Архіў

Грыбная Камароўка

Я нарадзілася ў вёсцы й жыла там сямнаццаць першых гадоў. Гэтулькі ж гадоў тапчу бліскучымі чаравікамі менскі брук. Як пралетар разумовай працы, нікуды ўлетку не выяжджаю, а замяняю тых шчасьлівых калегаў, што выбылі з рэдакцыяў і офісаў на адпачынак.

Таму, выкалупнуўшы тым жа бліскучым чаравікам з-пад гарадзкое бярозкі баравічка, я пусьціла шчодрую сьлязу настальгіі. Адназначна вырашыла: «у грыбы!», узяла псэўданароднага каша з-пад хлеба й падалася на кірмаш.

Кожны трэці гандляр за доўгімі кірмашовымі лавамі спрадае грыбы. На сталах і мэксыканцы ў вялізных самбрэра, і немаўляткі-баравічаняткі. І абабкі, і апенькі, і чорныя грузды, і нават сінія палявыя грыбы, якія вараць пяць гадзінаў і толькі пасьля ядуць… Грыбы прыехалі з-пад Асіповіч, Пінску, Старых Дарог, Стоўбцаў, Верхнядзьвінску… Пяцілітровае вядро каштуе 8—10 тыс., трохлітровае — 5—8, літар — да 6 тыс., кучка зь пяці грыбоў — паўтары тысячы. Хто лянуецца доўга стаяць, той яшчэ таньней прадасьць — па 2—3 тыс. за невялікае вядзерца ці вялікую кучку. За дзень гандлю зарабляюць па 40—60 тыс. рублёў. Мо й больш, але не прызнаюцца.

Іду па шэрагах, набываю патроху грыбкі.

— Бярыце, слаўныя, чыстыя грыбочкі, — кажа маладзіца з-пад Талачына. — Сёлета ў Віцебскай вобласьці іх хоць касой касі… Мужа ў мяне няма, а мы зь дзецьмі ўставалі ў 4 раніцы і ехалі на электрычцы далёка, грыбы зьбіраць. У лесе пад кожным кусьцікам рубель.

— Дзевушка, бярыця чорныя груздэ, — заклікае бабця з-пад Баранавіч. — Мы іх вымочваем два-тры дні, зьліваем ваду два-тры разы на дзень, а потым хто варыць, а хто й сырыя есьць… Я-то зубоў ня маю, дык вару, каб мякчэй было...

Грыбы зьбіраюць цэлымі сем’ямі, потым адпраўляюць ганца-спрадаўца ў Менск. Прыцэньваюся да грыбкоў старога дзеда з-пад Пухавіч. На зэдліку побач зь ім сядзіць пяцігадовы праўнучак. Відаць, што дзіця зьбіралася ў горад: яркая байкавая кашулька, прыгладжаныя віхры, цьмяныя ад сонца й пылу. Твар памыты аж па беражкі шчок, далей пачынаецца шэрая зона.

— І ты зь дзедам грыбы зьбіраў?

— Не, там іх мала, адных мухамораў многа. Я з афтаматам немцаў у лесе шукаў. Мухаморы то былі немцы.

Малая ахвяра мілітарысцкай прапаганды сьвеціць блакітнымі вочкамі на недамытым тварыку. Дзед глядзіць то на праўнука, то на мяне, запрашаючы замілавацца. Я відавочна замілавалася. І стары вагаецца: мо саступіць спагадлівай кабеціне вось гэту кучку за тысячку? Але я — фыррр! — і адлятаю, бо грыбоў накупляла досыць. Я іх ня ем, а сушу. А вязанкі вывешваю ў кухні для калярыту.

Пад рогам Камароўкі стаіць парачка алькаголікаў, абодва з рэдкімі нямытымі валасамі, але дбайна прычасаныя. Ля ног — бруднаваты пакет з шампіньёнамі. Я ведаю, што шампіньёны й пакет падабраныя недзе на Розачцы-Карлачцы ў сквэрыку. Парачка ваўкавата сочыць, ці ня зьявяцца скуль кантралёры, — іхні прадукт яўна ня мае санітарнага сэртыфікату. Без аналізу лябараторыі грыбоў на Камароўцы не спрадасі.

Іду шукаць тую лябараторыю. У кіёску з надпісам «Справка» сядзіць бабуля, якая строіць зь сябе старую даму-шыньён: ружовая шмінка, на пальцах пярсьцёнкі з фэанідам. Эўрыка! Вось куды дзяюцца афіцэрскія жонкі пасьля сьмерці мужоў і страты мужовае пэнсіі — сядзяць у даведках і шатнях. І сапраўды, Зоя Кірылаўна, гэты элеганцкі грыбок, — афіцэрская ўдава. Пытаюся, як знайсьці санітарную лябараторыю. Пачуўшы маю мову, Кірылаўна выходзіць з кіёску й пераможна кажа:

— Русский язык наиболее доходчивый, и я тебе, деточка, на нём объясню, как пройти до лаборатории.

Дзякуючы даходлівасьці расейскай мовы я сапраўды лёгка знаходжу лябараторыю. Там сядзяць дзьве цёці ў белых халатах. Пытаюся ў іх пра грыбкі — адпавядаюць санітарным нормам ці не?

— Без заведуюшчай мы ня знаем, добрыя яны ці кепскія… — адказваюць. — А заведуюшчая будзе па абедзе, падажджыце.

Мне карціць пабачыць загадчыцу, якая сядзіць, бы той прэзыдэнт з показкі пра бульбу, і бубніць: добры грыб, кепскі, добры, кепскі... Але час падціскае, і я сыходжу, кінуўшы жанчынкам: «Ну дык я напішу, што ў вас усе грыбы добрыя і што вашая загадчыца добра знаецца на грыбох!» Старэйшая жанчынка ўскідваецца й крычыць:

— Карэспандэнт! Карэспандэнт! Нічога не пішыце! Мы бракуем цэлыя кучы грыбоў! Што вы будзеце пісаць?

Я іду, сумна раздумваючы, што вось ужо й пра грыбы не напішаш толкам у гэтай паліцэйскай дзяржаве, дзе душаць СМІ й трэці сэктар…

Толькі прыйшоў да галавы трэці сэктар, аж бачу — стаіць адзін зь ягоных кіраўнічкоў, прыгожы, асаністы мужчына ў скураным плашчы да зямлі. Ён разьмерана ківае галавой, слухаючы сваю мабілу. У левай руцэ кодавы чамаданчык. Ягоную шпіянаватую элеганцкасьць псуе толькі сетачка з трыма падасінавікамі й крамянымі суравежкамі (дарэчы, чаму прыметнік «крамяны» прыўлашчылі баравікі? Я лічу, што нават сыпучыя суравежкі ў маладосьці бываюць «крамяныя», ня кажучы ўжо пра бабак). Сетачка з грыбамі прычэпленая да ручкі чамаданчыка. І гэты элегант таксама ня ўстояў! Я надзяю капюшон, каб не вітацца, і ныраю паўз элеганта ў кнайпачку, дзе наліваюць. Бяру стоцінку з сокам. Бачу: элегант заходзіць сьледам, бярэ тую ж стоцінку і плюхае ў сябе. Потым, азірнуўшыся і пабачыўшы толькі шкляны позірк прадавачкі і мой унураны капюшон, зладзеявата закусвае шапачкай суравежкі. Усё ж прабілася праз лоск грыбное вясковае маленства! Зьдзейсьніўшы гастранамічнае злачынства, элегант сыходзіць.

Я б ніколі не закусвала гарэлку грыбамі. Гарэлка бывае страшэнна карыснаю й разбуральна шкоднаю, але, умеючы, ёю можна карыстацца. Напрыклад, каб паставіць уваччу залаты фільтар, які не прапусьціць кепскіх уражаньняў і думак. А вось грыбы карысныя не бываюць. Гэта ўмоўна спажыўная ежа, якая большаю часткаю асядае ў пячонках-селязёнках ды нырках. Радыяцыя, цяжкія мэталы… Фу! Грыбамі трэба любавацца, а ня есьці іх.

Гэта такія хохлікі, «аднаногі лясны народзец», дзеці ўсімі каханай залатой восені.

Ева Вежнавец

Каментары

Цяпер чытаюць

«Арабскі шэйх засунуў даляры ў кішэню». Блогер Vadimati Ермашук цяпер працуе ахоўнікам люксавых буцікоў

«Арабскі шэйх засунуў даляры ў кішэню». Блогер Vadimati Ермашук цяпер працуе ахоўнікам люксавых буцікоў

Усе навіны →
Усе навіны

На Netflix выйшаў другі сезон польскага серыяла пра шляхту «1670». Гэтая сатыра вам спадабаецца7

Келаг прагназуе Украіне балтыйскі сцэнарый12

Латвія збіраецца цалкам абсекчы аўтобуснае злучэнне з Беларуссю19

Магілёўскую ратушу зрабілі чырвона-зялёнай 11

Два расійскія знішчальнікі правакацыйна праляцелі над польскай нафтавай платформай5

У Брэсце абураюцца, што цэнтр горада ў гадзіны пік быў паралізаваны хрэсным ходам6

Пад Масквой знайшлі мёртвым гендырэктара кампаніі са структуры «Расатама»3

Аранжавы рэйд, або Як украінцы ездзілі ў Мінск беларусаў абуджаць19

У гамельчука жыў кракадзіл, а цяпер ён мае расліну, якой больш няма ў дзікай прыродзе5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Арабскі шэйх засунуў даляры ў кішэню». Блогер Vadimati Ермашук цяпер працуе ахоўнікам люксавых буцікоў

«Арабскі шэйх засунуў даляры ў кішэню». Блогер Vadimati Ермашук цяпер працуе ахоўнікам люксавых буцікоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць