Архіў

Натальля Бабіна. Сага пра тое, як пайсьці ў школу

№ 20 (141), 1999 г.


 

Натальля БАБІНА

Сага пра тое, як пайсьці ў школу

 

Ці трэба баяцца школы?

Баяцца школы, у якую прыйдзецца аддаваць дачку, я пачала здаўна, можа, ажно ад таго моманту, як яна нарадзілася. Моцна мяне турбавала праблема ўзаемаадносін “дзіця-асяродзьдзе”, асабліва калі зь цягам часу высьветлілася, што дзіця ў мяне вельмі спакойнае, добразычлівае да ўсіх і зусім не агрэсіўнае. Праўда, мяне троху супакоіла думка аднаго зь сяброў, які, выслухаўшы мае турботы, заўважыў: “Сама сабе супярэчыш. Дабрыня — самая вялікая сіла. Калі дзяўчынка сапраўды добрая, табе няма чаго баяцца. І яна баяцца жыцьця ня будзе”. Тым ня менш, праходзячы праз двор мясцовай «раённай» школы і міжволі чуючы тыя, калі можна так сказаць, заўвагі, якімі абменьваюцца паміж сабой нават самыя малыя школьнікі, я не магла сабе не прызнацца: не хачу, каб маё малое жыло сярод такіх дзяцей.

Пасьля некаторых роздумаў выйсьце знайшлося: трэба ісьці ў школу, якая вызвалена ад так званага “всеобуча”, то бок у школу з агульнагарадзкім наборам.

 

Школы з гарадзкім наборам

Дзеля таго, каб высьветліць, дзе і якія падобныя школы існуюць у Менску, мы зьвярнуліся ў гарана. Былі там не адны такія: разам з намі да інспэктара, які вядзе гэтыя справы, зайшла клапатлівая бабуля-пэнсіянэрка зь Серабранкі і ўпэўнены ў сабе малады чалавек а-ля новы беларус. Інфармацыя, якую нам далі, была вычарпальнай: адрасы, “ухілы”, умовы навучаньня. “У такія школы, сапраўды, ідуць дзеці зь сем’яў, дзе дбаюць пра адукацыю. Але ці гатовыя вы кожны дзень вазіць дзіця ў школу далёка ад дому? — запытала ў нас удумлівая інспэктарка. — Тут патрэбна або свая машына, або кожны дзень уставаць а шостай, каб а восьмай быць на месцы”.

Заўвага была слушнай.

Машыны на той час у нас не было, але быў яшчэ час, каб атрымаць правы і абзавесьціся аўтамабілем, што мы й зрабілі. Так школа пасадзіла нас за стырно, за што я ёй і ўдзячная.

 

Калі пайсьці вучыцца?

Наша паступленьне ў школу супала зь нейкай чарговай школьнай рэформай, што выявілася, у прыватнасьці, у тым, што дзецям дазвалялася ісьці ў школу як з шасьці (як было апошнія гады), так і зь сямі год (як хадзілі, прыкладам, мы). Праўда, ніхто з настаўнікаў, да якіх я зьвярталася, ня мог адказаць, як менавіта будзе арганізаванае навучаньне шасьцігодак і семігодак, колькі ж, урэшце, год яны будуць вучыцца, усе разам ці ўсё ж іх падзеляць па гадах і ўсё такое. Пакуль што мы пастанавілі прайсьці дактароў, а потым вырашыць, пойдзем у школу ў шэсьць год ці пачакаем. Загадчыца аддзьдзяленьня ў паліклініцы, якая падпісвала нам дакумэнты, сказала: “Як доктар, я лічу, што для дзіцяці вельмі важна правесьці гэты год дома”. Гэта вырашыла справу. У глыбіні душы я таксама так лічыла, таму, нягледзячы на небясьпеку аказацца наступным годам у класе пераросткам, вырашыла не аддаваць дачку ў школу ў шэсьць год.

Трэба адзначыць, што, зноў-такі, я такая была не адна. На наступны год амаль ва ўсіх школах фармавалі класы семігодак — значыць, многія бацькі, як і я, вырашылі перачакаць год дома. Да гэтага часу і Міністэрства адукацыі неяк дайшло да ладу і высунула канцэпцыю першай, другой і трэцяй мадэлі навучаньня, якая адказвала на пастаўленыя пытаньні.

 

Трэцяя мадэль навучаньня

Згодна з гэтай канцэпцыяй, дзяцей прымалі ў класы як бы трох відаў: класы для шасьцігодак, для семігодак, якія не гатовыя да школы (ня ўмеюць чытаць, лічыць, пісаць) і для семігодак, якія гэта ўмеюць. Апошнія замест чатырох гадоў у малодшай школе вучацца тры, праграму падрыхтоўчага і першага класаў праходзячы за год.

Нам пашанцавала: летась быў такі дыфэрэнцыяваны прыём. Але шкада, што зараз дзецям больш не дазваляецца паступаць у школу зь сямі год, а толькі з шасьці. Асабіста я лічу, што большая частка дзяцей здольная “эканоміць” год і праходзіць праграму малодшай школы за тры гады. Мне здаецца, што і здароўе, і псыхіка шасьцігодак яшчэ не гатовыя да школьных рэаліяў — але гэта мая асабістая думка.

 

Куды пайсьці вучыцца?

Цяпер у поўнай красе паўстала пытаньне: куды ж пайсьці, якую школу выбраць? Як адгадаць, да чаго ў майго дзіцяці схільнасьці: да матэматыкі? Да моваў? Мо, да музыкі? У шэсьць год, калі няма вельмі адметных талентаў, высьвятліць гэта складана. Цьвёрда я ведала толькі адно: замежная мова, якую цяпер у гімназіях выкладаюць зь першага-другога класу, павінна быць ангельскай. Жывыя прыклады непатрэбнасьці ў беларускіх умовах нават нямецкай, ня кажучы ўжо пра францускую і гішпанскую, былі ў маім асяродзьдзі навідавоку. Не хацелася марнаваць час дзіцяці на непатрэбнае (праз год прыйшлося дайсьці аж да Міністэрства адукацыі, патрабуючы, каб для даччынога класу замянілі францускую мову на ангельскую — але мы такі дабіліся свайго).

Не было для мяне простым і пытаньне аб мове навучаньня. Я не лічу, што адназначна правільна робяць тыя бацькі, якія бяруць з сабой дзяцей на мітынгі. Дзіця, што з захапленьнем выгуквае разам з дарослымі “Луку на муку” і такое іншае, не выклікае ў мяне замілаваньня. Дарослы чалавек у стане супрацьстаяць тым псыхічным перагрузкам, якія нясе з сабой барацьба за нацыянальную годнасьць або за дэмакратыю. А дзіця, асабліва калі гэта дзяўчынка? Калі дарослыя ня ў стане зьмяніць грамадзтва так, як ім здаецца патрэбным, то ці варта ўцягваць у гэта дзяцей? А калі спробы дарослых так і застануцца марнымі? Тады што? Няхай дзеці нясуць у наступнае стагодзьдзе той самы комплекс нацыянальнай непаўнавартасьці, які зараз так актыўна пераадольваем мы? Або няхай стаюць Маратамі Казеямі нацыянальнага адраджэньня?

Няварта, на мой погляд, рабіць дзяцей закладнікамі ідэі. Дарослыя могуць і павінны рабіць дзеля аднаўленьня сваёй патаптанай нацыянальнай годнасьці і аднаўленьня справядлівасьці ўсё, што могуць — ад выданьня часопісаў да ўзброенай барацьбы, але гэта справа дарослых, а не дзяцей. Каб не рабіць памылак бацькоў, дзеці павінны быць вольныя ад ідэалёгіі.

Ці ня будзе навучаньне па-беларуску ў чыста расейскамоўным Менску спрыяць фармаваньню тых самых комплексаў, якія, як я думаю, уласьцівыя сёньня “сьвядомым беларусам”? Адказу на гэтае пытаньне я не знаходзіла, аж пакуль на іх не адказала само жыцьцё.

 

Як паступіць у першы клас?

Так сама складана, як ва ўнівэрсытэт. Прычым паступіць у школу з гарадзкім наборам прасьцей, чым у звычайную раённую, якая зь нейкіх прычынаў лічыцца прэстыжнай. Туды прымаюць усіх з раёну па “всеобучы”, а на вольныя месцы, якіх мала, тых дзяцей не з раёну, якія набяруць максымум балаў на іспытах (пра іспыты мова наперадзе), а таксама тых, чые бацькі, прыкладам, здольныя заасфальтаваць школьны двор або купіць новыя ўваходныя дзьверы.

Іспыты для паступленьня ў першы клас складаюцца зь дзьвюх частак: размова дзіцяці з псыхолягам і тэст на ўменьне чытаць, пісаць, лічыць, які праводзіць настаўнік.

Размовы з псыхолягам ня выклікалі ў мяне нічога, акрамя іроніі. Урэшце мы здавалі іспыты аж у трох школах (бо ніяк не маглі вызначыцца, куды аддаваць дзіця), і тэсты псыхоляга былі аднолькавыя (кшталту “знайдзі заканамернасьць”, “з кім зь дзяцей, што намаляваныя, ты хацеў бы сябраваць?”), а высновы былі зроблены надзіва розныя: ваша дзіця не зусім гатовае да школы, бо ня ўмее засяроджвацца; ваша дзіця гатова да школы і ўмее засяроджвацца; вашаму дзіцяці будзе нецікава ў школе, бо па ўзроўні яно перарасло тое, чаму іх будуць вучыць…

Тэсты на пісьменнасьць, якія падрыхтавала ўсё тое ж Міністэрства адукацыі, былі вельмі складанымі. Патрабавалася напісаць дыктоўку (на расейскай мове, на правільнае напісаньне безнаціскных галосных і “и” пасьля шыпячых), разабраць слова па складах і гуках, расказаць, чым зычныя адрозьніваюцца ад галосных, рашыць колькі задач і прыкладаў, скласьці задачу самастойна, прачытаць тэкст на час і г.д. Настаўнікі, атрымаўшы такі тэст, былі ў шоку, як прызнаваліся ў прыватных размовах, добра разумеючы, што нават самыя падрыхтаваныя дзеці зь ім ня справяцца. У некаторых школах наагул адмовіліся ад набору семігодак у класы трэцяй мадэлі, а ў некаторых пайшлі іншым шляхам: калі настаўнікі бачылі, што ў цэлым дзіця цікаўнае да вучобы і разумнае, набіралі дзяцей, нават калі тыя ня ведалі, што па-расейску пасьля “ш” трэба пісаць “и”…

 

Так лёс стукаецца ў дзьверы…

Сваячка, сама дасьведчаная настаўніца, пазваніла і сказала: “Я вось тут была ў 26-й школе-ліцэі, дык мне падалося, што там вучацца шчасьлівыя дзеці і працуюць шчасьлівыя настаўнікі… Праўда, гэта школа для таленавітых дзяцей, у каго ёсьць здольнасьці да маляваньня, яна пры Акадэміі мастацтваў, але ж, наколькі я памятаю, Поля таксама любіць маляваць? Падыдзіце туды зь яе малюнкамі”.

Мы падышлі. “Гэта наша дзіця”, — сказалі нам адразу. Калі Поля вельмі добра справілася з трыма турамі іспыту па “ізо”, мы таксама ўпэўніліся, што яна можа тут вучыцца.

На той час школа нам ужо вельмі падабалася: маленькая, па 1—2 класы ў паралелі, спакойная, у сталоўцы абрусы й сурвэткі на сталах… Беларускамоўная, прынамсі ў малодшых класах. Школа спадабалася і Полі, і яна заявіла, што вось тут і хоча вучыцца…

Там яна і вучыцца. Дзесяць хвілін ад парогу да парогу на машыне. Я ў свой час хадзіла ў школу за два кіломэтры лесам, а мой муж — у найбліжэйшую, за плотам. У наш клас возяць дзяцей і з Малінаўкі, і зь Серабранкі, і з Навінак. Усяго іх дваццаць два. Маладая настаўніца Вікторыя Мікалаеўна Валынчык называе дзяцей “дарагія мае крывасмокі”. “Знаеш, мама, калі Марта не магла рашыць задачку, а потым рашыла, то Вікторыя Мікалаеўна так абрадавалася, што яе пацалавала…” Мы пераглядаемся з мужам. “Знаеш, тата, я не разумею, чаму ўсе гавораць па тэлевізары, што іх любімы паэт — Пушкін. У мяне любімыя паэты Вера Вярба, Васіль Вітка і Рыгор Барадулін”. Мы зноў пераглядаемся. “А ці хочаш ты, Палюшок, зноў пасьля канікулаў у школу?” — “Хачу. У нас у сталовай па 11 тысяч прадаецца салат з капусты і жэле. Ты, мама, такіх ня робіш”.

Можна было б расказаць, як ішла вучоба ў першым класе, пра буквар, які разьлічаны на беларускамоўных вясковых дзяцей і дзе сустракаліся такія словы, што гарадзкія бацькі адшуквалі іх у пяцітомным слоўніку, пра знакамітыя “столяраўскія сшыткі”, пра падручнік беларускай мовы, які разам са сваімі героямі Кастусём, Алесяй і шпаком Янкам стаў любімай кніжкай Полі, але гэта будзе ўжо другая сага…


Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай6

Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай

Усе навіны →
Усе навіны

АМАП затрымлівае мінчукоў на месцы падзення беспілотніка ў двары на Матусевіча26

Беларускі бізнэсмен, якога шукае Інтэрпал, адкрыў рэстаран у Варшаве. Цяпер з ім судзяцца былыя падначаленыя9

«Не спалі ўсю ноч». Што адбываецца ў двары ў Мінску, дзе збілі дрон8

Мядзведзеў прыгразіў ЗША вайной пасля таго, як Трамп скараціў тэрмін ультыматуму Пуціну7

Гомельскія міліцыянеры выпадкова дадалі «экстрэміста» ў свой унутраны чат — што ён там убачыў5

Чаму здараюцца трагедыі з былымі беларускімі ваярамі ў мірным жыцці? Пра самагубства добраахвотніка ў Гданьску і не толькі8

Ратавальнікі цэлы вечар шукалі рыбака-тапельца ў Мядзельскім раёне. На наступны дзень ён вярнуўся па лодку

У элітным квартале ў цэнтры Мінска прапанавалі яшчэ партыю кватэр. Цана квадрата ўражвае6

Паспяховы шэф-кухар з Індыі адкрыў рэстаран на Камароўцы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай6

Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць