Беларуска знайшла ва ўпакоўцы скумбрыю «не таго малюнку». У чым праблема?
Дзяўчына паскардзілася ў тыктоку на японскую скумбрыю аднаго з папулярных беларускіх вытворцаў, якая, на яе думку, скумбрыяй не з’яўляецца. «Падмену» пакупніца заўважыла толькі пасля таго, як адкрыла ўпакоўку. Яе здзівіў як знешні выгляд рыбы — занадта вялікі памер кавалкаў і малюнак на спінцы, так і яе смак — занадта насычаны лёк. Выданне Telegraf.news паспрабавала разабрацца, ці сапраўды там была падмена.

«Скумбрыя японская, кавалкі спецыяльныя» — такую назву пазначыў на ўпакоўцы свайго прадукту вытворца, чым і ўвёў пакупніцу ў зман. Дзяўчына вырашыла, што ідзе гаворка пра нейкі асаблівы рэцэпт гатавання марынаду для рыбы, але ўсё аказалася інакш.
Адкрыўшы ўпакоўку, пакупніца адразу западозрыла нешта не тое. Паводле яе слоў, кавалкі рыбы аказаліся большымі, «малюнак не той» на спінцы рыбы, каля пазваночніка, адрозны ад характэрнага для скумбрыі. Смак дзяўчыне таксама падаўся нязвыклым і «жудасна нясмачным».
У выніку пакупніца прыйшла да высновы, што вытворца пад выглядам скумбрыі прадаў ёй макрэль, а схаваць «падмену» спрабаваў вялікай колькасцю спецый і солі ў марынадзе, каб перакрыць больш рэзкі пах іншага віду рыбы.
«Я прагугліла: скумбрыя японская — гэта і ёсць нібыта тая самая макрэль. Так і пішыце: «макрэль, кавалкі спецыяльныя», і гэта будзе правільна», — раскрытыкавала дзяўчына вытворцу.
Сколько раз в видео я сказала МАКРЕЛЬ?
У каментарыях пад ролікам гледачы падзяліліся на два лагеры. Першыя сцвярджалі, што скумбрыя і макрэль — гэта дзве назвы адной і той жа рыбы.
«30 гадоў тэхнолагам у моры працаваў, вы зможаце адрозніць скумбрыю з паўднёвай часткі Атлантычнага акіяна ад паўночнай часткі Атлантычнага акіяна? Купляў я гэтую макрэль, па-нашаму скумбрыя, макрэллю называюць у Іспаніі і Партугаліі. Адзінае, з чым згаджаюся, гэта тое, што лёк прыгатаваны няправільна, бо не ўлічваецца тлустасць макрэлі. Вас ніхто не ашукаў, яна прыгатаваная па тэхнічных умовах, зацверджаных на вытворчасці», — напісаў адзін з гледачоў.
Іншыя ўсё ж падтрымалі аўтарку, адзначыўшы, што гэтыя дзве рыбы зусім розныя, прынамсі па смаку.
«Вы мяне навялі на ісціну. Ніколі не задумвалася, думаю, чаму скумбрыя апошнім часам такая нясмачная?» — адзначыла адна з глядачак.
Што ж гэта на самай справе за «японская скумбрыя»?
Скумбрыя, японская скумбрыя і макрэль — гэта насамрэч тры розныя віды рыбы, хоць і роднасныя. Усе яны адносяцца да сямейства скумбрыевых. Пад скумбрыяй у нас звычайна разумеюць атлантычную скумбрыю. Гэта самы тлусты від з усіх трох і таму многія лічаць яе самай смачнай. Японская скумбрыя трохі менш тлустая, а макрэль — самая сухая, таму яе рэкамендуюць пры дыетычным харчаванні.
Спрачацца пра густы не варта, а вось пра знешнія адрозненні трох відаў можна пагаварыць. Лягчэй за ўсё адрозніць ад скумбрыі сапраўды макрэль. На сайце аднаго з расійскіх вытворцаў рыбы пазначана, што гэтыя два віды адрозніваюцца выразна — макрэль большая, мае больш падоўжанае цела, магутныя сківіцы з буйнымі трохкутнымі зубамі і больш вострую форму галавы. Аднак ад пакупнікоў усё гэта вельмі проста схаваць, а вось што схаваць не ўдасца, дык гэта адметны малюнак на спінцы:
- у макрэлі ўся спінка ў цёмных плямах і палосках, якія часткова заходзяць на жывот;
- у скумбрыі на спінцы ёсць толькі выразныя фірмовыя «тыгравыя» палоскі.

Адрозніць па знешніх прыкметах атлантычную і японскую скумбрыю, як адзначае той жа расійскі вытворца, для звычайнага чалавека практычна немагчыма — істотных адрозненняў у іх проста няма. Віды адрозніваюцца толькі рознай ступенню тлустасці і, уласна, па паходжанні.
Як зразумела з назвы, радзіма японскай скумбрыі — Японскае, Жоўтае мора і Ціхі акіян каля берагоў Японіі. Гэты від таксама часам сустракаецца ў Ахоцкім моры. Расійскія кампаніі здабываюць яе ў невялікай колькасці каля Курыльскіх астравоў.
Каментары
[Зрэдагавана]