Культура

Зроблена рукамі Альбіны Юдчыц. Апавяданьне Наталкі Бабінай

Касьцюмчык быў скамечаны. Касьцюмчык з поліэстэру для фізкультуры; толькі мой касьцюмчык у свой час ляжаў у адмыслова пашытым палатняным мяшэчку, а касьцюмчык Томці – у поліэтыленавым; але як мне запомніўся той палатняны, так Томця будзе памятаць гэты. І пах поліэстэру, скамечанага адразу ж па ўроку і засунутага ў мяшэчак.

Касьцюмчык быў скамечаны.

Касьцюмчык з поліэстэру для фізкультуры; толькі мой касьцюмчык у свой час ляжаў у адмыслова пашытым палатняным мяшэчку, а касьцюмчык Томці – у поліэтыленавым; але як мне запомніўся той палатняны, так Томця будзе памятаць гэты. І пах поліэстэру, скамечанага адразу ж па ўроку і засунутага ў мяшэчак.

Восень.

Ужо зімна.

Попелішча зарастае зялёнымі калівамі.

Я нарадзіла Томцю лёгка. Здаецца, можна сказаць, што роды былі самыя лёгкія. Яны былі натуральныя і зразумелыя ў маім расхістаным і штучным жыцьці.

Маці перастала са мной размаўляць адразу пасьля таго, як я паведаміла ёй, што ў мяне будзе дзіця. Не, спачатку яна накрычэла на мяне. Сэнс крыкаў зводзіўся да таго, што яна, маці, ня ведала, наколькі я дурная. Ведала, што дурная, але ня ведала, што настолькі. Але шчыры дзякуй маці, што яна не спрабавала выгнаць мяне з кватэры – кватэры, якая засталася па бабулі, кватэры, куды маці засяліла мяне, каб я ўладкавала свой лёс, і дзе, замест гэтага, я напоўніцу праявіла сваю дурасьць.

І мы сталі жыць з Томцяй.

Калі я, празь сьлёзы, упершыню пабачыла Томцю, мяне зьдзівіла, наколькі яна падобная да свайго бацькі. Але нават гэта ня зьменшыла майго шчасьця. Аднак потым, калі дзяўчынка з кожным месяцам станавілася ўсё больш падобная да мяне, я зразумела, што мяне гэта кранае неяк па-асабліваму. Час зьвіваецца ў скруткі, і аднойчы ў парку, на старых арэлях, я пабачыла саму сябе трыццаць год таму, русявую і цыбатую.

Томця пайшла ў школу.

Як і трыццаць год таму, у Берасьці няма ніводнай беларускай школы, ніводнай беларускай клясы. Як няма ні польскіх, ні ўкраінскіх. Не адчуваючы сябе ў сілах барукацца з гумовымі людзьмі, я адвяла Томцю ў трынаццатую сярэднюю школу, дзе калісьці вучылася сама. Тут гулка і цемнавата, а ў спартовую залю трэба ісьці праз галерэю.

Толькі дзіця будзе любіць цябе ні за што і нават насуперак усяму.

Прыхапіўшы ранец і мяшэчак зь фізкультурнай формай, мы ідзем са школы, і Томцін сябрук Назар распавядае пра рымскіх глядыятараў, і што ягонага дзядзьку забралі ў Магілёўцы, і што ў яго ёсьць мульцік «Мадагаскар», і што летам, калі ён быў з сабакам у лесе, то міма іх нехта прабег.

– Чалавек? – удакладняю я.

– Не, – гаворыць ён. – На чатырох лапах, а сабака страшна гаўкаў!

Мне хочацца абараніць Томцю ад усяго, але я ведаю, што гэта немагчыма.

Томця сядае рабіць урокі. Яна трымае асадку троху ня так, як трэба, і занадта схіляецца над сшыткам, але не даецца, каб я паправіла. Я пакідаю яе на самоце.

Ар’ян даслала фотку. Яна стаіць на тле свайго поля, а Паўль абдымае яе так, каб мы бачылі вялізны круглы жывот. Ар’ян на часах, засталіся мо якія дні. Я пішу ёй некалькі вясёлых слоўцаў і націскаю «Адаслаць». Калі Ар’ян прыехала да нас упершыню, яна прывезла нам у падарунак нож для нарэзкі сыру і кулёчак каштанаў. «Гэта ёсьць ядомы каштан, – тлумачыла яна. – Ён расьце на двары ў маёй бабулі. Мы зьбіраем некалькі мяхоў і ямо ўсю зіму. Мы пражым іх на жароўні».

– Мама! – Томця паднімае галаву ад пропісяў. – Я ня веру Назару.

– Наконт чаго?

– Што каля іх нехта прабег на чатырох лапах.

Назар, Ян, Мілена, Ева, Багданка, Саўка – так завуць Томціных дружбакоў з клясы. У нашай клясе было тры Наташы, чатыры Лены, тры Сьветы, а рэшта – Ірыны.

Я адкідваю бульбу і закрашваю алеем капусту. Потым я яшчэ завару сабе кавы, а Томці зраблю чакаляды.

За вокнамі сячэ дождж. У цемры чуваць рыканьне машын; гудзіць цеплаход над ракой; вокны сьвецяцца. Сёньня дзяды, але талеркі не дрыжаць і ня падаюць долу са стала.

Томця есьць і курчыць мінкі, і я раблю ёй заўвагу.

Вось і ноч. Бомкнуў кампутар: Паўль шчасьлівы паведаміць, што Ар’ян нарадзіла дзяўчынку. У сьпісе на рассылку ня менш за паўсотні адрасоў. Я ўяўляю, як цяпер Паўль танчыць і скача на сваёй фэрме пад Дэльфтам; уяўляю, як пачуваецца Ар’ян у больнічнай палаце, як яна разглядае сваё дзіця. Уяўляю, як перад іхным домам шуміць вялізны стары каштан пад гэтым дажджом.

Я дасылаю ім віншаваньне і сядаю за работу. Зараз я зраблю ім падарункі, маёй любай сяброўцы і ейнай дзяўчынцы.

Я вяжу вельмі хутка.

Томця бледная, як усе дзяўчынкі ў горадзе. Яна скінула коўдру, а тонкія ручкі схавала пад падушку.

Я і мая дзяўчынка, у вышыні і цемры над горадам, над ракой, над машынамі, там, дзе сячэ дождж, дзе пралягаюць паветраныя дарогі дзядоў, дзе цячэ час, дзе сьвішча вятрыска. Вось і гатова: пульхны мілы касьцюмчык для малой і стылёвы жакет для Ар’ян. Зараз яшчэ наляплю свае фірмовыя ярлычкі:

Handicraft by Albina Judčyc

Belarus

А калі – ужо хутка – разьвіднее, то зялёныя калівы ўжо спрэс заплятуць попелішча, і жыцьцё са сьмехам пойдзе сабе далей.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»16

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»

Усе навіны →
Усе навіны

Краіны НАТА дамовіліся павялічыць выдаткі на абарону да 5% ад ВУП. Раней на гэтым настойваў Трамп8

Ціханоўскі расказаў, як за дапамогу яму асудзілі іншага вязня, што сядзеў не за палітыку3

Іран пагражае перакрыць Армузскі праліў пасля ўдараў ЗША па ядзерных аб'ектах7

«Калеснікаву перад сустрэчай з бацькам спрабавалі прывесці ў парадак — яна была на ўзмоцненым харчаванні»4

Львы задралі дырэктара сафары-парку ў Крыме7

Карыстальнікі Discord прымушалі дзяцей забіваць сябе на камеру3

Джаан Роўлінг засталася ў поўным захапленні ад сцэнарыяў першых эпізодаў серыяла пра Гары Потэра3

Тэрарыст-смяротнік здзейсніў тэракт у праваслаўнай царкве ў Дамаску 7

Расія нанесла ракетны ўдар па ўкраінскім палігоне. Ёсць забітыя і параненыя

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»16

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць