Былыя супрацоўнікі мінскага офіса Vizor Games, які з красавіка 2024 года працуе пад назвай «ГеймТэк», расказалі пра хвалю скарачэнняў 2D– і 3D-мастакоў. Паводле іх слоў, было звольнена ад 15-20+ чалавек, кіраўніцтва тлумачыць звальненні ўплывам ШІ.

У кампаніі Devby.io адказалі, што звольнілі «некалькі мастакоў».
«Не глядзелі ні на стаж працы ў кампаніі, ні на прадукцыйнасць»
Вераніка (імя зменена) лічыць, што яе звальненне стала часткай больш шырокага працэсу:
— З канца жніўня да сярэдзіны верасня ў беларускай студыі Vizor Games прайшла хваля скарачэнняў. Пад удар трапілі пераважна спецыялісты з арт-аддзела — 2D– і 3D-мастакі. Пра звальненні ў іншых аддзелах у мяне інфармацыі няма. Я ведаю толькі пра скарачэнні ў арт-аддзеле, на ўсіх праектах Vizor.
Я таксама трапіла пад скарачэнне. Пры звальненнях не глядзелі ні на стаж працы ў кампаніі, ні на прадукцыйнасць. Звальненні мастакоў, якія праходзілі з канца жніўня да пачатку верасня, не былі звязаны з заканчэннямі працоўных дамоваў. Звальнялі людзей без папярэдняга паведамлення, інфармацыю яны атрымлівалі толькі ў апошні дзень працы. У якасці кампенсацыі выплачвалі адзін заробак наперад.
Усяго звольнілі дакладна больш за 20 чалавек, але наколькі больш — мне, на жаль, не вядома.
На асобных праектах кампаніі пад скарачэнне трапіла да паловы каманды мастакоў, якія працавалі над імі. Акрамя таго, частка супрацоўнікаў, якія не трапілі ў спісы звольненых, прынялі рашэнне пакінуць кампанію самастойна.
Пры звальненні менеджар паведаміў мне, што Vizor пераходзіць на «новыя рэаліі з ШІ». У сувязі з гэтым адбываюцца цяперашнія скарачэнні. І, магчыма, будуць дадатковыя скарачэнні яшчэ праз паўгода, пасля аналізу вынікаў цяперашніх.
Многія супрацоўнікі былі незадаволены такім тлумачэннем, бо практычна ўсе скарочаныя актыўна выкарыстоўвалі ШІ ў працы. Пры мне звольнілі самага прадукцыйнага і дасведчанага спецыяліста на праекце, які таксама карыстаўся ШІ. У размовах з калегамі-мастакамі мы зразумелі, што амаль усе яны працавалі як ІП з іншых краін. Верагодна, менавіта таму Vizor было прасцей звольніць гэтых супрацоўнікаў «адным днём». Пад скарачэнне трапіла і супрацоўніца, якая нядаўна выйшла з дэкрэта.
Адзначу, што праблемы ў Vizor пачаліся яшчэ чатыры гады таму. У нас прыбралі амаль усе бенефіты, падарункі на Новы год. Павышэнне заробкаў было замарожанае. Памятаю часы, калі супрацоўнікі збіраліся на карпаратывы, і пры гэтым напоі і піцы былі за кошт супрацоўнікаў. Гэта падавалася так, што кампанія «па-чалавечы» прыбірае бенефіты, затое людзей не звальняе. Пазней сітуацыя крыху палепшылася, нам вярнулі карпаратывы і падарункі на дні нараджэння. Кампанія нават сцвярджала, што аплачвае (поўнасцю або часткова) профільныя курсы спецыялістам. Але пры гэтым ні мне, ні маім калегам так і не ўдалося ўзгадніць хоць бы частковую зніжку на курсы, якія былі профільнымі і траплялі пад усе ўмовы кампенсацыі.
Vizor звальняў людзей і раней: пры закрыцці аднаго з праектаў супрацоўнікаў, якія працавалі над ім, скарацілі. Але заставалася надзея, што да нас гэта не дойдзе.
«Нібыта бізнесу не патрабуецца столькі мастакоў»
Па словах Кацярыны (імя зменена) звальненні ў беларускім офісе Vizor Games закранулі некалькі праектаў:
— Першапачаткова скарачэнні праходзілі толькі на двух праектах і толькі сярод 2D– і 3D-мастакоў, дызайнераў і мастакоў маркетынгу. За пару месяцаў да гэтага стала вядома, што яшчэ адзін праект (трэці, які не адносіцца да першых двух) закрываецца, і людзей з яго размеркавалі па іншых праектах. Аднак размеркавалі не ўсіх, і ў далейшым рэшткі з арт-аддзелаў трэцяга праекта, якіх не паспелі размеркаваць, звольнілі таксама.
Да таго, як гэта ўсё пачалося, усім казалі, што нікога звальняць не будуць і «ўсіх выратуюць». Таму для многіх людзей звальненні сталі нечаканасцю. Некаторыя супрацоўнікі прапрацавалі ў кампаніі па 6‑-10 гадоў.
Акрамя таго, звальненні адбываліся ў адзін дзень, каб чуткі не разпаўзаліся і не ўздымалася паніка (зрэшты, гэтага пазбегнуць не ўдалося). Чалавек мог даведацца, што звольнены, выйшаўшы на працу пасля адпачынку, пры тым, што да адпачынку яго працу хвалілі.
Пасля таго, як звольнілі 19‑20 чалавек (2D– і 3D-мастакоў, а таксама двух дызайнераў і аднаго арт-дырэктара), некаторыя людзі пачалі звальняцца самі.
Пазней кіраўніцтва абгрунтавала звальненні ўкараненнем у працэсы ШІ: нібыта бізнесу не патрабуецца столькі мастакоў. Але, як паказала практыка, гатовых рашэнняў і пайплайнаў па аптымізацыі працэсаў з ШІ не было — наладжванне пераклалі на мастакоў, якія засталіся.
Думаю, скарачэнні вяліся па такой схеме: ёсць флагманскі праект і ёсць «праекты надзеі», і яны пакуль «у доміку». Скарачэннямі прайшліся менавіта па самых стабільных і прадказальных праектах, гэта значыць скарысталіся хуткім спосабам дастаць дадатковае фінансаванне для больш значных напрамкаў. Аднак не ўлічылі рызыкі: многім не спадабалася такое стаўленне, і хтосьці, нават не трапіўшы пад скарачэнне, вырашыў сысці сам.
Людзям выплацілі кампенсацыі, памер якіх адрозніваўся ў залежнасці ад таго, ці быў чалавек у штаце або працаваў як ІП на аддаленцы. Для тых, хто працаваў у Беларусі, кампенсацыя выглядала як заробак за адпрацаваныя дні бягучага месяца плюс два заробкі. Тым, хто працаваў з іншых рэгіёнаў, даплачвалі адзін заробак, альбо ўмовы звальнення агаворваліся ў індывідуальным парадку.
Каментарый кіраўніка
Дырэктар і сузаснавальнік Vizor Games Сяргей Бруй адказаў на пытанні devby лаканічна: у беларускім офісе «звольнілі некалькі мастакоў у кампаніі з 700 чалавек».
Мяркуючы па ўсім, гаворка тут ідзе пра агульную колькасць супрацоўнікаў Vizor Games ва ўсіх юрысдыкцыях. У красавіку 2024 года агульны штат кампаніі ацэньваўся ў больш як 600 супрацоўнікаў, з якіх каля паловы працавалі ў Мінску.
Vizor Games заснавана ў Мінску 18 гадоў таму. Кампанія спецыялізуецца на распрацоўцы шматкарыстальніцкіх гульняў. Сярод самых вядомых — казуальныя блокбастары «Зомбі-ферма», «Маджонг: Пошук скарбаў», і «Кландайк: згубленая экспедыцыя». У 2019 годзе ў кампанію інвеставаў адзін з найбуйнейшых сусветных мабільных распрацоўшчыкаў Playrix. Галаўны офіс кампаніі знаходзіцца на Кіпры.
«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве

Каментары