Здарэнні33

Падаткавікі выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі ў пошуках багатых «беспрацоўных»

Каля 90 тысяч працаздольных жыхароў Гомельскай вобласці не маюць афіцыйных крыніц даходу.

Пры гэтым, як адзначаюць у інспекцыі, многія з тых, у каго нібыта за душой нічога, цалкам паспяховыя і нават заможныя людзі.

Адсутнасць афіцыйнага працаўладкавання зусім не сведчыць пра тое, што чалавек нічым не заняты і жыве на міласціну і дапамогу спагадлівай радні. Многія з такіх людзей аддаюць перавагу бізнэсу «ў цені» — далей ад пільных вачэй тых жа падаткавікоў і іншых кантрольных структур, надзеленых правам лічыць чужыя грошы.

Шэраг такіх выпадкаў выяўляецца падчас маніторынгу даходаў і расходаў грамадзян, а таксама «кропкавых праверак», якія ажыццяўляюцца тэрытарыяльнымі органамі падатковай інспекцыі.
Па прыклады далёка хадзіць не трэба.

Мінулай вясной супрацоўнікі ІМПЗ Савецкага раёна Гомеля зацікавіліся сакрэтамі дабрабыту грамадзяніна, які, не маючы месца працы і не займаючыся прадпрымальніцкай дзейнасцю (прынамсі афіцыйна) цягам двух гадоў набыў ва ўласнасць 3 дарагія іншамаркі — БМВ Х5. А акрамя таго даў пазыку сваім знаёмым у суме 44 тысяч даляраў.

Гэтых «цудаў» інспектарам аказалася больш чым дастаткова для запатрабавання дэкларацыі аб даходах і маёмасці. У ёй мужчына ўказаў, што і сам увесь у пазыках, бо заняў 50 000 еўра у нейкіх грамадзян Расійскай Федэрацыі.

Відавочна, гамяльчанін вырашыў, што гэтага тлумачэння будзе дастаткова, маўляў, Расія вялікая, ніхто шукаць у ёй яго дабрадзея не стане. Але пралічыўся. Ва ўпраўленне Федэральнай падатковай службы РФ па Бранскай вобласці быў накіраваны адпаведны запыт. Згодна з атрыманым адказам, факт пазыкі не пацвердзіўся. Пасля чаго быў вылiчаны і выстаўлены да выплаты падаходны падатак на суму звыш 25 млн руб. У дадатак — прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і штраф.

Падобная сітуацыя мела месца і ў Рэчыцы. Ад увагі тамтэйшых інспектараў не мог унікнуць цікавы факт. Статус «беспрацоўнага» не перашкодзіў аднаму з мясцовых жыхароў купіць іншамарку за 100 тыс. даляраў. Высвятляючы, у чым тут фокус, інспектары праверылі маёмаснае становішча яго жонкі. І зноў здзівіліся. Выявілася, што былая нянечка дзіцячага садка, што звольнілася з малапрэстыжнай працы яшчэ ў 2009-м, у два наступныя гады аформіла на сябе куплю трох аўтамабіляў агульным коштам 98,2 млн руб.

Па выніках праверкі запатрабаваных у сямейнай пары дэкларацый было ўстаноўленае перавышэнне расходаў над даходамі, што вылічалася сотнямі мільёнаў рублёў, а да выплаты ў казну даналічана больш за 50 млн руб.

У ІМПЗ РБ па Гомельскай вобласці падкрэсліваюць, што для выяўлення ўтоеных ад падаткаабкладання даходаў выкарыстоўваецца інфармацыя з розных крыніц, а метады кантролю з кожным годам робяцца больш прафесійнымі і дакладнымі. Што да крыніц звестак, якія ўяўляюць цікавасць для падатковых інспектараў, то сапраўдным Кландайкам для іх стаў Інтэрнэт. Асабліва звышпапулярныя сацыяльныя сеткі, такія як «Аднакласнікі» і «Вконтакте».

Паддаўшыся ілюзорнаму адчуванню віртуальнай волі ад такіх фармальнасцяў, як рэгістрацыя ІП і пастаноўка на ўлік у падатковай інспекцыі, «сеткавыя гандляры» выдаюць сябе цалкам. За першае паўгоддзе супрацоўнікі органаў ІМПЗ Гомельшчыны правялі 50 пазапланавых тэматычных аператыўных праверак па выяўленні парушэнняў падчас рэалізацыі тавараў, работ і паслуг праз інтэрнэт. Амаль кожнае кантрольнае мерапрыемства прынесла поспех. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 45 чалавек. Агулам яны аштрафаваныя на 64,8 млн руб., а сума даналічаных падаткаў склала 8,6 млн руб. Акрамя таго, накладзены арышт на таварна-матэрыяльныя каштоўнасці коштам 93,2 млн руб.

Сярод такіх як дробныя сошкі — накшталт грамадзян, якія прадаюць кофтачкі з дапамогай аб’явак на тых жа «Аднакласніках», так і больш буйныя «рыбкі». Напрыклад, гомельская фірма, якая гандлявала камп’ютарнай тэхнікай.

Паводле падлікаў Міністэрства статыстыкі, аб’ём ценявога сектара эканомікі сягае 15% нацыянальнага ВУП. Як паказвае практыка, часцей за ўсё цалкам унікнуць выплаты падаткаў імкнуцца нелегальныя таксісты, умельцы-механікі, якія ператварылі свае гаражы ў пункты аўтасэрвісу, будаўнікі, якія займаюцца аздабленнем кватэр па «дамоўнай цане», майстры па рамонце бытавой і камп’ютарнай тэхнікі. Такія парушэнні выяўляюцца вядомым яшчэ з савецкіх часоў метадам кантрольнай закупкі, калі пад выглядам кліента выступае падатковы інспектар ці аператыўнік АБЭЗ, які таксама актыўна ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах. А ў якасці «жыўца-прынады» выкарыстоўваюцца аўтамабілі, якія патрабуюць рамонту, што прыганялі на падпольныя СТО, і нават кватэры-пасткі. У іх, выступаючы пад выглядам гаспадароў, падаткавікі запрашаюць рабочых, знойдзеных па аб’явах. Да прыкладу, на тых жа спецыялізаваных сайтах. Тыя жыва кансультуюць «кліентаў», праводзяць абмеры, а пасля размовы аб аплаце майстроў чакае непрыемны сюрпрыз. У выглядзе прад’яўлення пасведчання, складання пратаколу і наступнага штрафу.

Дарэчы, летась дадатковае паступленне сродкаў у бюджэт па выяўленых фактах ухілення ад падатковых плацяжоў у Гомельскай вобласці склала больш за 1 млрд руб.

Каментары3

Цяпер чытаюць

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам6

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды пятай гадавіны пратэстаў22

У Мінску ўзброеныя сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка1

«Байсол» выставіць на аўкцыён лімітаваную серыю гадзіннікаў6

ChatGPT прадставіў новую мадэль GPT-5. Вось што ў ёй новага і што абяцаюць распрацоўшчыкі2

Ізраільскія ўлады ўхвалілі план Нетаньяху па акупацыі горада Газа16

Трамп анансаваў падпісанне мірнай дамовы паміж Азербайджанам і Арменіяй сёння ў Белым доме2

Ад клінапісу да вітражоў Сен-Дэні. Тэлеграм-каналы беларускіх гісторыкаў, на якія варта падпісацца4

Мінская сям'я хацела схітраваць і ўплішчыцца ў чаргу на кватэру, але не атрымалася2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам6

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць