Езыды жывуць у Армэніі. Гэты народ займаецца высакагорнай жывёлагадоўляй.
Ёсьць два супрацьлеглыя погляды на іх паходжаньне: першы сьцьвярджае, што курды зьўляюцца продкамі езыдаў, другая тэорыя кажа абсалютна адваротнае — курды пайшлі ад езыдаў. Адзіная праўда ва ўсім гэтым тое, што галоўнае адрозьненьне адных ад другіх — гэта сынкрэтычная рэлігія езыдаў, якую яны захоўваюць цягам трох тысячагодзьдзяў.
Першыя згадкі аб храме езыдаў адносяцца да часоў Бабілёну, а на цяперашні момант адзіны храм езыдаў знаходзіцца ў ірацкім Масуле. Езыды — паганцы, яны пакланяюцца Сонцу, але адзіны бог, творца сусьвету, стварыў яго, гледзячы на паўліна. Паўлін зьяўляецца сьвятарнай птушкай езыдаў.
Езыды ня маюць сваёй Сьвятой кнігі, і ўсе рэлігійныя веды перадаюцца ў вуснай форме ў межах касты сьвятароў ад бацькі да сына. У іх тры асноўныя касты: шэйхі, піры — дзьве вышэйшыя касты, мрыды — ніжэйшая каста. Шлюбы дазваляюцца ў межах адной касты, і часам нявеста нават ня ведае, як выглядае яе будучы муж. Грамадзтва жорстка рэглямэнтавана правіламі табу, якія перадаюцца ад пакаленьня да пакаленьня. Напрыклад, нявеста ня можа размаўляць з старэйшым мужчынам зь сям’і жаніха альбо есьці пры ім, пакуль ён гэтага не дазволіць.
На вясельлі жаніх кідае яблык у галаву нявесьце. Чым на большую колькасьць кавалкаў разьляціцца яблык, тым лепей. Сьвяткаваньне Новага году ўключае ў сябе адведкі памерлых на могілках, дзе сталы стаяць побач з магіламі, прычым сталы жорстка падзелены: адны для мужчын, другія для жанчын і дзяцей. Падчас ахвярапрынашэньня пір (сьвятар) перад забіцьцём жывёліны засыпае ёй у нос соль, а потым чалавек з касты шэйхаў адразае галаву — іначай гэта будзе забойствам.
Самы драматычны момант у цыклі міграцыі езыдаў пачынаецца ў той месяц, калі яны з жывёлай пачынаюць падымацца на гару Ара, дзе напярэдадні ставяцца намёты, у якіх пастухі і іх сем’і пражывуць 5—6 месяцаў.
Фатаздымкі да рэпартажу глядзіце ў папяровай і pdf-вэрсіі “Нашай Нівы”
Каментары