Віталь Каратыш у Лунінецкай акрузе вядзе агітацыю па-беларуску.
Шмат каму спадабаўся выступ Віталя. Упэўнена, па-дзелавому, па-беларуску. Каратышу 28 гадоў, ён скончыў эканамічны ўніверсітэт. Жыве ў вёсцы Кажан-Гарадок.
Працаваў у калгасе, дырэктарам вясковага Дома культуры, намеснікам дырэктара будаўнічай фірмы, адслужыў у войску. Такі народны кандыдат. Сёння — індывідуальны прадпрымальнік. Удзельнічае ў выбарах як беспартыйны.
«НН» задала некалькі пытанняў Віталю Каратышу.
«Наша Ніва»: Чаму Вы ўвогуле вырашылі балатавацца?
Віталь Каратыш: Мэта ясная — перамагчы. Можа, не на гэтых, а на наступных выбарах. Я паставіў перад сабой задачу стаць дэпутатам парламента. Мне патрэбна стаць пазнавальным, пазітыўным вобразам, чаго і дамагаюся на гэтых выбарах. Я б, можа, так актыўна і не браўся за працу, калі б падчас збору подпісаў не пабачыў, як людзі ставяцца ў чаргу да нашых пікетаў.
Я не хачу асацыявацца з радыкальнай апазіцыяй ці вылучэнцамі ад улады, я звычайны чалавек, кандыдат ад народа.
«НН»: Здымацца з выбараў не маеце намеру?
ВК: Не. Сэнс байкоту прапаў, калі некаторыя палітычныя сілы вырашылі ўдзельнічаць у выбарах. Калі байкатаваць, то ўсім разам. А гэты разброд паставіў крыж на магчымасці байкоту.
«НН»: Подпісы лёгка было збіраць?
ВК: Лёгка. Хоць улічыце, што за подпісы я не плаціў грошай. Гэта была каманда маіх сяброў і аднадумцаў. Усяго ў ініцыятыўнай групе былі 42 чалавекі, але рэальна збіралі 15—20. Сабралі 1300 подпісаў. Калі б выклаліся па поўнай, то маглі б і 5 тысяч зрабіць. Людзі хочуць пераменаў.
«НН»: Ваша канкурэнтка, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Верас карыстаецца папулярнасцю?
ВК:
Многія кажуць, што будуць «за» галасаваць, абы з’ехала з Лунінца ў Мінск (смяецца). Было спушчана, каб ад нашай акругі вылучалася жанчына, вось і знайшлі Валянціну Верас.Налета яна выходзіць на пенсію, таму ёй вырашылі зладзіць такія провады на пачэсны адпачынак.
«НН»: На якіх праблемных момантах жыцця Лунінеччыны Вы засяроджваеце ўвагу?
ВК: Першае — адтрымка вёскі. У нашай акрузе большасць жыве ў вёсках. Нават і Лунінец з Мікашэвічамі — малыя гарады. Я кажу, што трэба адмяніць прымусовае размеркаванне, а лепш павялічваць заробкі ў гэтых рэгіёнах. Матываваць бізнэс меншымі падаткамі. Так робіцца ў Польшчы і Вялікабрытаніі. Я не кажу, што ўлада нічога не робіць у гэтым кірунку, але можна рабіць лепш. Другое — малы бізнэс. Кажу, што трэба вярнуць прадпрымальніку права наёму трох рабочых, якое было забранае.
«НН»: Апроч тэлевыступу неяк агітуеце за сябе?
ВК: Ёсць улёткі, плакаты, каляндарыкі. Усё зроблена па-беларуску. Гэта мая прынцыповая пазіцыя. У нас на Палессі любяць мову, ёй не адпалохаеш выбарца. Падчас свайго тэлезвароту даваў нумары тэлефонаў, дык былі званкі. Людзі гатовыя дапамагаць у назіранні за выбарамі. Дарэчы, мы ладзім назіранне асобна ад «За справядлівыя выбары» і іншых ініцыятываў, толькі сваімі сіламі.
«НН»: З рабочымі на «Граніце» кантактуеце?
ВК: У мяне будзе сустрэча там. Увогуле праблема на «Граніце» не ў незалежным прафсаюзе, а ў падрыхтоўцы прадпрыемства да прыватызацыі. Начальству не трэба людзі, якія ў нязручны момант могуць выказаць сваё меркаванне.
«НН»: У Лунінцы ўвогуле выбары абмяркоўваюць? Збіраюцца ісці на ўчасткі 23 верасня?
ВК: Мне здаецца, што 40% дакладна на выбары не пойдуць. Мабілізаваць астатніх будзе складанай задачай для ўлады.
Каментары