Архіў

Сяргей Максімовіч. Сындром “Русского радіо”

№ 21 (230), 21 траўня 2001 г.


 Сындром “Русского радіо”

Жыве ў памежным горадзе на захадзе краіны журналіст. Ён мае радыё, слухае навіны і музыку. У яго ёсьць у дыяпазоне FM пэўны выбар. Само сабой, Маскву ён ігнаруе. Масквою ён быў перакормлены за трыццаць гадоў жыцьця пры СССР-ы. Як ашалелыя, трансьлююць сябе на поўную моц літоўцы, якія паставілі побач зь мяжою магутны рэтрансьлятар. Але ў 300-тысячным горадзе іх рэальна могуць слухаць бадай 10—20 чалавек. Бо мова занадта замежная, нават да польскай ані не падобная.

Застаецца ўключаць Варшаву альбо Менск. Радыёгаласы з апошняга выклікаюць вельмі супярэчлівыя пачуцьці. А тут яшчэ “Русское радіо” прыехала. Толькі яго нам і не ставала.

У самарэкляме РР тлумачыла, што быццам бы шырока распаўсюдзілася ў сьвеце, а нядаўна ўмацавалася ў Латвіі. Нічога дзіўнага: сярод латвійскіх станцый — адна для «расейскамоўнага насельніцтва», цалкам апраўданая рэч. “Русское радіо” ня ўцяміла аднаго: што ў Беларусі ўсё радыё — расейскае. Так што пятая ці дзясятая станцыя, якая прыехала з Масквы ў Менск, будзе мець тут немалую канкурэнцыю. Не параўнаць з Латвіяй! У Беларусі ніша “Русского радіо” даўно занятая і перапоўненая. Зьмяншаць варта колькасьць такіх станцый, а не павялічваць, даражэнькія маскоўскія госьці.

Сярод FM-станцый існуе таксама «Сталіца», якая вяшчае па-беларуску. Аднак “Сталіца” — дзяржаўная станцыя, і гэтым усё сказана.

Слухач атрымлівае з радыё навіны і музыку. Навіны на «Сталіцы» — лукашэнкаўскія, музыка — у рэчышчы рэпэртуару расейскамоўных поп-станцый. «Сталіца» бясконца круціць тую самую расейскую бяздарную папсу, што і ўсе іншыя бі-эі. Хіба што прапануецца трохі больш англамоўнай музыкі і песень на розных больш рэдкіх мовах. І за гэта, як кажуць, дзякуй! Аднак, усё ж такі закліку «Слухай сваё!» «Сталіца» не адпавядае. «Крамы» ды іншых незалежных беларускіх гуртоў не прызнае ніводная сталічная станцыя. Парадокс, але «Сталіца» не прызнае таксама і нашай папсы, якая паводле прафэсійнага ўзроўню вышэйшая за расейскую на парадак. Нашы выканаўцы выхаваныя на песьняроўска-верасоўска-сяброўскіх традыцыях. У іх ёсьць галасы і слых, чаго няма ў большасьці маскоўскіх. Нашая папса, само сабою, ляяльная, у афіцыйным рэчышчы. Нездарма яе нават крыху прапагандуе БТ. Аднак у этэры песьню на беларускай мове рашуча ігнаруюць, нават «Сталіца».

Бі-эі фанабэрліва ставяць украінскія песьні, але ні ў якім разе не беларускія! Хаця ў нас багата зусім ня горшых за таго «Відаплясава» гуртоў. Жывучы ў Менску, супрацоўнікі бі-эяў напэўна нешта ведаюць пра існаваньне беларускай музыкі. Ды ня маюць сьмеласьці ставіць. І ў такой сытуацыі “Русское радіо” хацела кагосьці зьдзівіць!

Для Бі-эя і краіна Беларусь дагэтуль практычна не існуе, не пачуеш пра яе амаль нічога. Вядома, «Відаплясава» варта круціць, Украіна — суседняя краіна. Аднак дзе ж тады польскія песьні? Жыхары Менску нічога ня ведаюць пра надзвычай багаты музычны рынак суседзяў-палякаў. Так, польскія станцыі таксама масава круцяць англамоўную музыку, якую слухаюць ва ўсім сьвеце. Аднак другая палова музыкі — свая, польская, а не валагодзкая, як у нас.

А зараз пра двухаблічнага Януса — «Радыё Рокс—Русское радіо». Калі аднойчы на хвалі «Роксу» натрапіў на РР, мне стала ніякавата. Стала яшчэ больш дзіўна, калі з 10-й раніцы апошняе пачало ператварацца ў «Рокс», а з 18-й — зноў у “Русское радіо”. І зноў замест нармальнай музыкі гучала расейская дрэнь. Дзіўна было, што ці не адныя і тыя ж супрацоўнікі да 18-ці гаварылі, што яны з «Роксу», а потым адразу, што яны — «рускарадыйныя». Гэта выклікала пачуцьцё нестабільнасьці, псыхічнае нераўнавагі, нібыта пажартаваў нехта. Толькі што ў цыліндры сядзеў трус, і вось ужо — толькі сэрпанцін, мішура. У мяне нават узьнікла адчуваньне, што маскоўскае радыё пачынае пажыраць «Радыё Рокс».

Вядома, што «Рокс» адкрыў сваім часам у Маскве беларус. Канкурэнцыя з тамтэйшымі радыёакуламі прымусіла станцыю стварыць філію ў Менску. А пазьней — цалкам пераехаць з Масквы. «Рокс» марудна пераадольвала сындром расейскага радыё, паступова ператвараючыся ў станцыю беларускую. Апошнім часам яно мяне асабіста ў значнай ступені задавальняла. Шкада было б, каб РР яе цалкам замяніла. Гэта ўсё адно, як памяняць даляр на рубель. «Рокс» можа ня меў стабільнага фінансавага становішча, чым тлумачыцца «шлюб» з РР. Апошняму таксама таньней было выкарыстаць тое, што ўжо існуе, чымся ствараць новую пляцоўку на пустым месцы. Аднак мне — слухачу — ніхто не патлумачыў, што за «цяні-талкай» зрабілі з радыёстанцыі, якую я слухаю кожны дзень.

Быў савецкі анэкдот пра грузіна, якога спыталі: колькі ён ведае нацыянальнасьцяў? Тры — адказаў ён: грузін, рускі і нярускі. На «Роксе» (я ўжо не кажу пра бі-эі) існуе рубрыка «Датчык». Дык вось, яе аўтар ведае толькі дзьве нацыянальнасьці: “рускіх” і “нярускіх” — заходнікаў. Ён расказвае беларускім слухачам пра даты і падзеі альбо амэрыканскія ды эўрапейскія, альбо расейска-цьмутараканскія. Пра які-небудзь Кызылкум або Сызрань, але ні ў якім разе — не пра Менск ці Горадню. Да апошняга часу ні слова пра Беларусь не было. Карацей, усе значныя цікавыя падзеі, усе славутыя асобы ня мелі ніякага дачыненьня да нашай краіны. І ўвогуле — пра яе ўзгадваць ня варта... Аказваецца, можна жыць на праспэкце Скарыны, а штодзённа адчуваць сябе ў Цьверы, маючы жаданьне зьезьдзіць у Маскву па кілбасу, схадзіць у маўзалей або паглядзець па «яшчыку» кіно пра Амэрыку.. Зрэшты, гэта добра вядомы сындром гома-саветыкуса, на які цярпела значная частка беларусаў. Праўда, нядаўна я нарэшце пачуў, што «ў гэты дзень 40 гадоў таму ў Менску ажаніўся са сп-няй Прусаковай славуты Освальд»! Вось так, дзякуючы падзеі ў амэрыканскай гісторыі я меў магчымасьць ўскосна пачуць, што жыву ў краіне Беларусь...

Ледзьве не забыўся. Музычная застаўка перад выпускам навінаў на “Русском радіо” занадта нагадвае застаўку на варшаўскім Radio Zet. Цікавае «супадзеньне»?

Сяргей Максімовіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп пахваліў пінжак і рассыпаўся ў кампліментах

Трамп пахваліў пінжак і рассыпаўся ў кампліментах

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, калі сёння адбудзецца сустрэча Трампа, Зяленскага і лідараў ЕС1

Шоўмэн, футбаліст, быў супраць беларусізацыі — расказваем пра кіраўніка Ліды, які закаханы ў Расію16

Зяленскі прыбыў у Вашынгтон і зрабіў заяву3

«Калі захоча, Зяленскі можа амаль імгненна скончыць вайну з Расіяй» — Трамп напісаў новы допіс36

Інжынерны цуд коштам $167 мільярдаў павінен зрабіць Кітай энергасамадастатковым. Вось у чым яго сутнасць3

Чаму ў Венеры няма такога спадарожніка як Месяц? Бо сутыкненне з іншай планетай пайшло не па сцэнары Зямлі1

Ва Украіне паказалі новую дальнабойную крылатую ракету «Фламінга»7

«Кааліцыя згодных» гатовая размясціць войскі ва Украіне пасля спынення агню6

Кныровіч лічыць, што «Новая Беларусь» была б здаровай, калі б прыйшлі Пазняк, Усаў, Кавалеўскі, Саннікаў, Цапкала і Радзіна26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп пахваліў пінжак і рассыпаўся ў кампліментах

Трамп пахваліў пінжак і рассыпаўся ў кампліментах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць