Vinted: у Літве вырас аднарог, якому сённяшні беларускі IT можа толькі пазайздросціць
Vinted — гэта не аўтсорсная, а паўнавартасная прадуктовая кампанія. Капіталізацыя гэтага маркетплейса па продажы сэканд-хэнда вырасла прыкладна да 5 мільярдаў еўра.

На сусветным рынку анлайн-рытэйла сёння дамінуюць амерыканскія і кітайскія гульцы. На слыху Amazon, Shein, Temu. Еўрапейскія кампаніі, развіццё якіх тармозяць празмерныя рэгуляцыі, маюць складанасці са стварэннем уласных лічбавых гігантаў. Аднак Літве ўсё ж удалося вырасціць «аднарога», які кінуў выклік амерыканскім і кітайскім платформам.
Гаворка пра заснаваны ў Вільні маркетплейс Vinted — платформу для продажу вінтажных і ўжываных рэчаў. Акрамя самога маркетплейса, кампанія выбудавала паўнавартасную экасістэму: уласную лагістыку і транспартныя сэрвісы, плацежную інфраструктуру, а таксама інвестыцыйныя актывы.
Галоўны офіс Vinted знаходзіцца ў Вільні, дадатковыя — у Германіі і Нідэрландах. У кампаніі працуе некалькі тысяч супрацоўнікаў.
Vinted — гэта не аўтсорсная кампанія, якая прадае паслугі і чалавек-гадзіны (што характэрна для значнай часткі ІТ-сектара Усходняй Еўропы). Гэта паўнавартасная прадуктовая кампанія-аднарог, капіталізацыя якой ацэньваецца прыкладна ў 5 мільярдаў еўра. Аб’ём абарачэння тавараў на платформе перавышае 10 мільярдаў еўра, а гадавы даход (revenue) складае каля мільярда.
Сярэдні брута-заробак у Vinted у 2025 годзе склаў €4657. У віленскім офісе працуюць 1594 чалавекі, яшчэ сотні — у Амстэрдаме і Берліне. За тры кварталы 2025 года Vinted пералічыў у бюджэт Літвы больш за 32 мільёны еўра падаткаў.
Ключавым рынкам для кампаніі стала Францыя — гэтаму спрыяе знаходжанне Літвы ў ЕС і доступ да адзінага еўрапейскага рынку.
У 2025 годзе Vinted стаў найбуйнейшым прадаўцом адзення ў Францыі (па аб’ёме продажаў), апярэдзіўшы не толькі Amazon і мясцовую Kiabi, але і ўсіх буйных офлайн-рытэйлераў. Платформа таксама ўваходзіць у топ-10 найбольш наведваных сайтаў краіны.

Амбіцыі кампаніі працягваюць расці. Vinted плануе актыўней выходзіць на рынак ужываных люксавых рэчаў, а таксама пашыраць асартымент за межы моды: дадаваць кнігі, цацкі, электроніку, відэагульні. Мэта — замацавацца як вядучая платформа ўжываных тавараў у Еўропе.
У 2019 годзе Vinted стаў першым літоўскім «аднарогам». Пазней у краіне з’явілася яшчэ некалькі тэхналагічных гігантаў. Асноўная экасістэма фармуецца вакол групы Tesonet — адной з наймацнейшых тэхналагічных груп у рэгіёне. Сярод яе актываў:
• Nord Security (кібербяспека, 1338 супрацоўнікаў),
• Oxylabs (збор даных і проксі-сэрвісы, 586 супрацоўнікаў),
• Hostinger (вэб-хостынг, 463 супрацоўнікі),
• Surfshark (VPN, 375 супрацоўнікаў).
Літва — краіна з насельніцтвам у тры разы меншым, чым у Беларусі, і з меншай інжынернай базай — здолела пабудаваць больш паспяховую ІТ-экасістэму. Гэта стала магчымым дзякуючы доступу да глабальных рынкаў і капіталу, больш якасным законам, празрыстаму заканадаўству і палітычнай сістэме, якой давярае бізнэс. І ўсё гэта — без спецыяльных рэжымаў кшталту беларускага ПВТ або падатковых афшораў. Асноўны акцэнт робіцца на стварэнні прадуктовых кампаній, пад якія ствараюцца акселератары, інкубатары і прыцягваецца венчурны капітал.
Высокая якасць і незалежнасць судовай сістэмы, празрыстасць падаткаў, адкрытасць для замежных спецыялістаў, стабільная фінансавая сістэма і бяспека для заснавальнікаў і інвестараў аказаліся значна важнейшымі для развіцця ІТ-сектара, чым падатковыя льготы.
На гэтым фоне беларускі ІТ-сектар, якое сутыкнуўся з палітычнымі рэпрэсіямі, санкцыямі, фінансавай ізаляцыяй, працай праз афшоры, цяжкасцямі з доступам да капіталу і немагчымасцю нармальна наймаць замежных спецыялістаў, застаецца пераважна аўтсорсным і часткова арыентаваным на расійскі рынак. Адрэзанасць ад міжнародных рынкаў, кааперацыі і інвестыцый не дазваляе яму эвалюцыянаваць у паўнавартасную прадуктовую эканоміку.
Каментары
Яны сліной сыходзяцца, калі чуюць пра поспехі і заробкі ў нашых Эпаме, Варгеймінгу, Фло і сотнях іншых.
Як можна такі нахабна-прыніжальны для беларусаў загаловак увогуле ставіць у беларускім выданні?
[Зрэдагавана]