Расія заблакавала продаж Райфайзэнбанка: хоча захаваць фінансавы мост з Захадам
Raiffeisen Bank International не здолеў прадаць сваю долю ў расійскім бізнесе. Паводле Reuters, набыць актывы хацеў неназваны інвестар, але Крэмль забараніў здзелку, паколькі хоча захаваць банк як ключавы канал фінансавых сувязяў з Захадам.

Райфайзэн застаецца найбуйнейшым крэдыторам у Расіі, які не падпадае пад заходнія санкцыі, што робіць яго крытычна важным для гандлёвых плацяжоў, у тым ліку за пастаўкі расійскага газу ў Еўропу. Банк апрацоўвае плацяжы і па газаправодзе «Турэцкі паток», праз які Расія пастаўляе газ у Венгрыю і Балгарыю.
Аўстрыйскі банк ужо некалькі гадоў спрабуе знайсці пакупніка на сваю расійскую «дачку», спадзеючыся, што Масква дазволіць рэпатрыяваць прыбыткі, якія цяпер заблакаваныя. Сумы ацэньваюцца прыкладна ў 7 млрд еўра.
Кіраўнік RBI Іаган Штробль неаднаразова ездзіў у Расію для перамоваў, але прадаць долю не ўдалося. Прычына — расійскія ўлады бачаць у банку апошні «эканамічны мост» з Еўропай, якая ўсё яшчэ закупляе расійскія нафту і газ, хоць і ў значна меншых аб’ёмах, чым да вайны.
У той жа час на Raiffeisen узмацняецца ціск з боку ЗША і ЕС, якія патрабуюць скараціць дзейнасць у Расіі праз вайну супраць Украіны. Украінскія ўлады неаднаразова крытыкавалі банк за тое, што ён працягвае працаваць на расійскім рынку і тым самым падмацоўвае эканоміку агрэсара.
На дадзены момант банк скараціў аперацыі ў РФ, але цалкам сысці не можа — для гэтага патрэбна адабрэнне расійскіх уладаў.
Raiffeisen Bank International цалкам пакінуў беларускі рынак у верасні 2024 года, калі ён падпісаў здзелку аб продажы свайго кантрольнага пакета кампаніі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Завершана яна была ў лістападзе таго ж года. Аднак продаж адбыўся «з экстрэмальным дысконтам».
Цяпер чытаюць
«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве

Каментары