Грамадства55

«Хочаш плач, хочаш не плач, сцісні зубы і нясі». Як жанчын-зняволеных прымусілі рыхтавацца да візіту высокай чыноўніцы

Зімой 2024 года ўсю жаночую гомельскую калонію № 4 паднялі на два дні цяжкіх работ — дзяўбці ламамі тоўстую наледзь на асфальце. Так кіраўніцтва спецустановы рыхтавалася да візіту намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольгі Чупрыс. Былая зняволеная Дар'я (імя суразмоўцы зменена ў мэтах бяспекі) расказала «Люстэрку», як гэта адбывалася, і адказала на захапленні чыноўніцы наконт «хатніх умоў» у калоніі.

Вольга Чупрыс падчас наведвання калоніі № 4. Фота: газета «На страже»

«У калоніі заўсёды лета»

Дар'я яшчэ ў СІЗА чула гісторыі пра тое, як у калоніях зняволеныя носяць снег мяшкамі і выціраюць лужыны анучамі. Кажа, не хацела верыць.

Пасля прыбыцця ў гомельскую ВК-4 яна два тыдні правяла ў каранціне — там вучаць правілы ўнутранага распарадку і праходзяць медагляд. Менавіта тады супрацоўнікі адміністрацыі сказалі фразу, якую жанчына запомніла надоўга:

«У калоніі заўсёды лета, таму асфальт павінен быць чысты».

За кожным атрадам была замацаваная свая тэрыторыя. Як толькі выпадаў снег, зняволеныя, не занятыя на швейнай фабрыцы, выходзілі з пластмасавымі шуфлямі і зграбалі яго з дарожак. Затым снег складвалі ў вялікія белыя мяшкі са шчыльнага палатна і цягнулі да месца збору. У мяшок змяшчалася шэсць шуфляў сухога снегу, мокрага — чатыры. Насіць даводзілася ўдваіх ці па адной, апісвае Дар'я:

«У мяне была асацыяцыя, як мурашкі. Такімі ланцужкамі мы цягалі гэты снег».

Жаночая калонія. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

«У той момант я падумала, што ўпершыню ў калоніі заплачу»

У студзені 2024 года калонію павінна была наведаць вельмі важная госця — намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс. ​​

Пра хуткі візіт зняволеным аб'явілі загадзя. Да яе прыезду кіраўніцтва калоніі вырашыла прывесці тэрыторыю ў ідэальны стан.

Узімку сцежкі ў калоніі пасыпалі пясочна-салянай сумессю, каб было не слізка. З-за пастаянных адліг і замаразкаў пясок намёртва ўтаптваўся ў асфальт і змярзаўся з ім. У некаторых месцах таўшчыня такой пясчана-ледзяной сумесі даходзіла да дзесяці сантыметраў.

Адміністрацыя вырашыла падняць усю гэтую наледзь. Для гэтага жанчынам выдалі ломікі і вострыя скрабкі з расплясканымі наканечнікамі, якімі звычайна карыстаюцца дворнікі. Імі трэба было адбіваць наледзь ад асфальту.

«У той момант я падумала, што ўпершыню ў калоніі заплачу. Таму што гэта было неверагодна цяжка», — успамінае суразмоўца.

Паводле яе, студзеньскага холаду зняволеныя не адчувалі.

«Нам ужо потым было вельмі горача, таму што такая вялікая фізічная нагрузка. А шапку зняць нельга, таму што гэта парушэнне формы адзення. І вось у гэтых шапках, у целагрэйках мы гэтым усім займаліся».

«Сцісні зубы і нясі»

Зняволеныя мяняліся: хтосьці дзёўб наледзь, хтосьці насіў адколатыя груды. Лёд складалі ў мяшкі, асабліва буйныя кавалкі неслі ў руках. Працаваць давялося ўсёй калоніі, адмовіцца было немагчыма.

«Хочаш плач, хочаш не плач, сцісні зубы і нясі, — кажа Дар'я. — Да работ не прыцягнулі толькі пенсіянерак і тых, у каго вызваленне ад цяжкіх фізічных нагрузак».

Хто працаваў на фабрыцы ў другую змену, дзяўблі лёд да абеду, потым ішлі ў цэхі. Тыя, хто адпрацаваў з раніцы, прыходзілі махаць ломам пасля змены. Расчыстка тэрыторыі зацягнулася да позняга вечара, калі сцямнела, працавалі пры святле вулічных ліхтароў.

Пасля першага дня такой працы ў Дар'і пачаўся трэмар — з-за нагрузкі рукі моцна трэсліся. Яна кажа, што адбіла сабе плячо. Майстра на швейнай фабрыцы жанчына папярэдзіла:

«Я сёння буду шыць вельмі павольна, бо ў мяне рукі трасуцца».

За адзін дзень справіцца не паспелі, назаўтра праца працягнулася.

«Ну, вядома, «як дома»

Вольга Чупрыс прыехала, калі ўсю наледзь прыбралі. Зняволеныя ўбачылі чыноўніцу, калі яна наведвала швейную вытворчасць. Гэта было сур'ёзнае рэжымнае мерапрыемства, сабралася шмат супрацоўнікаў калоніі на выпадак, «калі не дай бог нешта здарыцца».

«Пры жаданні можна было падняць галаву і паглядзець на яе», — успамінае Дар'я.

Вольга Чупрыс на швейнай вытворчасці ў калоніі № 4. У гэтай калоніі ў Гомелі жанчыны шыюць форму для сілавікоў. Фота: газета «На страже»

Суразмоўца ўспамінае, што чыноўніца трымалася добразычліва. Пазней жанчына прачытала ў навінах, што Чупрыс хваліла «хатнія» ўмовы ў калоніі.

«[Умовы] ў чымсьці нават на ўзроўні хатніх, — казала Чупрыс супрацоўнікам БелТА па выніках гэтага візіту. — Паўнавартаснае харчаванне, залы для заняткаў спортам, творчасцю, рукадзеллем — зразумела, што няма свабоды, але ўнутры створана ўсё, каб асуджаныя маглі быць здаровымі, развівацца, каб маглі адчуць сябе асобай. Можна вучыцца, набыць спецыяльнасць, працаваць. Вельмі добрая атмасфера паміж выкладчыкамі і вучнямі, паміж асуджанымі і работнікамі калоніі. Створана ўсё, каб маладыя людзі, жанчыны развіваліся і не адчувалі сябе забытымі. І мне здаецца, у гэтым плане мы знаходзімся на досыць высокім узроўні. Мы не тое што не горш, а значна лепш, чым некаторыя еўрапейскія дзяржавы, якія прывыклі выхваляцца сваім дэмакратызмам і клопатам пра грамадзян».

«Я думаю: ну, вядома, «як дома». Яе ж вадзілі, па-мойму, ва ўчастак да непаўналетніх і атрад, які называецца «Дом маці і дзіцяці». Гэта, ведаеце, такія паказальныя атрады, туды заўсёды водзяць усе дэлегацыі. Ну, можа быць, там нешта ёй і нагадвала дом. Мне калонія не нагадвала дом нічым, абсалютна. […] Не магу сказаць, што там усё такое змрочнае. Не, я называла [калонію] «санаторый строгага рэжыму». Трэба разумець, што гэта ўсё ж такі папраўчая ўстанова. Правоў там мінімальная колькасць, усё больш абавязкаў і забаронаў».

Дарэчы, гару лёду і снегу, якую сабралі рукамі зняволеных, у выніку нікуды не сталі вывозіць. «Гарналыжны курорт», як гэта месца называлі зняволеныя, праляжаў да вясны. Калі пачало цяплець, снег раскідалі па асфальце і там ён паступова растаў.

«Не шукайце логіку ў калоніі, — іранічна адзначае Дар'я. — Я спачатку яе спрабавала шукаць, але гэта бескарысна».

Каментары5

  • Вольга
    01.10.2025
    Санта Бэрримор, Яна пайшла на кампраміс не тады, калі там была - ў той момант ёй ужо даўно не было з чым ісці на капраміс. Не варта ідэалізаваць стражнікаў канцлагеру - там ужо даўно няма чалавечага.
  • Политзечка
    01.10.2025
    Такие задания там дают постоянно. Везет только пенсионерам и некоторым отрядам, т.к. работать грузчиком и уборщиком (после или до работы в цехе) приходилось постоянно. Работницы цеха постоянно запугивали камерой шизо, если не будешь успевать выполнять их план. Почему об этом редакция молчит?
  • 000
    01.10.2025
    Знаем эту чуприс. Надменная тупая баба. Любит командовать. Разведена. БГУ вздохнул, когда ее забрали в администрацию. Ну она и там дров наломала, придумала головную боль усатому психопату в виде ВНС. И мучаем всю правовую систему страны. Идеи рождает безмозглой ботоксной головой, а потом ищет виноватых в этом. Очень гадкая и неприятная тетка.

43‑гадовую ўраджэнку Беларусі знайшлі мёртвай у італьянскай Перуджы

43‑гадовую ўраджэнку Беларусі знайшлі мёртвай у італьянскай Перуджы

Усе навіны →
Усе навіны

«Новыя рэаліі з AI». У кампаніі Vizor Games — скарачэнні9

«У мяне не было мільёнаў у 14 гадоў». Джаан Роўлінг адхіліла спробу Эмы Уотсан памірыцца пасля сваркі вакол трансфобіі9

Трамп: Для ЗША будзе вялікай абразай, калі я не атрымаю Нобелеўскую прэмію20

Вясельнага фатографа з Мінска асудзілі па трох палітычных артыкулах, назвалі тэрарыстам і пасадзілі ў калонію2

Ва Украіне з'явіліся новыя банеры, адрасаваныя беларусам9

Антонаўка даражэйшая за бананы. Пачым цяпер прадаюць яблыкі?6

На польскай мяжы знікла чарга з легкавых аўтамабіляў1

Павел Дураў кажа, што яго атруцілі ў 2018 годзе: Я не мог дыхаць і нічога не бачыў. Думаў, гэта канец4

Берлінскі беларус напісаў, як у Мінску бедна, тандэтна і нудна. Яму рэзка адказаў Стась Карпаў59

больш чытаных навін
больш лайканых навін

43‑гадовую ўраджэнку Беларусі знайшлі мёртвай у італьянскай Перуджы

43‑гадовую ўраджэнку Беларусі знайшлі мёртвай у італьянскай Перуджы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць