўскім тэатры прайшла прэм’ера спектакля паводле п’есы Андрэя Курэйчыка «Пане Коханку». Менавіта так, праз гіперкарэктнае «о» стаіць на афішах. Хоць у цэлым гэтай пастаноўкай тэатр пацвердзіў статус Нацыянальнага драматычнага.

Спектакль пачынаецца сцэнай адрачэння Радзівіла. З высылкі ён піша ліст да расійскай царыцы Кацярыны: просіць дазволу вярнуцца ў родны Нясвіж за абяцанне «не займацца палітыкай».

Бо Караль Станіслаў Радзівіл сам хацеў быць каралём Рэчы Паспалітай, замест марыянеткавага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, каханка Кацярыны.

Гэтым у многім тлумачыцца тое, чаму гісторыкі пасля так упарта ляпілі з Пане Каханку вобраз дзівака і блазна.

Адзіны рэальны гістарычны факт, на якім будуецца п’еса, — візіт Панятоўскага ў Нясвіж.

Паводле п’есы, Панятоўскі прыязджае браць крэдыт «на пяць гадоў пад каралеўскае слова». Фінансавыя магчымасці караля цудоўна ўвасабляе сцэна мыцця ў ванне. А матывацыя будзе да болю знаёмая сённяшнім голым каралям: крэдыт трэба, каб ратаваць Рэч Паспалітую. Але палымяныя заклікі да адзінства і патрыятызму не кранаюць багатага Радзівіла.

«Это не наречие. Это язык»,

— кідае Радзівіл Панятоўскаму, калі той спрабуе падлашчыцца, сказаўшы тост «на местном наречии». Пане Каханку расплюшчвае вочы здзіўленаму Панятоўскаму:

тут — Беларусь. Беларусам пляваць і на Маскву, і на Варшаву.

Тут свой рытм, амбіцыі будаўнікоў імперый абыякавыя людзям гэтай зямлі. А яшчэ — Радзівіл адразу зразумеў, што новы кароль задробны душой, каб пайсці ў сваёй справе да канца.

Аўтары не імкнуліся стварыць новыя вобразы. Яны стваралі запамінальныя. Таму Пане Каханку — гэта крыху стары Вежа з «Каласоў пад сярпом тваім»: у сваіх дзівацтвах, складаных платанічных пачуццях да маладой акторкі Алесі (успомнім, у Вежы таксама быў тэатр). Але найбольш Курэйчыкаў Радзівіл — гэта Мюнхгаўзен. Прычым гэта барон не з кніжкі Распэ, а з фільма «Тот самый Мюнхгаузен» Захарава. Уплыў савецкага кінематографа прарываецца не толькі тут. Шчымлівая фінальная сцэна палёту крыху нагадвае адпаведную з «Сказки странствий» Міты.

Скразная ідэя п’есы — навучыць беларусаў лётаць.

Гэтым займаецца Караль Радзівіл у Нясвіжы, даўшы зарок не браць удзелу ў палітыцы. «Палёт» чытаецца як метафара пазбаўлення ад комплексу нацыянальнай непаўнавартасці.

Але яскравыя акцэнты, зародкі сюжэтных ліній у п’есе трэба вылоўліваць. Яны зацярушаныя саладжавымі народалюбскімі развагамі, вялізнай колькасцю іншай мішуры. Рэжысёр Андрэй Курэйчык вядомы як стваральнік сцэнароў для паспяховых расійскіх кінасерыялаў. І ён пастараўся, каб у гэта п’есе было ўсё: і лінія кахання, і элементы спецыфічнага тэатральнага капусніка (паказальна, што сцэну рэпетыцыі радзівілаўскага тэатра разумелі хіба прафесійныя акторы), і цэлыя музычныя нумары, прычым беларускамоўныя, — арыі з твораў Мацея Радзівіла, песня Лявона Вольскага «Пане Каханку».

Выпадковасць частак сюжэта кампенсуецца сілай супутных эфектаў — то падабранай музыкай, то вынаходкамі пастаноўкі.

«Пане Каханку» — сярод самых відовішчных спектакляў года.

Ён мае ўсе шанцы доўга збіраць аншлагі ў Горкаўскім: модны рэжысёр, папулярная гістарычная тэма, якасная пастаноўка.

Сцэны прыніжэння, якія Панятоўскі зазнае ў Нясвіжы, спадзеючыся на крэдыт, выклікалі б, пэўна, багаты асацыятыўны шэраг у сённяшніх вышэйшых дзяржаўных асобаў.

Нечаканае вытлумачэнне ў гэтым ракурсе набываюць і дзівацтвы Пане Каханку, апісаныя гісторыкамі. Так, яго загад гандлярам залезці на дрэвы і каркаць варонамі, меў на мэце праверыць, ці згодны чалавек на прыніжэнне за тры рублі. «Аказваецца — могуць!» Разлік адбываецца на вачах Панятоўскага, які ўсё чакае ад Пане Каханку крэдыту…

Спецыяльна для Панятоўскага Пане Каханку ладзіць нават парадыйную «бітву з расійцамі», якая насамрэч выяўляецца стральбой набоямі з солі па тых гандлярах.

Пасля Панятоўскі знаходзіць выпадак адыграцца асабіста.

Пад канец п’есы процістаянне караля ў фальшывым золаце і князя ў простым бела‑чырвоным строі чытаецца ўсё ясней.

Фінал — інсцэнізаваная бітва пры Гібралтары на нясвіжскіх сажалках. Падчас сапраўднай Гібралтарскай бітвы галандцы вырвалі незалежнасць у іспанскіх заваёўнікаў. Нашы героі — толькі гледачы. Гэтым відовішчам Радзівіл нібыта сцвярджае сваю маральную перамогу, хоць жыццёвую паразу ад Панятоўскага і падобных яму атрымаў.

Зрэшты, не толькі маральную: крэдыту Радзівіл каралю так і не даў. Цікава: ці была б сёння Беларусь, калі б даў? Во гэтак Андрэй Курэйчык зрабіў Пане Каханку бацькам нацыі.

Наступныя паказы: 11, 16 і 29 красавіка.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных3

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Усе навіны →
Усе навіны

Пачалася сустрэча Лукашэнкі і Пуціна4

Як выглядае беспілотнік, які сёння знайшлі ў Літве ФОТА2

Латушка: Круглы стол з Лукашэнкам немагчымы26

У Літве знайшлі беспілотнік, што заляцеў з Беларусі. Вось як ён выглядае2

Пошукава-выратавальныя работы ў Кіеве завершаны: загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

«Самае старое» дзіця ў свеце нарадзілася з эмбрыёна, які быў замарожаны 30 гадоў таму3

Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ўкраінскае грамадзянства, а колькі іх выдварылі з краіны5

А вы ведалі, што ў Мінску працуе «Донер Трамп»? Што там прапануюць?2

Лукашэнка сёння ляціць у Расію13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных3

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць